Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Грахалеўскі ўзначаліў Імшу ў гродзенскай катэдры
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.12.2010 16:05
У межах свайго візіту ў Гродна кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, увечары 6 снежня 2010 г. цэлебраваў святую Імшу ў 305-ю гадавіну кансэкрацыі катэдральнага касцёла св. Францішка Ксавэрыя. Канцэлебравалі літургію біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары дыяцэзіі.

Як паведамляе сайт Гродзенскай дыяцэзіі, ватыканскі іерарх звярнуўся да прысутных з гаміліяй, у якой узгадаў асноўныя вехі з гісторыі гродзенскай святыні. «У 1991 г. гэты касцёл быў абвешчаны катэдральнай базылікай і адначасова катэдрай новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі. Ён з’яўляецца адлюстраваннем Касцёла, чым ёсць вернікі, — падкрэсліў кардынал Грахалеўскі. — Святы Павел назваў вернікаў жывымі камянямі, з якіх пабудавана Божая святыня. Гэта святыня, збудаваная з каменняў, павінна дапамагчы нам будаваць. Бог хоча жыць у нашых сэрцах. Духоўны Касцёл павінен быць вялікім і прыгожым. Ён павінен быць аздоблены цнотамі — любоўю да Бога і бліжняга. Гэтая святыня з’яўляецца вобразам духоўнага Касцёла вашых сэрц, вашай парафіі і як катэдра — усёй вашай дыяцэзіі».

Іерарх указаў таксама на сімвалічнае значэнне касцёла: «гэта святыня з’яўляецца вобразам святога горада — Нябеснага Ерузалему, да якога мы ўсе пілігрымуем». Кардынал нагадаў і пра асобу нябеснага заступніка парафіі — св. Францішка Ксавэрыя, які «з’яўляецца для нас прыкладам дбайнасці». Напрыканцы літургіі словы падзякі кардыналу Грахалеўскаму выказалі дзеці і моладзь парафіі.

Раніцай 7 снежня гг. ватыканскі іерарх наведаў рэдакцыю газеты «Слова жыцця», а таксама дыяцэзіяльныя інтэрнэт-партал і выдавецтва.

Фотаздымкі са святой Імшы 6 снежня 2010 г. у гродзенскай катэдры глядзіце тут >>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.