Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас прэзбітэрскага пасвячэння дыякана Яўгена Голуба OFMConv

Івянец, 13 верасня 2014 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. У апошнія часы назва “Івянец” усё часцей з’яўляецца на старонках часопісаў, газет і ў інтэрнэце. Усё гэта найперш звязана з той актыўнасцю, якая праводзіцца ў парафіі, асабліва ў фармацыі моладзі. Гэта малітоўныя сустрэчы маладых людзей, музычная майстэрня, канікулы з Богам, скаўты, розныя фармацыйныя сустрэчы і г.д.

Аднак сённяшняя падзея з’яўляецца выключнай – прэзбітэрскае пасвячэнне сына івянецкай зямлі, члена ордэна братоў меншых францішканаў. Францішкане гістарычна даўно пусцілі карані ў гэтую зямлю, і яе духоўны стан звязаны з іх прысутнасцю і дзейнасцю. Сёння іх супольнасць павялічваецца яшчэ на аднаго святара, які ў харызме свайго заснавальніка, святога Францішка, будзе выконваць сваё служэнне ў Беларусі. Таму сённяшняе прэзбітэрскае пасвячэнне – гэта ўзбагачэнне як ордэна францішканаў, так і Касцёла ў Беларусі.

2. Зазвычай чалавек сам сабе выбірае прафесію і становіцца інжынерам, урачом, архітэктарам і г.д. У выпадку святара дзейнічае сам Бог. Гэта Ён выбірае тых, якія будуць дзейнічаць ад Яго імя.  Нездарма Хрыстус сказаў апосталам, што не яны Яго выбралі, але Ён іх выбраў і паслаў, каб яны ішлі і прыносілі плён і каб іх плён трываў.

Таму ў справе паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця ініцыятыва належыць Богу. Ён выбірае адпаведнага кандыдата яшчэ да яго нараджэння, выбірае ва ўлонні маці. Пакліканаму належыць толькі прачуць голас клічучага Пана і адказаць на яго. І менавіта гэта з’яўляецца адной з галоўных прычын крызісу пакліканняў да святарства і кансэкравангага жыцця. У гомане і секулярных тэндэнцыях нашага часу, калі чалавек на першае месца ставіць імкненне да багацця і прыемнасцяў, ён не чуе голасу паклікання і засяроджваецца на справах гэтага свету. Замест таго, каб па прыкладзе прарока Ісаі сказаць: “Вось я, пашлі мяне”, ён адмаўляецца ад Божай волі.
 
Але для таго, каб малады чалавек згадзіўся з Божай воляй, ён павінен быць адпаведна выхаваны. І тут неабходна падзякаваць бацькам дыякана Яўгена Голуба за адпаведнае хрысціянскае выхаванне. Дзякую таксама і айцам францішканам, якія сваёй працай і служэннем Богу і Касцёлу адкрылі перад ім прыгажосць харызмы святога Францішка, каб ён пастукаў у дзверы вашага ордэну і потым там прайшоў адпаведную фармацыю, якая і прывяла яго да сённяшняга дня.

3. Калі мы глядзім на святара, то найперш бачым у ім чалавека падобнага да кожнага іншага, але з іншага боку бачым у ім таксама і таго, які дзейнічае моцаю Езуса Хрыста. Другі Ватыканскі Сабор недвухсэнсоўна вучыць, што калі святар хрысціць, то сам Езус змывае першародны грэх; калі адпускае грахі, то гэта чыніць сам Бог, бо ніхто іншы не можа адпусціць грахоў; калі цэлебруе святую Эўхарыстыю, то сам Хрыстус некрывавым чынам ахвяруецца за грахі людзей.

Гэта ўсё паказвае, што святар дзейнічае не сваёй моцаю, але Божай. Можна быць вельмі адукаваным, можна быць вельмі моцным фізічна, можна займаць высокую пасаду, можна камандаваць арміяй, нават самай магутнай у свеце, але ніхто, акрамя святара, не можа ўчыніць тое, што ён чыніць - а менавіта дае Бога людзям. Таму, прызнаючы вельмі важную ролю служэння свецкіх у Касцёле, мы бачым, што ніхто і нішто не можа замяніць святара. Зброяй святара з’яўляюцца не танкі ці самалёты, але заўсёды дзейснае і актуальнае Евангелле.

4. Касцёл вельмі прэцэзійна акрэслівае заданні святара, якімі з’яўляюцца абвяшчэнне Божага слова, асвячэнне людзей і будаванне хрысціянскай супольнасці.

Заданне служэння Божага слова, нягледзячы на тое, што Евангелле ўжо абвяшчаецца 2000 гадоў, не памяншаецца, але з дня на дзень узрастае. Гэта бачна асабліва ў наш час адыходу ад Бога і ўсё большага ігнаравання рэлігіі, калі людзі не ведаюць маральных нормаў, знаходзяцца ў несвядомасці граху і не разумеюць сэнсу свайго жыцця.

Заданне асвячэння людзей ажыццяўляецца праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, як бачных знакаў нябачнай Божай ласкі, якая патрэбна для збаўлення. Сёння існуе вялікая патрэба ў тым, каб вернікі паўсюль мелі доступ да сакрамэнтаў і каб праз удзел у іх яны ўмацоўваліся духоўна і маглі супрацьстаяць выклікам нашага часу. Каб пераадолець перашкоды, неабходна быць адпаведна падрыхтаванымі да гэтага. Так ёсць і ў духоўным жыцці.

Нарэшце, заданне будавання хрысціянскай супольнасці павінна найперш ажыццяўляцца праз служэнне людзям. Святар з людзей узяты і людзям на служэнне пастаўлены. Гэта асабліва бачна ў нашай краіне, дзе доўгія тры пакаленні рэлігія пераследавалася і было вельмі мала святароў. Там, дзе святар аддана служыць людзям, адразу з’яўляецца моцная супольнасць.

Такім чынам, дарагія браты і сёстры, мы бачым, да якіх узнёслых заданняў пакліканы святар і якая адказнасць ляжыць на ім. Гэта адказнасць за чалавечыя душы, за іх духоўны стан і збаўленне.

5. Дыякан Яўген, Бог цябе паклікаў да святарства ў супольнасці францішканаў, паклікаў у час, калі ў Беларусі неабходна адбудоўваць Касцёл і яго ўмацоўваць. Сёння табе, як калісьці святому Францішку, Езус кажа адбудаваць Касцёл. Францішак не змарнаваў дадзеных яму Богам дароў і сапраўды яго адбудаваў. Ён стаўся сапраўдным рэвалюцыянерам свайго часу. Абвяшчаў Евангелле з такой моцай і перакананнем, што яго словы пранікалі ў душы людзей і іх перамянялі. Верна цэлебраваў сакрамэнты, каб карміць людзей збаўчай Божай ласкай. Праз служэнне бліжнім і справы дабрачыннасці будаваў хрысціянскую супольнасць і вучыў іншых гэта чыніць, бо любоў да патрабуючага – гэта любоў да самога Езуса. Больш за тое, ён вучыў у прыроде бачыць Бога і Яго дзіўныя справы. Менавіта таму ён з’яўляецца апекуном у справах экалогіі.

Сучасны свет перажывае нябачны дасюль экалагічны крызіс. Прырода сама ўжо не можа справіцца з амаральнай інгерэнцыяй чалавека ў яе. Ёй патрэбна дапамога. Але існуе яшчэ і крызіс духоўнасці. Таму неабходна клапаціцца і аб экалогіі душы. Каб вырашыць гэты крызіс, неабходна дапамога Бога, які прыходзіць праз служэнне святара.

Касцёл у Беларусі цябе чакае. У харызме заснавальніка ордэну францішканаў святога Францішка будзь духоўным лекарам сучаснага чалавека і вылечы яго ад цяжкага экалагічнага крызісу душы, каб ён ізноў быў такім, якім яго стварыў Створца, а менавіта па вобразу і падабенству Божаму. Амэн.  

Адноўлена 13.09.2014 17:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі