Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Беларусі плануецца стварыць Мальтыйскую службу дапамогі
Дабрачыннасць
04.06.2012 11:28

Такая думка была агучана падчас працоўнага візіту Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча і дырэктара «Нацыянальнага Карытас» у Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB у паўночную Германію. Візіт распачаўся 28 мая па запрашэнні федэральнага ўпаўнаважанага Мальтыйскай службы дапамогі Алойза Шмігельта.

Прадстаўнікі дадзенай службы бывалі ўжо з візітам у Беларусі. Цяпер беларуская дэлегацыя мела магчымасць бліжэй пазнаёміцца з працай Мальтыйскай службы дапамогі, яе структурай і гісторыяй, сустрэцца з прадстаўнікамі яе вышэйшага кіраўніцтва, а таксама паразмаўляць з супрацоўнікамі і валанцёрамі.

Першым пунктам візіту стаў удзел у канцэрце, які адбыўся ў парафіяльным касцёле св. Юзафа ў Ольдэнбургу. Гэты дабрачынны канцэрт адбываецца штогод, а арганізуе яго аддзел Мальтыйскай службы дапамогі для падтрымкі праектаў у Беларусі. Пасля канцэрта была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі розных мальтыйскіх груп з рэгіёна, на якой Мітрапаліт меў магчымасць падзякаваць за 20 гадоў плённага супрацоўніцтва ў дапамозе бліжнім і выказаў надзею, каб гэта супрацоўніцтва станавілася яшчэ больш інтэнсіўным і плённым.

Пасля беларуская дэлегацыя сустрэлася з дапаможным біскупам Мюнстэрскай дыяцэзіі ў Фэхце Хайнрыхам Цімэрэверсам. Менавіта з гэтага рэгіёна ў асноўным арганізуецца гуманітарная дапамога ў Беларусь. Дзякуючы добраму супрацоўніцтву паміж Мальтыйскай службай дапамогі і біскупу Цімэрэверсу існуе магчымасць рэалізацыі шматлікіх праектаў у Беларусі, асабліва што датычыць дапамогі дзецям з сацыяльна неабароненых сем’яў.

31 мая Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і кс. Віктар Гайдукевіч сустрэліся з вышэйшым кіраўніцтвам Мальтыйскай службы дапамогі ў Кёльне. Падчас сустрэчы абмяркоўвалася існуючае супрацоўніцтва, а таксама новыя яго формы. Была таксама закранута тэматыка заснавання Мальтыйскай службы дапамогі ў Беларусі, як новы этап у супрацоўніцтве. Гэтая думка падтрымліваецца як вышэйшым кіраўніцтвам мальтыйцаў, так і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі. У будучыні распачнецца неабходны збор інфармацыі і аналіз сітуацыі ў Беларусі для прыняцця канкрэтных крокаў.

За час візіту Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч меў таксама магчымасць наведаць арганізацыю «Kirche in Not» у Кёнігстайне і  сустрэцца з кіраўніком аддзела па рэалізацыі праектаў у Беларусі. Мітрапаліт падзякаваў за дапамогу Каталіцкаму Касцёлу і прадставіў новыя ідэі і прапановы для далейшага супрацоўніцтва.

У суботу 2 чэрвеня Мітрапаліт, па запрашэнню біскупа Цімэрэверса, прыняў удзел у сакрамэнце канфірмацыі, а ў нядзелю 3 чэрвеня — у сімвалічнай пілігрымцы з католікамі з рэгіёна Ольдэнбурга з нагоды дня веры і звярнуўся да ўдзельнікаў  з кароткай гаміліяй. Мітрапаліт падзякаваў усім за дапамогу Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і пажадаў усім католікам Германіі, а асабліва ўдзельнікам пілігрымкі, як казаў благаслаўлёны папа Ян Павел ІІ, не баяцца быць святымі ў сённяшнія часы.

У панядзелак Мітрапаліт выехаў у Кёльн, каб там сустрэцца з кардыналам Майснэрам і пазнаёміцца з мальтыйскім духоўным цэнтрам у Ерэсхофэне.

Кс. Віктар Гайдукевіч SDB

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дабрачыннасць

17.10 18:02«Прыдумай налепку для свечкі»: «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праводзіць конкурс на лепшы дызайн
07.10 16:45Валанцёры «Чыстага сэрца» прынялі ўдзел у запісе перадачы «Для тых, хто дома» на «Беларускім радыё»
01.10 15:11У Івянцы асвяцілі будынак парафіяльнага цэнтра «Карытас»
30.08 11:56«Карытас» правёў у Бабруйску акцыю «Дапаможам дзецям сабрацца ў школу»
24.08 15:55Дабрачыннае таварыства «Карытас» арганізавала для дзяцей адпачынак у Бельгіі
25.07 13:39Аршанскі мясакансервавы камбінат ахвяраваў дзіцячае харчаванне «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
06.04 09:48Дзень «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Астраўцы
06.04 09:15«Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі завяршыў першы этап дабрачыннай акцыі «Святло Міласэрнасці»
28.03 15:27Дабрачынную акцыю арганізавала на Вялікдзень «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі
05.03 17:19Валанцёры «Caritas» і «Віцебскія дзяўчаты» наведалі Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў