Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэліквіі благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушкі прывезены ў касцёл у Камаях (дададзена фота)
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
15.10.2012 15:47

14 кастрычніка парафія Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях перажывала вялікае свята — ўрачыстае ўнясенне ў касцёл рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, пакутніка за веру і Айчыну, узнесенага да хвалы алтара 6 чэрвеня 2010 года. З нагоды гэтай падзеі камайскую парафію наведаў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, які ўзначаліў ўрачыстую Імшу.

Гонар унесці ў касцёл рэліквіі благаслаўленага ксяндза Папялушкі выпаў сёстрам з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці на чале з сястрой настаяцельніцай Канстанцыяй Юралайць, якія нясуць служэнне ў пастаўскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Антонія Падуанскага.

Першыя словы прывітання пробашча парафіі ксяндза Яцэка Хутмана на святой Імшы былі скіраваны менавіта да благаслаўлёнага: «Вітаю благаслаўлёнага ксяндза Ежы, які зараз ёсць сярод нас знакам рэліквіі на алтары, таму што ён быў святаром». Вітаючы пастыра дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна, пробашч заверыў у малітве парафіі за іерарха праз заступніцтва кс. Ежы Папялушкі.     

У прывітанні да парафіянаў біскуп Блін асобна звярнуўся да дзяцей, падкрэсліўшы, што найважнейшым з’яўляецца тое, што бацькі перадалі ім веру. Падзяка прагучала і ў адрас старэйшых парафіянаў, якія гэтую веру здолелі захаваць. «Пачаўся Год веры, і мы дзякуем Пану Богу за атрыманую ласку веры», — дадаў іерарх.

Пытанням веры была прысвечана і гамілія біскупа. «Якая наша вера? Наколькі мы паверылі Езусу?» — над такімі пытаннямі заклікаў віцебскі ардынарый задумацца прысутных. Як адзначыў біскуп, вера — гэта «Божая ласка, Божы дар», і вернікі «прынялі гэтае Божае благаслаўленне». Далей іерарх прыгадаў евангельскую прыпавесць пра чалавека, які засмуціўся, што трэба пазбавіцца сваёй маёмасці і толькі тады ісці за Хрыстом. «Сёння я хачу звярнуць вашую ўвагу на людзей, якія пайшлі за Езусам, — працягваў біскуп. — Ваш пробашч не толькі пайшоў за Хрыстом, але і прыехаў у Камаі, каб паказаць вам дарогу да Бога. Сёстры таксама ўсё пакінулі і пайшлі служыць Езусу. Сястра Эзэхіэля Чурна прыехала ў Беларусь, пакінуўшы родную Славакію». На пытанне ж біскупа аб тым, чаму яна пайшла ў кляштар, сястра Эзэхіэля адказала: «Таму што пакахала Пана Езуса». Сястра Канстанцыя Юралайць падзялілася: «Мне казалі: навошта гэта табе, бо можна выйсці замуж, стварыць сям’ю. Але самым годным любові ёсць Езус. Я ў кляштары 18 гадоў і ні адной хвіліны не пашкадавала аб сваім рашэнні, толькі кожны дзень дзякую Пану Богу за тое, што паклікаў мяне».

«Добра, што ёсць пакліканыя людзі, якія вядуць нас да Бога. Але і добра, што мы маем сем’і. Нас у Беларусі кожны год усё менш. Не бойцеся сям’і, не бойцеся дзяцей. Гэта Божае благаслаўленне», — дадаў біскуп Блін.

Напрыканцы гаміліі іерарх звярнуўся да постаці благаслаўлёнага ксяндза Папялушкі: «Хрыстус аддаў жыццё за нас. І хрысціяне гатовыя аддаць жыццё за іншага чалавека. Благаслаўлёны кс. Ежы Папялушка аддаў сваё жыццё за веру, за праўду, за справядлівасць. Кожны з нас павінен быць такім святым».

Падчас Імшы хор камайскай парафіі спяваў рэлігійныя спевы, складзеныя ў гонар благаслаўлёнага.

У такі важны для парафіі дзень падчас святой Імшы біскуп Блін удзяліў сакрамэнт хросту Аляксандру-Ежы. Другое імя хлопчыку было дадзена ў гонар благаслаўлёнага, чые рэліквіі ад гэтага дня захоўваюцца ў камайскім касцёле. Напрыканцы Імшы пробашч парафіі падарыў біскупу партрэт з выявай благаслаўлёнага, а іерарх у сваю чаргу перадаў яго бацькам маленькага Аляксандра-Ежы. Можна спадзявацца, што маючы такога апекуна, хлопчык будзе мець не толькі моцную веру, але і адвагу абараняць яе.

Паэт Аркадзь Нафрановіч, які жыве ў Камаях, прачытаў уласны верш, прысвечаны памяці благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі.

Напрыканцы Імшы біскуп Блін асвяціў харугву з выявай благаслаўлёнага, а таксама стацыі Крыжовага шляху ў касцёле.

Раніца 14 кастрычніка была даволі пахмурнай, але пасля святой Імшы выглянула сонца, што многімі было зразумета як пэўны знак.  

Мець у сваёй парафіі рэліквіі благаслаўленага, што аддаў сваё жыцце за веру, — гэта вялікая ласка для любой парафіі, але на нашае пытанне, чым так блізкі для яго благаслаўлены ксёндз Ежы Папялушка, пробашч кс. Яцэк Хутман расказаў наступную гісторыю: «У 1970 годзе тры семінарысты па заканчэнні навучальнага года ў Варшаўскай вышэйшай духоўнай семінарыі вырашылі на роварах адправіцца на поўдзень Польшчы. Пасля некалькіх дзён жыцця на прыродзе яны завіталі да пробашча бліжэйшай парафіі, якім быў ксёндз Антоні Мізёл. Ён не толькі гасцінна прыняў семінарыстаў, але і запрасіў іх наведаць яго на наступны год. Аднак на наступны год ксёндз Антоні Мізёл служыў ужо ў парафіі святога Марціна, біскупа, у вёсцы Копкі. Тады гэта была Пшэмысльская дыяцэзія (зараз Сандамерская). Былыя семінарысты, на той час ужо дыяканы, паехалі ў госці туды. І адзін з гэтых дыяканаў патануў у рацэ Сана. Праз год ужо новапрэзбітэры былі запрошаны ў гэтую парафію на фэст Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Але паколькі іх засталося двое, яны звярнуліся да сваіх калег, просячы кагосьці з іх паехаць замест патануўшага дыякана Здзіслава. І гэтым трэцім святаром аказаўся бл. ксёндз Ежы Папялушка. Фэст у парафіі адбываўся напрыканцы чэрвеня. Падчас урачыстага абеду, на які была запрошаная ўся служба парафіі, высветлілася, што арганіст прыйшоў адзін, паколькі 29 мая (а было гэта ў 1972 годзе) яго жонка нарадзіла хлопчыка і, маючы немаўля на руках, не магла прыйсці на свята. І менавіта бл. ксёндз Папялушка, адзін з трох новапрэзбітэраў, сказаў, што трэба пайсці да іх хаты, каб благаславіць і занесці абразкі. Прыйшоўшы да дома арганіста, ён ўзяў на рукі маленькага хлопчыка і благаславіў. Звалі гэтага хлопчыка Яцэк Хутман. Больш чым праз 20 гадоў новапрэзбітэр Яцэк Хутман цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў сваёй парафіі».

Ксёндз Яцэк узгадвае, што яшчэ да абвяшчэння ксяндза Папялушкі благаслаўлёным у яго роднай парафіі быў пастаўлены помнік спачыламу святару.  

Таксама святар паведаміў, што прывезці рэліквіі бл. кс. Папялушкі яго натхніў менавіта кардынал Станіслаў Дзівіш, шматгадовы сакратар бл. папы Яна Паўла II, які сказаў, што, вярнуўшыся з Ватыкана ў Польшчу, адчувае сябе адказным за прапаганду жыцця Папы і яго святасці, што магло б дапамагчы людзям слабой веры. «Паколькі маё жыццё пэўным чынам звязана з благаслаўлёным святаром, у Беларусі я адчуваю сябе адказным за прапаганду яго асобы, яго справы, яго жыцця, — кажа ксёндз Яцэк. — Я думаю, што бл. ксёндз Папялушка хацеў быць тут. А Бог заўсёды ў сваёй справе выкарыстоўвае людзей».

У Варшаву за рэліквіямі благаслаўлёнага святара ксёндз Хутман паехаў разам з трыма юнакамі і дзяўчатамі з камайскай парафіі. «Я вырашыў, што будзе лепш, калі па рэліквіі прыедуць людзі з гэтай зямлі. Я разумею, што буду тут пэўны час, а потым выеду. А гэтыя маладыя людзі ўбачылі на свае вочы касцёл святога Станіслава Косткі, дзе нёс пастырскую паслугу благаслаўлёны, маліліся на яго магіле, былі ў музеі благаслаўлёнага, бачылі яго рэчы, дакрануліся да ўсяго гэтага. Таксама яны былі на Імшы, якую я канцэлебраваў пры тым самым алтары, ля якога цэлебраваў Імшу благаслаўлёны ксёндз Папялушка», — кажа ксёндз Яцэк.

Ксёндз Ежы Папялушка нарадзіўся 14 верасня 1947 г., ва ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа, на Беласточчыне ў Польшчы. Пры хросце атрымаў імя Альфонс. З дзяцінства выховаўся ў вельмі рэлігійнай сям’і. У 1965 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю у Варшаве, аднак неўзабаве быў прызваны ў войска. Такім чынам улады каралі Касцёл. У войску Папялушку прыйшлося выцерпець за веру нямала здзекаў з боку кіраўніцтва. Напрыклад, аднойчы ён адмовіўся зняць з пальца ружанец, за што яму загадалі стаць босым на холадзе. І толькі калі яго ногі пасінелі ад холаду, яму дазволілі абуцца. Пакаранні і здзекі ў войску падарвалі і без таго не вельмі моцнае здароўе семінарыста. У 1972 годзе будучы благаслаўлёны прымае святарскае пасвячэнне з рук кардынала Стэфана Вышыньскага, Прымаса Польшчы. Дарэчы, перад пасвячэннем ён змяніў імя Альфонс на Ежы. На пачатку нясення душпастырскай паслугі малады святар працаваў на некалькіх парафіях. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, займаўся душпастырствам медсясцёр, праводзіў сустрэчы для студэнтаў медыцыны ў касцёле св. Ганны і рэкалекцыі для сярэдняга медперсаналу, цэлебраваў Імшы для псіхічна хворых у шпіталі пры Нававейскай у Варшаве. Напрыканцы мая 1980 года ксёндз Папялушка прыбыў у якасці рэзідэнта ў варшаўскую парафію Святога Станіслава Косткі на Жалібаж.

Летам 1980 года ў Польшчы пачаліся выступленні рабочых, падчас якіх яны пажадалі ў нядзелю ўдзельнічаць у святой Імшы.  31 жніўня кс. Папялушка адправіў Імшу для рабочых «Гута Варшава». Дарэчы, з гэтымі работнікамі ён быў цесна звязаны да самай сваёй смерці.

У апошнюю нядзелю кастрычніка 1980 года пробашч парафіі Св. Станіслава Косткі ксёндз прэлат Тэафіль Багуцкі адправіў першую святую Імшу за Айчыну. Аднак пазней ён перадаў цэлебрацыю гэтых службаў бл. ксяндзу Папялушку. Першую Імшу за Айчыну ён узначаліў 17 студзеня 1982 года.  Гэта быў час ваеннага становішча ў Польшчы, уведзенага 13 снежня 1981 года. На Імшу за Айчыну прыбывала вялікая колькасць людзей з усёй Польшчы. Ксёндз Папялушка казаў у гаміліях аб праўдзе, справядлівасці, любові да Бога і бліжняга. Польскія ўлады абвінавачвалі яго ў палітычнай дзейнасці, але ім, якія забыліся пра Бога і Ягоныя запаведзі, палітыкай здавалася ўсё тое, што не змяшчалася ў рамках камуністычнай ідэалогіі. Змест казанняў благаслаўленага быў чыста рэлігійны. «Праўда заўсёды звязана з любоўю, а любоў каштуе», «святасць не з’яўляецца прывілеем выбраных, а з’яўляецца нашым пакліканнем і абавязкам», «жыццё трэба пражыць годна, бо яно адно», «вера прыносіць найпраўдзівейшую вольнасць», — казаў святар у гаміліях. І сам благаслаўлены прыводзіў людзей да Бога. «Я ніколі не прывязваў людзей да сябе, толькі да Бога і Касцёла», — пісаў ён. А дэвізам яго дзейнасці былі словы з Паслання св. Апостала Паўла да Рымлянаў (12, 21): «Зло перамагай дабром».

19 кастрычніка 1984 года на зваротнай дарозе з Быдгашча, дзе ён цэлебраваў Імшу, благаслаўлёны быў скрадзены і забіты прадстаўнікамі Службы бяспекі. Аднак уся Польшча не ведала, што сталася з душпастырам. Толькі вечарам 30 кастрычніка было абвешчана, што ў Вісле знойдзена цела святара. Увесь гэты час людзі нястомна маліліся аб вяртанні святара. У тую ноч, з 30 на 31 кастрычніка, адбыўся першы пасмяротны цуд ксяндза Ежы. У касцёл св. Станіслава Косткі прыбывалі натоўпы людзей, святары няспынна цэлебравалі Імшы і спавядалі. Вялікая колькасць людзей навярталася і прыступала да споведзі пасля многіх гадоў. Падобнае адбывалася і ў ноч на 3 лістапада, калі адбылося пахаванне благаслаўлёнага.

Ксёндз Ежы Папялушка быў пахаваны каля касцёла св. Станіслава Косткі ў Варшаве. Штогод сюды прыязджае вялікая колькасць людзей, каб памаліцца пры яго магіле. Цяпер беларусы таксама маюць цудоўную магчымасць маліцца пры рэліквіях благаслаўлёнага святара ў камайскім касцёле, хоць з іншага боку малітва не мае межаў і маліцца праз заступніцтва благаслаўлёнага можна ўсюды і заўсёды. А для нас, католікаў Беларусі, навучанне благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, пакутніка за веру і Айчыну, з’яўляецца больш чым актуальным.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў