Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

11 снежня 2014 г.



Глыбокапаважаныя сёстры!

1. З вялікай радасцю сустракаюся сёння з вамі на самым пачатку Года кансэкраванага жыцця, які з волі Святога Айца Францішка распачаўся 30 лiстапада гг., у першую нядзелю Адвэнту. У складаных абставінах сучаснага свету і шматлікіх крызісаў, якія перажывае свет і Касцёл, Святы Айцец жадае падкрэсліць ролю і значэнне кансэкраванага жыцця ў справе іх пераадолення і ўнясення ў духоўную цемру сучаснасці святла веры. Яшчэ на Другім Ватыканскім Саборы Касцёл звярнуў увагу на неабходнасць аднаўлення кансэкраванага жыцця згодна з патрабаваннямі часу і больш актыўнага ўдзелу ў пастырскай дзейнасці (пар. PC 2).

2. Мінулыя 50 гадоў былі адзначаны яшчэ адной вельмі важнай і знакавай падзеяй у кансэкраваным жыцці: у 1994 г. у Ватыкане адбыўся Сінод Біскупаў на тэму «Кансэкраванае жыццё i яго мiсiя ў Касцёле i cвеце». Па яго выніках Святы Айцец Ян Павел II падрыхтаваў Апостальскую адгартацыю «Vita consecrаta» («Кансэкраванае жыццё»), якую можна назваць настольнай кнігай законных асобаў і падручнікам iх жыцця і дзейнасці.

Сінод, удзельнікам якога мне давялося быць, вельмі моцна падкрэсліў значэнне кансэкраванага жыцця ў сучасным поўным выклікаў свеце і Касцёле. Памятаю, як Айцы Сінода параўноўвалі Касцёл да поля, на якім квітнеюць розныя кветкі. Чым iх больш, тым прыгажэйшае поле. Гэтымі кветкамі з’яўляюцца розныя супольнасці кансэкраванага жыцця. 


3. За апошнія паўстагоддзя кансэкраванае жыццё, нягледзячы на цяжкасці, з якімі яно сустракаецца, яшчэ глыбей увайшло ў розныя сферы жыцця Касцёла. Яно праяўляецца не толькі ў звычайнай пастырскай дзейнасці, евангелізацыі і катэхізацыі, каталіцкіх медыя, дабрачыннасці і г.д., але і ў многіх спецыялізаваных пастырскіх праектах, як напр. праца з моладдзю, дзецьмі, хворымі, а таксама арганізацыя духоўных рэкалекцый, дзён засяроджання і многае іншае. Немагчыма сёння ўявіць сабе адраджэнне Касцёла і яго развіццё без актыўнага ўдзелу ў ім кансэкраваных асобаў, за што Касцёл у Беларусі бязмерна ўдзячны ім і з радасцю ўключаецца ў святкаванне Года кансэкраванага жыцця.

4. У зменлівых абставінах сучаснага свету роля кансэкраванага жыцця не змяншаецца, але з кожным днём узрастае. Сучасны чалавек, які жыве далёка ад Бога і пагружаны ў матэрыяльныя справы і пошук задавальненняў, тым не менш шукае чагосьці такога, што не праходзіць, а застаецца. Таму ён з надзеяй глядзіць на кансэкраваных асобаў, якія паказваюць, як у такіх абставінах на першым месцы ставіць дукхоўнае, а не матэрыяльнае.

Як калісьці грэкамоўныя наведвальнікі Ерузалема прасілі апостала Філіпа: «Мы хочам убачыць Езуса» (Ян 12, 21), таксама i сёння у кансэкраваных асобах свет хоча бачыць Езуса. Евангельскія рады чысціні, беднасці і паслухмянасці — гэта не што іншае, як адказ на заклік Езуса ісці за Ім. Таму жыццё паводле iх — гэта сведчанне аб Божым Валадарстве, якое ёсць у кансэкраваных асобах.

Сёння, дарагія сёстры, калі вы аднаўляеце свае абяцанні жыць паводле евангельскіх радаў, трэба засяродзіцца на тым, чым з’яўляецца пакліканне да кансэкраванага жыцця. Для большасці людзей кансэкраваныя асобы вядомыя з таго, што яны робяць: шмат моляцца, катэхізуюць, займаюцца дабрачыннасцю, наведваюць хворых і г.д. Але далёка не ўсе ведаюць і разумеюць, кім на самой справе яны з’яўляюца, бо гэта можна зразумець толькі ў святле новага жыцця, аб’яўленага ва Уваскрослым Хрысце, а менавiта ў новым стварэннi, якiм мы з’яўляемся ў Хрысце (пар. 2 Кар 5, 17).

5. Пакліканне да кансэкраванага жыцця было настолькі моцным, што перамяніла ваша жыццё да такой ступені, што вы поўнасцю прысвяцілі сябе самым высокім ідэалам Евангелля. Ваша свабоднае рашэнне, умацаванае Божай ласкай, і трыванне ў ім з’яўляюцца найлепшым сведчаннем перамогі Божай ласкі над духам секулярызму. Ваша новае жыццё ў законных супольнасцях — гэта дар Хрыста для Яго Касцёла. Гэта таксама сведчанне яго святасці і пацвярджэнне жывучасці. Дзякуючы евангельскім радам вы спецыяльным чынам яднаецеся з Касцёлам (пар. LG 44).

6. Гэта мае асаблівае значэнне ў сучасных абставінах бязвер’я, якое пашыраецца і калі кансэкраваныя асобы павінны заставацца сведкамі моцнай веры і няспыннай малітвы. Для гэтага найперш неабходна самім заўсёды заставацца вернымі Хрысту, свайму законнаму пакліканню ў харызмах сваіх заснавальнікаў і даверанай вам місіі ў Касцёле. Няхай ваша вера ззяе ў свеце, як лямпа ў цемры, каб вы былi cвятлом свету (пар. Мц 5, 14). Няхай яна свеціць, як маяк, які вядзе заблукалы свет у порт базавых хрысціянскіх каштоўнасцяў. Няхай духоўная радасць вашага жыцця і сведчанне сапраўднай хрысціянскай любові будзе соллю зямлі (пар. Мц 5, 13) і стане крыніцай новых натхненняў і надзеі. Няхай ваша пасвячэнне Богу будзе вядома ўсім, бо секулярны свет патрабуе вашага сведчання, каб абудзiць свет з духоўнага сну, — як заклiкае Папа Францішак у сваiм Пасланнi на Год кансэкраванага жыцця (пар. LAAVC, II. 2).

7. У наш час многія людзі выбіраюць фальшывыя каштоўнасці. Кансэкраваныя асобы з’яўляюцца тымі, хто знайшоў каштоўную пярліну (пар. Мц 13, 46). Праз шлюб беднасці яны наследуюць беднага Хрыста (пар. PC 13) і шукаюць свабоды ад тыраніі iдэалогii спажывецтва. Чысціня сэрца — гэта спецыяльны дар ад Хрыста для iх і ад iх Касцёлу. Цэлібат — гэта не толькі выключная любоў да Хрыста, але і свабода без рэшты прысвяціць сябе служэнню Касцёлу і людзям. Паслухмянасць з’яўляецца поўным прысвячэннем сябе Божай волі.

Можа, гэта гучыць і парадаксальна, але праз адмаўленне ад саміх сябе законныя асобы ўзрастаюць у чалавечай і хрысціянскай сталасці і адказнасці i дапамагаюць сучаснаму чалавеку зразумець сапраўдны сэнс свабоды i шлях, як выйсці з няволі эгаізму.Такiм чынам, мiciя кансэкраваных асобаў у Касцёле незаменная.

8. На законных супольнасцях таксама ляжыць спецыяльная адказнасць адносна пазнання знакаў часу i адказу на яго выклiкi. Таму неабходна быць гатовым да ахвярнага служэння з мэтай эфектыўнага дзеяння, уключаючыся ў мiciю Касцёла. Узгаданы вышэй Сiнод Бiскупаў, прысвечаны кансэкраванаму жыццю, ясна падкрэслiу, што як няма Касцёла без кансэкраванага жыцця, таксамa няма i кансэкраванага жыцця па-за Касцёлам.

Нездарма Святы Айцец Францiшак у сваiм Пасланнi на Год кансэкраванага жыцця заклiкае кансэкраваных асобаў ствараць месцы, у якіх можна было б жыць евангельскай логікай дару, братэрства, адметнасцяў і ўзаемнай любові. Iнстытуты кансэкраванага жыцця ў сваёй дзейнасці не павінны ізалявацца ад мясцовага Касцёла. Таму Год кансэкраванага жыцця, які распачынаецца, павiнен стаць часам, каб наладзіць супрацоўніцтва паміж рознымi супольнасцямi. Для гэтага неабходна з падзякай глядзець на мінулае, каб захаваць сваю ідэнтычнасць; жыць у сучаснасці з запалам, абдымаць будучыню з надзеяй i не апускаць рук у цяжкасцях (пар. LAAVC, I. 1-3).

9. «Угору сэрцы», дарагiя сёстры! Дзякуйце за дар паклiкання! Праз вас Езус хоча працягнуць сваё славутае Нагорнае казанне. Праз вас Ён жадае абвяшчаць Божае Валадарства, лячыць хворых, грэшнiкаў весцi да навяртання, благаслаўляць дзяцей, чынiць людзям дабро, заўсёды выконваючы волю свайго Айца (пар. LG 46). У вас i праз вас свет павiнен бачыць жывога Хрыста.

Няхай словы Святога Айца Францішка аб тым, што на развіццё кансэкрававнага жыццця перадусім уплывае сведчанне законнікаў і законніц (пар. LAAVC, II. 1), стануць для вас новым натхненнем у выконванні вашай місіі ў Касцёле.

Таму не бойцеся абвяшчаць свету, асаблiва моладзi, прыгажосць кансэкраванага жыцця, як праз вернасць харызматам сваiх заснавальнiкаў, так i праз яго сведчанне. Няхай Марыя — Мацi кансэкраванага жыцця — апякуецца вамi i выпрошвае ў свайго Сына патрэбныя вам ласкi быць соллю зямлi i святлом свету (пар. Мц 5, 13-14). Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium» (LG).
2. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра аднаўленне манаскага жыцця «Perfectae caritatis» (PC).
3. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя «Vita consecrata».
4. Francesco. Lettera Apostolica del Santo Padre Francesco a tutti i consacrati in occasione dell’Anno della Vita Consеcrata (LAAVC).

Адноўлена 11.12.2014 16:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі