Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Cтарыя габрэйскія могілкі ў Камаях добраўпарадкавалі жыхары мястэчка і мясцовыя католікі
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.09.2012 11:01

Усё вяртаецца на свае месцы (пар. Экл 1, 6)... Гэтым разам дадзеныя словы са Святога Пісання знайшлі сваё пацвярджэнне ў мястэчку Камаі на Пастаўшчыне. Тут у мінулую нядзелю, 9 верасня 2012 г., адбыліся ўрачыстасці з нагоды адкрыцця старых габрэйскіх могілак, якія разам з пробашчам кс. Яцэкам Хутманам добраўпарадкавалі местачкоўцы і парафіяне мясцовай каталіцкай парафіі св. Яна Хрысціцеля.

Яшчэ ў 1997 годзе ўраджэнец Камаяў доктар Юрый Гарбінскі неаднаразова звяртаўся да мясцовых і раённых уладаў з просьбамі дапамагчы добраўпарадкаваць габрэйскія могілкі. Аднак справа зрушылася толькі пасля таго, калі ў яе ўключыўся новапрызначаны 10 гадоў таму ў камайскую парафію кс. Яцэк Хутман. Дзейсную падтрымку пры аднаўленні габрэйскіх могілак аказала кіраўніцтва мясцовага саўгаса і Пастаўскае ДРСУ.

У цырымоніі адкрыцця адноўленых могілак прынялі ўдзел прадстаўнікі габрэйскіх рэлігійных інстытуцый, грамадска-культурных аб’яднанняў і арганізацый Беларусі: вядомы беларускі навуковец-ідышыст Аляксандр Астравух (аўтар фундаментальнага ідыш-беларускага слоўніка), яго жонка — ідышыст і філосаф Юлія Міцура; палітолаг і перакладчык, рэдактар-выдавец вядомага ў Мінску колішняга габрэйскага перыёдыка «Анахну Кан» («Мы яшчэ тут!») Вольф Рубінчык; філолаг і культуролаг Святлана Рубінчык; арганізатар экскурсій па габрэйскіх мясцінах Беларусі Святлана Бергер.

З мясцовай інтэлігенцыі ўдзел у святкаванні прынялі паэт і краязнавец Ігар Пракаповіч з Паставаў і настаўніца пастаўскай школы № 4 Тамара Храпавіцкая, якая даследуе гісторыю габрэяў Пастаўшчыны.

Святкаванне пачалося нядзельнай Імшой, падчас якой прагучала малітва за памерлых і словы падзякі пробашча ўсім, хто на працягу некалькіх гадоў прымаў удзел у аднаўленні старых габрэйскіх могілак.

Да сабраных на нядзельную Імшу вернікаў з прывітальным словам звярнуўся адзін з найбольш вядомых у Беларусі габрэйскіх кантараў Анатоль Наліваеў.

Горача віталі ў камайскім касцёле беларускага барда Аляксея Жбанава, які выканаў некалькі песень на ідышы.

Пасля літургіі ўрачыстасці працягнуліся на адноўленых габрэйскіх могілках. Іх распачалі пранікнёныя словы і малітва рабіна Боруха Астроўскага, пасля якой загучаў рытуальны шофар...

А потым над могілкамі паплыў шчымлівы голас габрэйскага кантара...

Напрыканцы ўрачыстасцяў ад імя Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, а таксама ад прадстаўніцтва арганізацыі «Джоінт» у Беларусі выступіў старшыня рэспубліканскага фонду «Халакост», дырэктар музея «Гісторыі і культуры габрэяў Беларусі» Вадзім Акапян, які сардэчна прывітаў усіх тых, хто прымаў удзел у аднаўленні габрэйскіх могілак, выказаў ім падзяку і перадаў памятныя падарункі.

Вось так жыхары мястэчка Камаі і вернікі мясцовай каталіцкай парафіі на справе паказалі, што беларусы ў сваіх адносінах да іншых народаў усё ж такі далей ад славутай «талерантнасці», а бліжэй да чалавекалюбства. І дзякаваць Богу!

Андрэй Каміч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў