Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы асвячэння мядзельскай Кальварыі

14 верасня 2014 г.

“Кланяемся Табе, Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе: бо праз крыж свой Ты свет адкупіў”.

Глыбокапаважаныя ўдзельнікі сённяшняй урачыстасці!

1. Гэтыя словы спеву перад Евангеллем на свята Узвышэння Святога Крыжа, калі асвячаецца гістарычная мядзельская Кальварыя, вельмі добра выказваюць пачуцці нашых сэрцаў і душаў. Галоўнае заданне Кальварыі - звярнуць нашу ўвагу на цярпенні і значэнне крыжовай смерці Хрыста, дзякуючы якой мы былі збаўлены, а таксама на значэнне крыжа, як знаку збаўлення і надзеі.

Слова ”Кальварыя” мае лацінскае паходжанне і азначае кампазіцыю каплічак, якія сімвалізуюць стацыі Мукі Езуса. У часы, калі доступ да Ерузалема быў абмежаваны ці нават немагчымы з-за пераследу веры, то пілігрымуючыя па Кальварыі маглі атрымаць тыя ж самыя адпусты, як і на месцы смерці Хрыста. Першая ў Еўропе Кальварыя была пабудавана на пачатку XV стагоддзя ў Іспаніі недалёка ад г. Кардоба.

2. Мядзельская Кальварыя была пабудавана на пачатку XVIII стагоддзя і асвячана ў 1772 г. У сувязі з неспрыяльнай для Касцёла сацыяльна-палітычнай сітуацыяй у другой палове XIX стагоддзя яна прыйшла ў занядбанне. У 30-х гадах XIX стагоддзя была адноўлена.  Падчас Другой сусветнай вайны ў 1942 г. была знішчана і такой заставалася ў часы ганенняў на Касцёл. Толькі ў апошнія часы дзякуючы актыўнасці айцоў кармэлітаў, вернікаў мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай і грамадскім актывістам мядзельская Кальварыя пачала аднаўляцца і распачаліся пілігрымкі на гэтае святое месца, якое з’яўляецца сведкам багатай і трагічнай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, яго росквіту, пераследу і адраджэння.

3. Сёння, у свята Узвышэння Святога Крыжа, Касцёл нашу ўвагу звяртае на крыж і на Езуса, які сваёй крыжовай смерцю збавіў чалавецтва. Крыж у часы Езуса Хрыста быў добра вядомы як інструмент жудаснай смерці. На ім укрыжоўвалі найбольш небяспечных злачынцаў.

Сам па сабе крыж з’яўляецца абсурдам, бо гэта знак смерці. Аднак пасля крыжовай смерці Езуса ўсё дыяметральна змянілася. Замест таго, каб быць знакам смерці, крыж стаўся знакам збаўлення і надзеі. Ён таксама з’яўляецца знакам нашай веры. І ў гэтым крыецца фундаментальная розніца паміж проста крыжом і крыжом Езуса Хрыста.

Крыж дазваляе нам лепей зразумець, якім небяспечным з’яўляецца грэх, калі для яго знішчэння неабходна была смерць Божага Сына. Крыж з’яўляецца знакам бязмежнай Божай любові і міласэрнасці. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы “Deus caritas est” (“Бог ёсць любоў”) піша, што прабіты дзідаю бок Хрыста з’яўляецца апагеем Божай любові да грэшнага чалавека. Крыж з’яўляецца знакам выконвання Божай волі Яго Адзінародным Сынам. Крыж таксама з’яўляецца знакам нашай веры. Нашы продкі ставілі крыжы на скрыжаваннях дарог, каб, ідучы, спазіраць на яго і выбіраць адпаведую Божай волі дарогу. Мы вешаем крыж на сценах нашых дамоў і памяшканняў, каб, штодзённа гледзячы на яго, адрывацца ад штодзённых зямных спраў і засяроджвацца на духоўных. Мы носім яго на шыі ці лацкане пінжака, каб сведчыць сваю хрысціянскую веру.

4. Крыж складаецца з дзвюх частак – гарызантальнай і вертыкальнай. І ў гэтым крыецца яго вялікая духоўная сімволіка. Гарызантальная частка ўвасабляе чалавека, вертыкальная – яго адносіны з Богам. Мы добра ведаем, што калі не будзе вертыкальнай часткі, то гарызантальная ўпадзе. Закон Ньютона аб сусветным прыцягненні дзейнічае. Тое ж самае адбываецца і ў духоўнай сферы. Калі няма адносін з Богам і калі Ён нас не падтрымлівае, то мы падаем у грахоўнае балота. Таму крыж з’яўляецца нашай надзеяй, якая ёсць у Богу.

Мы былі збаўлены дзякуючы крыжовай смерці і Уваскрасенню Езуса, які такім чынам выканаў волю свайго Нябеснага Айца. Усе беды чалавецтва распачаліся ад таго, што ён не згадзіўся з Божай воляй. Грэх Адама стаў прычынай няшчасця ўсяго чалавецтва, з якога нас выбавіў Езус.

Святое Пісанне кажа, што шчаслівы чалавек, які баіцца Бога. Баіцца - азначае што ён жыве паводле Божай волі. Аднак жыць паводле Божай волі нялёгка. Мы добра ведаем дзесяць Божых запаведзяў, якія з’яўляюцца дарожнай мапай шчасця чалавека, але іх не выконваем. Асабліва сучасны чалавек кажа, што Божы закон састарэў, цяпер іншыя часы, неабходна яго паслабенне і нават змена. Усё гэта не што іншае, як адмаўленне выконваць Божую волю. Адсюль бяруцца ўсе крызісы сучаснасці.

Крыж нас вучыць згаджацца з Божай воляй. Месца, дзе перасякаюцца гарызантальная і вертыкальная часткі крыжа, якраз і ёсць месцам, дзе воля чалавека супадае з Божай, месцам, якое заклікае нас да жыцця паводле яе. Як Хрыстус збавіў чалавецтва, выконваючы волю свайго нябеснага Айца, таксама і мы будзем шчаслівыя ў гэтым жыцці і збаўленыя, калі будзем жыць згодна з Божым законам.

Крыж таксама з’яўляецца сімвалам знаку складання “+”, асабліва ерузалемскі, у якога ўсе яго часткі роўныя. У гэтым таксама ёсць свая сімволіка, бо праз крыж мы далучаемся да Бога і становімся больш боскімі.

Нарэшце, крыж нагадвае пра каралеўскі трон Езуса. Гэта не залаты трон зямных валадароў, але просты драўляны інструмент смерці, які стаўся знакам збаўлення. Сённяшняе першае чытанне нагадвае пра пакаранне ядавітымі змеямі непаслухмянага габрэйскага народа падчас пераходу з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную. Тады Бог сказаў Майсею зрабіць меднага змея і ўзнесці яго ўверх. Калі змяя ўкусіць чалавека, то ён можа ўратавацца, гледзячы на гэтага меднага змея.

Медны змей у пустыні быў сімвалам крыжа. Менавіта таму ў сённяшнім Евангеллі Езус кажа, што Ён будзе ўкрыжаваны, для таго, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Езус таксама кажа, што калі Ён будзе ўзвышаны на крыжы, то пацягне да сябе многіх. На дрэве крыжа Езус распасцёр свае рукі так шырока, як толькі мог, каб прыцягнуць да сябе як мага больш людзей.

5. Дарагія браты і сёстры!

Усё наша жыццё – гэта крыж. Нялёгка яго несці, але калі панясём яго разам з Хрыстом, то ён сапраўды стане для нас знакам збаўлення і надзеі.

Таму падыдзем з удзячнасцю да крыжа, пацалуем яго як знак нашага збаўлення і нашай веры, кінемся ў абдымкі Езуса, каб Ён мог нас суцешыць і абараніць, каб наша вера заўсёды была моцнай і не паддалася спакусам сучаснага свету. Няхай словы рэлігійнай песні “Не здыму крыжа” стануць праграмай нашага жыцця і нашай вернасці хрысціянскаму пакліканню. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі