Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

18 верасня 2014 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Служыць іншым

Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Станіслава Костку, законніка, езуіта. Ён нарадзіўся ў 1550 г. у Польшчы на Мазоўшы і памёр у 1568 г. у Рыме. Гісторыкі кажуць аб тым, што ён быў вельмі ўражлівы на маральныя справы. Ва ўзросце 14 гадоў распачаў вучобу ў славутай школе езуітаў у Вене ў Аўстрыі. Гэтая езуіцкая школа была вядомая сваімі рэлігійнымі звычаямі і таксама духоўным выхаваннем моладзі. Святы Станіслаў Костка адзначаўся суровым стылем жыцця, шмат маліўся і нават практыкаваў бічаванне. У 1565 г. ён моцна захварэў і быў блізкі да смерці. Тады яму з’явілася святая Барбара, апякунка добрай смерці, якая ў спадарожніцтве двух анёлаў прынесла яму святую Камунію. Падчас той самай хваробы яму аб’явілася Марыя з Немаўляткам Езусам, якога паклала яму на рукі. Падчас гэтага аб’яўлення святы Станіслаў Костка цудоўным чынам выздаравеў і атрымаў наказ ад Божай Маці ўступіць у Ордэн езуітаў.

У тыя часы езуіты не прымалі кандыдатаў без дазволу бацькоў, калі тыя не хацелі, каб іх сын стаў законнікам. У такой сітуацыі Станіслаў Костка ўцёк у Рым і там быў прыняты ў Ордэн езуітаў. Святасцю свайго жыцця, духоўнай сталасцю і малітоўнымі практыкамі ён быў прыкладам для іншых. Памёр у 1568 г. Яго рэліквіі знаходзяцца ў езуіцкім касцёле св. Андрэя ў Рыме. Культ святога Станіслава Косткі распаўсюдзіўся вельмі хутка, і ў 1726 г. ён быў кананізаваны. Святы Станіслаў Костка з’яўляецца апекуном моладзі.

2. У гэтым годзе прыпадае 100-гадовы юбілей нараджэння ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, шматгадовага пробашча парафіі Адведзінаў святой Альжбеты Найсвяцейшай Паннай Марыяй у Шэметаве, Генеральнага вікарыя паўночна-заходняй часткі Беларусі ў часы ганенняў і першага рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Гэты святар, чые заслугі ў Касцёле ў Беларусі такія вялікія, нарадзіўся ў Альковічах.

Свае імяніны ён адзначаў 18 верасня, ва ўспамін святога Станіслава Косткі. Тады, у тыя далёкія часы, у гэты дзень да яго з’язджаліся святары з усёй Беларусі. Іх сустрэча ўключала ў сябе духоўнае разважанне, абмен інфармацыяй і святую Імшу. Гэта быў прататып сучасных пастырскіх сустрэч.

Таму сёння, у дзень яго імянін, у знак удзячнасці яму мы молімся ў яго інтэнцыі. Мы павінны памятаць аб нашых каранях, аб тых святарах, якія ў цяжкія гады пераследу веры мужна змагаліся з атэістычным Чарнобылем і лячылі людзей ад яго згубнай радыяцыі.

Асмелюся казаць, што калі б не было святароў, падобных да ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага і да іншых падобных да яго, то не было б і нас. Яго і тых нямногіх, якія ў тыя часы працавалі ў Беларусі, адрозніваў клопат пра збаўленне чалавечых дух. Яны не наракалі, што цяжка, што мала святароў, што існуюць іншыя праблемы, але, закасаўшы рукавы, працавалі. Яны нястомна сеялі зерне Евангелля, цэлебравалі сакрамэнты, здзяйснялі іншую святарскую паслугу. Сёння мы збіраем плёны іх дзейнасці.

3. Чытанні сённяшняй святой Імшы вельмі добра пасуюць да постаці ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага. Усе людзі пакліканы служыць іншым, асабліва святары і кансэкраваныя асобы. І хаця няма адзінага шляху, як гэта чыніць, аднак сённяшнія чытанні звяртаюць нашу ўвагу на розныя спосабы служэння. У першым чытанні святы апостал Павел кажа, што пераказвае нам тое, што сам атрымаў, і абагульняе сваё вучэнне тым, што Хрыстус памёр для нас, быў пахаваны і ўваскрос.

Абвяшчаючы гэтае пасланне аб Езусе, ён усведамляе, што Хрыстус выбраў і паслаў іншых, каб чынілі тое ж самае. Хрысціянскае пасланне базуецца на веры ў смерць і ўваскрасенне Хрыста, якую мы паасобку і ў хрысціянскай супольнасці вызнаём. У гэтым пасланніцтве мы павінны быць слугамі. Нездарма Папа носіць тытул “Слуга слугаў Божых”.

Такім слугою быў ксёндз інфулат Станіслаў Кучынскі. У 1990 г. я прапанаваў яму пасаду рэктара новаўтворанай духоўнай семінарыі ў Гродне. Гэта адбылося ў незвычайных абставінах, бо ў шпіталі ў Вільні, дзе ён тады знаходзіўся, яму ампутавалі нагу. Нягледзячы на тое, што быў стары, хворы і без нагі, ён згадзіўся, кажучы: калі мяне патрабуе Касцёл у новай якасці, то я павінен яму служыць.

Яго прыклад, як прыклад многіх іншых святароў таго часу, павінен быць прыкладам усім нам. Мы, святары і кансэкраваныя асобы, не выбіраем сабе месца, бо Хрыстус паклікаў нас не валадарыць, але служыць. І гэта павінна быць credo нашага жыцця - лічыць прывілеем служэнне іншым, асабліва тым, якія многія гады і нават дзесяцігоддзі не мелі святара.

4. У Евангеллі мы бачым Езуса, які рашуча ставіцца да ганарлівасці і самазадаволенасці і адначасова клапоціцца аб сціплых і праяўляе міласэрнаць да тых, хто каецца. Бог заўсёды любіць кожнага чалавека, нават грэшнага. Як святары і кансэкраваныя асобы мы таксама павінны любіць кожнага, не насіць у сваіх сэрцах зла ні на каго, усім дараваць іх правіны. Толькі тады па прыкладу Хрыста мы сапраўды зможам быць сапраўднымі слугамі іншых, як быў ксёндз інфулат Станіслаў Кучынскі. Святы Айцец Францішак з’яўляецца ўвасабленнем Божай міласэрнасці. Колькі ўвагі ён прысвячвае справе дабрачыннасці і міласэрнага падыходу да грэшнікаў і да тых, хто заблудзіўся, каб дапамагчы ім уладкаваць сваё жыццё згодна з Божым правам.

Няхай вучэнне і заклік Святога Айца Францішка, жыццёвы прыклад ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, а таксама заступніцтва святога Станіслава Косткі дапамогуць нам у нашым служэнні людзям, з якіх мы ўзяты і для якіх пастаўлены, каб мы ўсе разам ішлі дарогай святасці, да якой пакліканы. Амэн.

Адноўлена 17.09.2014 13:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі