Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Распачаўся візіт кардынала Грахалеўскага ў Гродна
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.12.2010 17:02
Сёння, 6 снежня 2010 г., распачаўся трохдзённы візіт у Гродна кардынала Зянона Грахалеўскага, прэфекта Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. Раніцай у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі іерарх узначаліў святую Імшу для сясцёр законных, якія перажывалі сёння Дзень духоўных сустрэч.

Як паведамляе сайт Гродзенскай дыяцэзіі, у гаміліі кардынал Грахалеўскі зрабіў акцэнт на трох акалічнасцях. Напачатку кардынал нагадаў, што працягваецца Адвэнт — час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. «Хрыстус стукае ў нашы сэрцы. Ён чакае малітвы», — адзначыў іерарх.

Другая акалічнасць — гэта ўспамін св. Мікалая. Кажучы пра яго, кардынал адзначыў, што «мерай святасці з’яўляецца якасць малітвы». Трэцяя акалічнасць — гэта 305-годдзе кансэкрацыі гродзенскай базылікі.

Кардынал звярнуў увагу прысутных на тое, што «сёння свет патрабуе малітвы»: людзі мітусяцца, сучасны свет атакуе іх. Тым больш, як дадаў, патрэбна малітва кансэкраваных асоб.

«Найважнейшая малітва — гэта Эўхарыстыя. Нічога не адбываецца без Эўхарыстыі. Ніводнае дзяржаўнае ці рэлігійнае свята не абыходзіцца без св. Імшы. Іншыя сакрамэнты ўдзяляюцца звычайна падчас Эўхарыстыі. Толькі гэты сакрамэнт мае сваё ўласнае свята — Божае Цела. Чаму Эўхарыстыя настолькі важная? — запытаўся кардынал Грахалеўскі. — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць, што сэрцам кожнага сходу вернікаў з’яўляецца Эўхарыстыя. Яна — крыніца і вяршыня ўсяго культу. Іншыя сакрамэнты вядуць да яе. У Эўхарыстыі прысутнічае Хрыстус. Калі мы перажываем Эўхарыстыю, мы пераносімся на два тысячагоддзі назад. Падчас Эўхарыстыі мы нібы кленчым перад Хрыстовым Крыжам. Святая Імша — гэта ежа нашага духоўнага жыцця. Езус сказаў: „Маё Цела — гэта сапраўдная ежа“. Эўхарыстыя — гэта месца, куды імкнуцца тыя, хто згаладаўся і прагне Езуса Хрыста. Другі бок гэтай вялізнай ролі Эўхарыстыі вельмі важны. Пра яго мы рэдка узгадваем. Наша штодзённае жыццё павінна быць падрыхтоўкай да Эўхарыстыі. Езус хоча, каб кожны з нас узяў крыж. „Хто не бярэ крыжа, той не можа быць маім вучнем“».

На заканчэнне св. Імшы сёстры прынеслі ў дар шаноўнаму госцю кветкі і падарунак, а таксама запэўнілі ў далейшай малітоўнай падтрымцы.

Нагадаем, што ў 19.00 кардынал Грахалеўскі ўзначаліць св. Імшу з нагоды 305-годдзя кансэкрацыі гродзенскай катэдры.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.