Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагая моладзь, удзельнікі парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі!

1. Сардэчна вітаю вас ў касцёле Божай Маці Анёльскай. Мне вельмі прыемна цэлебраваць гэтую св. Імшу менавіта ў гэтым касцёле, які ў свой час быў маім парафіяльным касцёлам, і дзе трохі больш за чверць стагоддзя таму я быў пробашчам. Ужо тады было бачна, як каталіцкая моладзь Гродна, асабліва гэтай францішканскай парафіі, стараецца прымаць як мага больш актыўны ўдзел у жыцці Касцёла.

У сценах гэтага касцёла была заснавана першая ў горадзе над Нёманам каталіцкая моладзевая схоля. Адсюль вырушыла гродзенская пілігрымка на Сусветны дзень моладзі ў Чэнстахову ў 1991 г. Сюды заўсёды вяртаюся як да свайго касцёла і таму сёння з вялікай радасцю цэлебрую гэту св. Імшу ў праграме чарговай Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі, якая праходзіць пад дэвізам: «Разам з Марыяй да Езуса». Сапраўды, як вучыць Касцёл, Марыя з’яўляецца найкарацейшым шляхам да Збаўцы.

2. Парафіяда, якая мае найперш пастырскае значэнне, уключае ў сябе наступную трыяду: святыня, тэатр і стадыён.

Яны вельмі добра нагадваюць пра сутнасць хрысціянскага жыцця. Пасля нашага нараджэння нашы бацькі і хросныя прынеслі нас у касцёл, каб пахрысціць. Сакрамэнт хросту з’яўляецца першым і самым галоўным, бо ён далучае нас да супольнасці Касцёла як містычнага Цела Езуса і дае магчымасць прымаць удзел у сакрамэнтальным жыцці, дзякуючы чаму мы ўзбагачаемся Божай ласкай, якая патрэбна да збаўлення.

Касцёл праз абвяшчэнне жывога Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і будаванне хрысціянскай супольнасці, у якой прабывае Хрыстус, з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення. Таму лагічна, што ў праграму Парафіяды ўваходзіць разважанне пра святыню. Падчас хросту мы сталі святынямі Святога Духа і імі павінны быць. Мы ведаем, што грашым, але Божая міласэрнасць з’яўляецца бязмежнай і ў Касцёле мы ізноў маем магчымасць вярнуць сабе статус Божай святыні.

Далей ідзе тэатр. Хочам мы гэтага ці не, але мы ўсе з’яўляемся артыстамі і ўсе выконваем канкрэтную ролю на сцэне тэатру нашага жыцця.

Якой з’яўляецца гэтая роль? Усё залежыць ад нас саміх. Можам гуляць паводле Божага сцэнарыя, якім з’яўляецца Евангелле. Але можам гуляць і паводле свецкага, далёкага ад хрысціянскіх прынцыпаў. Бог пакінуў нам свой сцэнарый і мы павінны яго трымацца, калі хочам, каб ён ацаніў наш жыццёвы тэатр годным радасці вечнага шчасця.

Тэатр і мастацтва дапамагае чалавеку развіваць свае мастацкія здольнасці, якімі яго адорвае Бог з мэтай духоўнага ўдасканальвання як саміх артыстаў і мастакоў, так і гледачоў, і наведвальнікоў мастацкіх выставаў, калі яны прадстаўляюць духоўныя каштоўнасці.

І нарэшце, стадыён. Слова «стадыён» паходзіць ад аднайменнага грэчаскага слова «стадыён», якое азначае месца спаборніцтва. Стадыёны ўзніклі ў старажытнай Грэцыі, якая з’яўляецца родапачынальніцай Алімпійскіх гульняў. Падчас іх вылучаліся найлепшыя спартсмены. Так ёсць і ў наш час. Алімпійскае золата з’яўляецца найбольш ганаровай узнагародай у спорце. Менавіта таму кожны спартсмен імкнецца стаць алімпійскім чампіёнам.

3. Калі гаворым пра стадыён, то так ці інакш узгадваем спорт, які з кожным днём іграе ўсё большую ролю ў жыцці сучаснага свету і часам становіцца нават палітыкай. Спартыўныя дасягненні з’яўляюцца візітнай карткай краіны і падымаюць яе імідж.

Людзі займаюцца спортам з мэтай фізічнага ўдасканальвання і не рэдка таксама для паляпшэння свайго здароў’я. Спорт вучыць людзей цягавітасці і павагі да іншага чалаваека. Ён таксама вучыць правільна ўспрымаць паразу, бо не заўсёды і не кожны спатрсмен ці каманда выйгрывае спаборніцтва. Не лёгка прыняць паразу, але гэтаму трэба вучыцца і ў гэтай справе спорт дапамагае. Спорт, асабліва камандны, вучыць супольнай адказнасці, паводле прынцыпу: «Усе за аднаго і адзін за ўсіх».

Усё гэта і многае іншае можна і трэба перанесці на духоўную сферу, бо жыццё чалавека, як кажа святы апостал Павел, падобна да забегу на стадыёне. Усе бягуць, але ўзнагароду трымлівае толькі адзін, менавіта той, хто зойме першае месца.

Падчас алімпійскіх гульняў у старажытнай Грэцыі такой узнагародай быў лаўровы вянок. Сёння — залаты алімпійскі медаль. Мы ж пакліканы да большага. Лаўровы вянок высыхае і траціць сваю прывабнасць. Нешта падобнае адбываецца і з залатым медалём, бо з часам людзі забываюцца пра былых чэмпіёнаў. Магчыма таксама і дэвальвацыя нават такога дарагога металу, якім з’яўляецца золата. У той сам час медаль вечнага шчасця, да атрымання якога мы ўсе павінны імкнуцца, заўсёды застаецца актуальным.

Спартыўныя спаборніцтвы нам дапамагаюць у гэтым. Паглядзім на спартсменаў, асабліва на алімпійскіх чэмпіёнаў! Колькі трэніровак і якім коштам! Трэба захоўваць рэжым, многа часу праводзіць на стадыёне, адракацца ад многіх прыемнасцяў, заўсёды падымаць уверх планку патрабаванняў і г.д. І ўсё дзеля адной мэты — быць лепшым. Каб спартыўныя высілкі былі паспяховымі, неабходна цярпліва імкнуцца да мэты і не бянтэжыцца пройгрышамі.

Падобна павінна быць і ў духоўным жыцці. Паглядзім на Марыю. Не ўсё было гладка і ў яе жыцці. Колькі цяжкасцяў яна павінна была знесці. Аднак яна мужна выконвала даручаную ёй Богам місію.

Падчас ганенняў на веру ў міскай архікатэдры размяшчалася спартыўная зала. Сёння — гэта духоўная «спартыўная зала», дзе людзі трэніруюцца духоўна і ўмацоўваюць свае духоўныя мускулы, калі так можна сказаць, каб супрацьстаяць спакусам і выклікам часу.

Нездарма Святы Айцец Францішак кажа, што спорт — гэта ўніверсальная мова, якая збліжае народы і можа прычыніцца да сустрэчы людзей і пераадолення канфліктаў. Таму спорт трэба ўспрымаць як трэніроўку цнотаў і спосаб інтэгральнага развіцця як чалавека, так і грамадства.

4. Адна дзяўчына вельмі хутка бегала і ніхто не мог яе перамагчы. І вось аднойчы адзін вельмі нядобры чалавек патрабаваў ёй паспаборнічаць з ім. Усе смяяліся з яго, бо ён не меў ніякіх шанцаў перамагчы. І вось распачаўся забег. Дзяўчына бегла далёка наперадзе і ўсё выглядала на тое, што яна пераможа. Злы чалавек, аднак, меў свой план. Ён, бегучы далёка за дзяўчынай, пачаў раскідваць на дарожцы стадыёна нічога не вартыя, але вельмі бліскучыя рэчы. Дзяўчына перастала бегчы, брала іх у свае рукі і разглядала. Людзі крычалі ёй не звяртаць увагі на гэтыя цацкі і бегчы, бо стары нядобры чалавек пяшком хутчэй за яе дойдзе да мэты. Яна, аднак, была так заварожана імі, што нічога не чула. У выніку злы чалавек перамог.

Ці мы выйграем наша жыццёвае спаборніцтва? Усё залежыць толькі ад нас, ад таго, ці мы наперакор усім спакусам і выклікам часу будзем настойліва імкнуцца да перамогі.

5. Галоўным заданнем Касцёла ў наш час з’яўляецца новая евангелізацыя — абвяшчэнне Евангелля новымі спосабамі. Трыяда Парафіяды — святыня, тэатр і стадыён — павінны спрыяць гэтаму працэсу.

Дарагія ўдзельнікі Парафіяды!
На духоўным стадыёне, якім з’яўляецца Касцёл, пазнавайце вечна жывое і актуальнае Божае слова, шчодра чэрпайце з крыніцы Божай ласкі, якой з’яўляюцца сакрамэнты, і духоўна ўзрастайце, каб, беручы прыклад з Марыі і наследуючы яе цноты, асабліва цноту цярплівасці, у тэатры вашага маладога жыцця быць сведкамі Евангелля, той вечнай праўды, якая вядзе да збаўлення. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі