Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на V Нядзелю Вялікага посту, Год В

22 сакавіка 2015 г., Мінск, парафія Св. Антонія

Наша гадзіна

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. З кожным днём мы набліжаемся да радасных і збаўчых святаў Уваскрасення Пана. Аднак падобна таму, як дарога да славы вядзе праз цярпенні, таксама і дарога да Уваскрасення Езуса была ўсеяна не толькі цяжкасцямі, але нават Яго смерцю.

Сёння, у пятую надзелю Вялікага посту, Касцёл дапамагае нам усвядоміць цану нашага адкуплення і адначасова наша месца ў гэтай драме, у якой мы, як хрысціяне, павінны прымаць удзел.

2. У першым чытанні прарок Ерамія нагадвае аб тым, што надыходзіць час збаўлення, калі Бог установіць новы запавет з чалавецтвам, каб яно было Яго народам і жыло паводле Яго закону.

Гэты час настаў. Божы закон упісаны ў нашы сэрцы, і не мы самі сабе і не адзін аднаму, але Бог кажа нам, што павінны чыніць. Ён нагадвае нам, якімі мы ёсць: вернымі Яму ці не.

Не ўсе з гэтым згодны. Многія не хочуць захоўваць Божы закон і жадаюць жыць паводле свайго. Яны кажуць, што добра піць алкаголь, таму трэба спрабаваць. Іншыя кажуць, што добра ўжываць наркотыкі, таму таксама трэба спрабаваць. Трэція - што няма нічога дрэннага ў здрадзе сужэнцу, таму можна спрабаваць і расслабіцца. Яшчэ іншыя сцвярджаюць, што можна пазбавіцца ад непажаданай цяжарнасці праз аборт, бо нашто лішнія клопаты. Знойдзецца і той, хто скажа, што цяпер мода на гомасексуальныя саюзы - чаму не спрабаваць.

Мы можам вылічыць цэлую літанію сітуацый сучаснага свету, калі чалавек не згаджаецца з Божым законам і замест яго абірае свой, хаця сумленне нам кажа аб чымсьці іншым. Упісаны Богам у нашы сэрцы закон кажа нам аб тым, што мы не можам паступаць амаральна, і адначасова гаварыць, што мы з’яўляемся веруючымі. Мы павінны прызнаць, што тое, што свет часта называе прымальным, для нас, хрысціян, з’яўляецца немаральным.

3. Гэта наш час і наша гадзіна. Перад намі выбар: быць з Хрыстом і жыць у міры з Богам і самім сабой ці выбраць тое, што папулярна і модна ў сучасным свеце, і заставацца з маральнымі праблемамі. Ніхто іншы і нішто іншае, але толькі грэх вядзе нас да праблем. Мы можам гэтага не прызнаваць, але раней ці пазней мы зразумеем, што ён з’яўляецца прычынай праблем. Толькі тады можа быць позна.

Выходзячы з дома, мы глядзім у люстэрка, бо хочам выглядаць добра. Але ці заўсёды мы становімся перад люстэркам Божага закону? Як жа часта мы не жадаем стаць перад ім. Мы баімся стаць перад ім, бо ў святле Божага закону баімся паглядзець на сябе, бо нашы дзеянні не згодны з Божым законам.

4. Аб сваёй гадзіне распавядаў Езус апосталам Андрэю і Філіпу. Гадзіна цярпенняў і крыжовай смерці чакала Яго, але Ён не ўцякаў ад яе. Наадварот, Ён абняў яе. Гэта быў Яго час, дзеля якога Ён прыйшоў у гэты свет, каб супрацьстаяць злому духу.     

5. Кожны з нас мае сваю падобную гадзіну і свой час. У нашым жыцці ёсць шмат нагодаў, калі мы павінны выказаць вернасць Богу і гэтым самым паказаць, кім мы на самой справе з’яўляемся. Падчас Вялікага посту мы павінны пытацца ў сябе: кім мы хочам быць, належаць да Бога ці секулярнага свету? Мы ведаем, што такое дабро, але ў той жа час чынім зло. Таму мы павінны пытацца ў сябе: ці з’яўляемся такімі, якімі павінны быць?

У свеце шмат спакусаў, і іх колькасць расце з дня на дзень. Злы дух рознымі спосабамі спакушае нас, каб мы не захоўвалі нашых хрысціянскіх абавязкаў. Часам мы павінны плаціць вялікую цану за вернасць хрысціянскаму пакліканню. Наша асяроддзе можа адмовіцца ад нас і выключыць са свайго кола. У такім выпадку трэба памятаць аб тым, што з дапамогай Божай ласкі мы зможам перамагчы ўсе цяжкасці, і няма нічога больш важнага, чым быць аб’яднаным з Хрыстом.

Гэта наша гадзіна і наш час, каб сказаць Богу “так”, не ўцякаць ад Яго, але прабываць з Ім у штодзённым жыцці. Гэта фундаментальнае заданне, якое стаіць перад намі. Многія святыя вернасць Хрысту пацвердзілі мучаніцкай смерцю. Святая Агнешка ва ўзросце 12 гадоў адмовілася перайсці ў паганства і за сваю вернасць хрысціянскай веры заплаціла жыццём. Святы Ігнацый Антыяхійскі за вернасць Богу быў разарваны дзікімі звярамі ў Рымскім Калізеі. Святы Максіміліян Кольбэ ў Асвенцыме ў імя любові да бліжняга дабравольна аддаў сваё жыццё за бацьку сям’і.

Гэта была іх гадзіна, і яны не ўцякалі ад яе. Яны памерлі мучаніцкай смерцю, але атрымалі жыццё вечнае. У наш час мы таксама з’яўляемся сведкамі, як гінуць хрысціяне ў многіх краінах Афрыкі. Хрысціянства ізноў сталася найбольш пераследуемай рэлігіяй. У мінулым годзе загінула больш за сто тысяч хрысціян. Спадзяёмся, што добры Бог прыме іх у сваё Валадарства.

6. Дзякуй Богу, на нашай зямлі завяршыўся час ганенняў на Касцёл, які трываў тры пакаленні. Аднак праблема захавання нашай хрысціянскай ідэнтычнасці не знікла. Секулярызм і лібералізм пажынае свае плёны, бо ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бога няма. Яны дабравольна адмаўляюцца ад Бога і жывуць паводле сваіх, а не Божых планаў. Перад імі іх гадзіна, у якой важна, па які бок барыкады яны стануць. Вось пытанне, якое стаіць перад намі.

Дзяўчына знаходзіцца ў непажаданай цяжарнасці. Што яна зробіць? Дасць магчымасць нарадзіцца новаму жыццю ці пойдзе ў абартыўную клініку? Гэта яе гадзіна, ад якой залежыць яе лёс і будучыня новага жыцця. Дзякуй Богу, што і ў  абставінах агрэсіўнага лібералізму і свабоды ад Божага закону знаходзяцца людзі, якія па прыкладу Езуса не ўцякаюць ад сваёй гадзіны, мужна яе сустракаюць.

У 1999 г. у ЗША ў штаце Каларада ў школе тэрарысты забілі 12 вучняў і паранілі 24. Сярод забітых была 17-гадовая глыбока веруючая дзяўчына. Тэрарыст прыставіў да яе галавы пісталет і патрабаваў адрачыся ад Хрыста. Яна адмовілася і была забіта. Адзін з амерыканскіх паэтаў у яе гонар напісаў песню: “Гэта твая гадзіна”. У ёй ён спявае, што сумная падзея ў школе для яе была часам спазнаць таямніцу хрысціянскага паклікання, якому яна засталася вернай да канца.

Як яна была здольна да гэтага? Адказ адзін: ва ўсіх абставінах свайго жыцця яна выбірала Хрыста і такім чынам была падрыхтавана да сваёй гадзіны, калі тая прыйшла.

Спадзяёмся, што падобнага няшчасця ў нашым жыцці не адбудзецца. Магчыма, што нашай гадзінай будзе нейкая сума выбараў нашага жыцця. Але самым важным застаецца пытанне: ці гатовы мы да гэтай гадзіны? Ці гатовы заўсёды жыць паводле Божага закону? Кожнае “так” Богу будзе пацвярджэннем нашага хрысціянства, пацвярджэннем таго, што мы гатовы да нашай гадзіны, калі яна прыйдзе.

7. Хрыстус у сённяшнім Евангеллі кажа, што калі пшанічнае зерне не памрэ ў зямлі, то не прынясе плёну, а калі памрэ, то дасць багаты плён. Хто любіць сваё жыццё, той загубіць яго, а хто ненавідзіць, той захавае яго для вечнага жыцця.

Гэтыя словы Езуса не трэба разумець у прамым сэнсе. Бог у пятай запаведзі кажа не забіваць, і Касцёл клапоціцца аб захаванні Божага дару жыцця. Справа ў тым, што мы павінны найперш клапаціцца аб духоўным стане свайго жыцця, а матэрыяльны не чыніць мэтай. Бо толькі такі шлях гарантуе нам у нашу гадзіну заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі