Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Пакліканыя, каб свет убачыў жывога Хрыста»: у Мінску адбылася сустрэча законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.12.2014 15:24

«Радуйся, бо ты выбрана Богам» — пад такой назвай 11 снежня адбылася сустрэча законных сясцёр Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі ў Душпастырскім цэнтры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў Мінску.

Сустрэча распачалася з малітвы і канферэнцыі «Перажыванне з запалам паклікання да кансэкраванага жыцця», якую праводзіў пробашч парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне а. Арыюш Малыска ОFМСар.

На пачатку канферэнцыі святар адзначыў, што часта кансэкраваныя асобы слаба разумеюць падмурак, на якім палягае законнае жыццё.

Руплівасць як корань навяртання і адкрыццё сэнсу жыцця

Айцец Арыюш Малыска згадаў пра руплівасць — першы дар Святога Духа, які з’яўляецца коранем навяртання і момантам, які дазваляе зрабіць першы крок да выбару і рашэння жыць у законным жыцці.

«Сам момант навяртання, хоць часам напоўнены болем, але прыносіць радасць, бо праз навяртанне чалавек адкрывае сэнс жыцця», — сказаў святар.

Таксама святар дадаў, што пасля навяртання чалавек пачынае выходзіць на іншыя прасторы пазнання сваёй асобы, пра якія раней не ведаў. Але, паводле слоў а. Арыюша Малыскі, прычынай гэтага могуць стаць і духоўныя крызісы.

Разважаючы пра адрозненне кансэкраваных асобаў ад свецкіх, святар адзначыў, што свецкія вернікі глядзяць на законных асобаў, каб больш яскрава бачыць сэнс свайго жыцця, ацэньваючы каштоўнасць мець сям’ю і нараджаць дзяцей. А кансэкраваныя асобы ў сваю чаргу пакліканы выражаць Езуса Хрыста сваёй формай жыцця і сведчыць грамадству аб апошнім сэнсе чалавечага жыцця.

Таксама ў сваёй канферэнцыі святар звярнуў увагу на сэнс дзявоцтва і каштоўнасць жаноцкасці: «Дзявоцтва — акт сэрца, дзе сэрца не жадае для сябе іншага, але кажа пра тое, каб аддаваць сябе».

«Быць святаром для жанчыны было б прыніжэннем»

Разважаючы пра важнасць жаноцкасці і жанчыны ў Касцёле, якая раскрываецца праз Божую Маці і Яе місію ў Збаўленні чалавецтва, а. Арыюш Малыска адзначыў, што «быць святаром для жанчыны было б прыніжэннем, бо быць святаром — гэта значыць замяняць. Марыя ж нікога не замяняла, жанчына нікога не павінна замяняць, Бог патрабуе менавіта яе, такой, якая яна ёсць».

Святар нагадаў, што часамі ў манаскім жыцці з’яўляецца спакуса «эканоміць сябе», не жыць напоўню. Чаму так адбываецца? Чаму няма радасці? «Радасць узнікае тады, калі чалавек мае сэнс жыцця, мае не мару, але ідэал, дзеля якога жыць», — сказаў святар.

«Мы часта эканомім сябе ў адносінах з іншымі людзьмі, бо даходзім да “мура варожасці”, лічачы, што з гэтым чалавекам нічога не атрымаецца, — сказаў а. Арыюш Малыска, — у такі момант мы павінны сябе запытацца: у чым праблема і якое значэнне надаецца гэтым адносінам».

Напрыканцы канферэнцыі святар пажадаў трываць у любові, якая найперш з’яўляецца рашэннем і трываннем у гэтым выбары — вернасці, вяртанні да Таго, да Каго пакліканы.

Перад Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

«У вас i праз вас свет павiнен бачыць жывога Хрыста»

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў пра важнасць кансэкраванага жыцця ў сённяшні час і падкрэсліў яго значнасць.

Мітрапаліт адзначыў, што сёлетні год аб’яўлены ў Каталіцкім Касцёле Годам кансэкраванага жыцця. Як заўважыў іерарх, немагчыма ўявіць адраджэнне Касцёла і яго развіццё без актыўнага ўдзелу ў ім кансэкраваных асобаў.

«Для большасці людзей кансэкраваныя асобы вядомыя з таго, што яны робяць: шмат моляцца, катэхізуюць, займаюцца дабрачыннасцю, наведваюць хворых і г.д., — зазначыў арцыбіскуп. — Але далёка не ўсе ведаюць і разумеюць, кім на самой справе яны з’яўляюца, бо гэта можна зразумець толькі ў святле новага жыцця, аб’яўленага ва Уваскрослым Хрысце, а менавiта ў новым стварэннi, якiм мы з’яўляемся ў Езусе».

Арцыпастыр звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што многія людзі выбіраюць сёння ў якасці арыенціраў фальшывыя каштоўнасці. Іерарх дадаў, што менавіта кансэкраваныя асобы з’яўляюцца сёння тымі, хто «знайшоў каштоўную пярліну і праз шлюб беднасці наследуе беднага Хрыста», шукаючы свабоды ад ідэалогіі спажывецтва.

«Чысціня сэрца — гэта спецыяльны дар ад Хрыста для кансэкраваных асобаў і ад iх Касцёлу. Цэлібат — гэта не толькі выключная любоў да Хрыста, але і свабода без рэшты прысвяціць сябе служэнню Касцёлу і людзям», — заключыў арцыпастыр.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў законных сясцёр не баяцца абвяшчаць свету прыгажосць кансэкраванага жыцця, даючы сведчанне вернасці харызматам сваіх супольнасцяў.

«Угору сэрцы», дарагiя сёстры! Дзякуйце за дар паклiкання! Праз вас Езус хоча працягнуць сваё славутае Нагорнае казанне. Праз вас Ён жадае абвяшчаць Божае Валадарства, лячыць хворых, грэшнiкаў весцi да навяртання, благаслаўляць дзяцей, чынiць людзям дабро, заўсёды выконваючы волю свайго Айца. У вас i праз вас свет павiнен бачыць жывога Хрыста», — сказаў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Пасля Імшы адбылася сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з законнымі сёстрамі, падчас якой іерарх распавёў пра кастрычніцкі Сінод Біскупаў у Ватыкане, прысвечаны пытанням сям’і. Разам з сёстрамі іерарх памаліўся аб наступным Сінодзе, які адбудзецца ў 2015 годзе.

(AYU), (ILS)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.