Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ордэн Вялікага Крыжа: знак гонару для славутых асоб на працягу гісторыі
Беларусь
19.10.2009 17:06

25 кастрычніка 2009 г. у мінскай архікатэдры адбудзецца цырымонія ўручэння ордэна Вялікага Крыжа і адпаведнага дыплома Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Гісторыя Мальтыйскага Ордэна бярэ пачатак у сярэднявеччы. Стаць кавалерам Ордэна здаўна лічылі за гонар самыя славутыя людзі розных часоў, у тым ліку знакамітыя валадары.

Гісторыя славутага Ордэна (іншая назва — Суверэнны Ваенны Ордэн гаспітальераў Святога Іаана Іерусалімскага) пачалася ў 1050 г. у Святой Зямлі. Члены брацтва складалі манаскія шлюбы, а ў 1120 г. брацтва набыло статус ваенна-манаскага ордэна. Яго кіраўнік меў тытул Магістра. З гэтага часу члены Ордэна бяруць у рукі зброю, кіруючыся мэтай абароны Святой Зямлі ад варожых нападаў і барацьбы супраць мусульманаў і язычнікаў. Ордэн валодаў замкамі ў Святой Зямлі і флотам.

Выпраўляючыся ў ваенныя падарожжы, гаспітальеры апраналіся ў чырвонае адзенне, упрыгожанае вялікім васьміканцовым крыжом. Ордэн Вялікага Крыжа і стаў з цягам часу сімвалам гаспітальераў. Усе члены Мальтыйскага Ордэна падзяляліся на тры катэгорыі: рыцары, капеланы і браты (сяржанты).

Мальтыйскі ордэн зарэкамендаваў сябе таксама ў справах дабрачыннасці. У ХІІ ст. галоўная лякарня Ордэна мела ў сваім распараджэнні больш за дзве тысячы ложкаў для хворых, якія атрымлівалі, дзякуючы дзейнасці гаспітальераў, вялікую дапамогу.

Пасля нейкага часу знаходжання на в. Кіпр гаспітальеры з’явіліся на в. Родас (Грэцыя), дзе стварылі сваю дзяржаву. У 1530 г. імператар Карл V перадаў Ордэну в. Мальту, на якім дзяржава размяшчалася да 1798 г. Тут былі створаны цудоўныя пабудовы, якімі людзі захапляюцца і сёння, заснаваны універсітэт, а таксама праводзіўся актыўны гандаль. Цікава, што менавіта рыцары Ордэна прынеслі на Мальту яркія святкаванні, якія да гэтага часу ўпрыгожваюць нацыянальны каларыт вострава.

У гісторыі Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла і Беларусь, гонар атрымаць ордэн Вялікага Крыжа выпадаў нашым славутым землякам — дзяржаўнаму дзеячу, мецэнату, ініцыятару аднаўлення Нясвіжа Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротку і яго сыну Жыгімонту Каралю, што жылі ў XVI–XVII стст. У Беларусі рыцары Ордэна дзейнічалі да 1817 г., да таго часу, як землі Рэчы Паспалітай канчаткова ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Адзіны на ўсёй тэрыторыі Беларусі храм, што калісьці належаў магутнаму Мальтыйскаму Ордэну, знаходзіцца ў Сталовічах (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Сёння былая святыня Ордэна, пабудаваная ў XVIII ст., носіць назву царквы святога Аляксандра Неўскага.

Мальтыйскі Ордэн і ў наш час вядзе шырокую дзейнасць. Рэзідэнцыя Ордэна размяшчаецца ў Рыме. Ордэн падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 81 краінай свету. У 1996 г. паміж Беларуссю і Суверэнным Ваенным Мальтыйскім Ордэнам былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны. А 28 красавіка 2009 г., пасля аўдыенцыі ў Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у Рыме адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Вялікім Магістрам Ордэна Фра Мэцью Фэсцінгам. У выніку афіцыйных перамоваў былі падпісаны пагадненні паміж абодвума бакамі. Варта адзначыць, што Ордэн актыўна ўдзельнічае ў праграмах па аказанні дапамогі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай трагедыі, прапануючы медыцынскую дапамогу дзецям.

 
Рыцары Мальтыйскага Ордэна
 
 
Герб Мальтыйскага Ордэна
 
 
Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Магістрам Мальтыйскага Ордэна


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.