Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў гадавіну трагічнай смерці а. Андрэя Ахрэма OFMConv у Івянцы

Івянец, 8 лістапада 2014 г.

«Казанне твайго жыцця ведаюць усе»

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, бацькі і родныя спачылага а. Андрэя, браты і сёстры!

1. Паэт кажа, што не час шкадаваць ружы, калі паліцца лес. Добра ведаем, якое значэнне мае лес для гаспадаркі і як ён ачышчае паветра. Такім маладым дрэвам у духоўным лесе Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які працягвае сваё адраджэнне і ачышчае атручанае атэізмам духоўнае паветра нашага грамадства, быў трагічна загінулы год таму а. Андрэй Ахрэм, які належаў да закону францішканаў. Мы разумеем і нармальна ўспрымаем тое, што ў лесе падаюць старыя дрэвы. Але калі гэта здараецца з маладымі, то гэта цяжка зразумець і мы пытаемся: чаму?

Сёння мы таксама пытаемся: чаму ў сіле веку памёр малады святар? Чаму подых смерці згасіў агонь маладога жыцця ў момант, калі ніхто гэтага не чакаў, калі Касцёл ускладаў на яго вялікую надзею? Сонца жыцця святара яшчэ не дайшло да поўдня і згасла. Такога развіцця падзей ніхто не чакаў.

2. Хаця мы добра ведаем, што смерць не пазбягае нічыіх дзвярэй, раней або пазней яна прыйдзе да кожнага, аднак кожны раз яна з’яўляецца чымсьці вельмі прыкрым, тым больш калі памірае малады чалавек.

У старых касцёльных суплікацыях мы спяваем: ад раптоўнай і неспадзяванай смерці выбаў нас, Пане. Але якая ж смерць не з’яўляецца неспадзяванай? Нават калі памірае стары і вельмі хворы чалавек, то кажам, што ён яшчэ мог бы пажыць. Аднак смерць маладога чалавека ўспрымаецца асабліва балюча, бо яна перакрэслівае ўсе надзеі, якія ўскладаліся на яго. Кім ён мог бы быць для бацькоў, для Касцёла, для Айчыны?

3. Калі мы ставім такія пытанні, то адказ на іх Бог дае ў кнізе прарока Ісаі. Бог кажа, што Яго думкі не з’яўляюцца нашымі і нашыя дарогі — не Ягоныя. Кожная смерць з’яўляецца таямніцай. З ёй звязана шмат пытанняў, на якія мы не можам даць адказ, бо ў чарговы раз паўстае пытанне: чаму Бог так хутка забраў жыццё маладога чалавека? Чаму забраў жыццё яшчэ новапрэзбітэра а. Андрэя, якое патрэбна было бацькам, Касцёлу, францішканскаму закону і грамадству? Калі шукаем адказ, на думку прыходзяць словы Ёва, які за адзін дзень страціў у няшчасным выпадку сем сыноў і тры дачкі. Менавіта Ёў сказаў: што Бог даў, тое Бог і забраў.

Гэтыя словы Ёва асаблівым чынам адносяцца да чалавека, які памірае маладым. Нармальна, што да гісторыі чалавека належыць тое, што ён нараджаецца, узрастае, становіцца сталым, старэе і памірае. У выпадку смерці маладога чалавека гэта гісторыя нечакана перапыняецца. Для а. Андрэя яна гвалтоўна перапынілася 4 лістапада 2014 г., калі яму было 32 гады і толькі чатыры месяцы пасля прэзбітэрскага пасвячэння, калі вечарам ён вяртаўся са святарскай паслугі. Тады гадзіннік яго зямнога жыцця перастаў адлічваць час.

4. На праблему заўчаснай смерці можна глядзець па-рознаму. Можна бунтавацца, а можна старацца зразумець Божую волю. Заўсёды неабходна памятаць, што Бог нас любіць больш, чым мы самі сябе. Ён таксама лепш ведае, што для нас лепш — доўгае жыццё ці кароткае. З пункту гледжання вечнасці кароткае жыццё можа быць Божым благаслаўленнем, хоць чалавечым розумам і нашымі пачуццямі гэта цяжка зразумець.

У кнізе Мудрасці Старога Запавету гаворыцца аб тым, што кароткае жыццё з’яўляецца ацаленнем ад небяспекі, якая пагражае збаўленню. Евангелле распавядае, як Езус злітаваўся над маці памерлага юнака з Наіна і яго ўваскрасіў. Але Ён не патлумачыў, чаму таксама і маладыя зыходзяць з гэтага жыцця.

Сёння, калі адзначаем першую гадавіну смерці а. Андрэя, мы павінны толькі згадзіцца з Божай воляй і адначасова зразумець, што такі малады святар дасягнуў дасканаласці, каб сустрэцца з нашым нябесным Айцом.

5. Кожнае пахаванне святара ці Імша ў інтэнцыі памерлага слугі алтара — гэта свайго роду рэкалекцыі. Яны нагадваюць нам евангельскую праўду заўсёды быць гатовымі, бо не ведаем ні дня і ні гадзіны, калі Бог нас пакліча. Паміраюць старыя, але паміраюць і маладыя, тым больш што ў Бібліі праблема старасці — гэта не праблема пражытых гадоў, але духа еднасці з Богам. Адзіная рэч, якую мы павінны мець — гэта вера, бо без яе няма збаўлення. Калі мы аб гэтым забыліся, то дастаткова пайсці на могілкі, каб апамятацца.

Напэўна а. Андрэй мог сабе выбраць нейкую спецыяльнасць і быць добрым спецыялістам. Аднак Бог яго паклікаў да святарства. У пакліканні да святарства ёсць тры вельмі важныя і ўзятыя з Евангелля элементы, калі вучні Яна Хрысціцеля пайшлі за Езусам:

  • «Езус паглядзеў на вучняў». Позірк Езуса — гэта ласка, якая парушае сэрца. Яна парушыла сэрца маладога Андрэя так моцна, што ён пастукаў у дзверы францішканскага кляштара.
  • «Езус іх спытаў: чаго шукаеце?» Тое ж самае пытанне Ён задаў маладому Андрэю: чаго шукаеш, кім хочаш быць? Рашэнне пайсці за Богам і Яму служыць як святар павінна быць свабодным і адказным. І Андрэй адказаў.
  • «Яны пайшлі, убачылі і засталіся ў Яго». Андрэй таксама пайшоў, паглядзеў і застаўся, каб навечна быць святаром і законнікам францішканінам.

Айцец Андрэй адышоў да Бога, але хтосьці павінен яго замяніць. Хто? Паглядзі, малады чалавек, можа, Хрыстус глядзіць якраз на цябе, можа, пытаецца ў цябе, чаго ты шукаеш, бо спадзяецца, што і ты пойдзеш і застанешся з Ім.

6. Айцец Андрэй, ты вылучаўся пошукам праўды, бо хацеў ёю жыць і яе абвяшчаць людзям. Для гэтага ты меў адпаведныя таленты і іх не марнаваў. Працаваў нядоўга, але плённа. Колькі людзей, дзякуючы тваёй паслузе, атрымала ласку Божай міласэрнасці, кленчучы пры канфесіянале, удзельнічаючы ў Імшы, якую ты цэлебраваў, проста сустракаючыся з табой. Гэтым самым ты дапамог ім нанова сказаць разам з апосталам Тамашам: «Пан мой і Бог мой». Ты не прамовіў шмат гамілій, бо святаром быў толькі некалькі месяцаў, але казанне твайго жыцця тут ведаюць усе.

За гэта дзякуе табе Касцёл на Беларусі і ордэн францішканаў, дзякуе і моліцца, каб Бог быў табе ўдзячны і прыняў у вечнае валадарства. Амэн.

Адноўлена 08.11.2014 15:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі