Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі

Мінскі архікатэдральны касцёл, 12 верасня 2014 г.

Імя Марыі – найбольш бяспечны шлях да Бога

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Імя Марыі. У мінскай катэдры адзначаецца парафіяльнае свята і адпуст.

Кожны чалавек мае імя. Сёння мы ўспамінаем імя “Марыя”, якое было дадзена Божай Маці. Слова “Марыя” паходзіць ад габрэйскага “Мірыям”, што азначае “прыгожая, нясучая радасць”.

У гэтым значэнні якраз і крыецца веліч Марыі, бо Яна сапраўды прыгожая сваёй душой і Яна падарыла свету самую вялікую радасць – Збаўцу. Падчас Звеставання арханёл Габрыэль назваў Яе поўнай ласкі (пар. Лк 1, 28), што і ўказвае на Яе духоўную прыгажосць. У марыйнай малітве мы звяртаемся да Яе словамі: “Вітай, Марыя, поўная ласкі”, у якіх выказваецца радасць з таго, што Яна Беззаганна Зачатая і ўсё сваё жыццё была без граху.

2. Святы апостал Павел у першым Пасланні да Цімафея нагадвае аб тым, што Езус Хрыстус з’яўляецца адзіным пасрэднікам паміж Богам і чалавекам (пар. 1 Цім 2, 5). Так ёсць таму, што Ён адначасова і Бог, і чалавек. Будучы сапраўдным Богам і чалавекам, Езус адначасова знаходзіцца ў боскай сферы дзеяння і ў чалавечай. Пасрэднік – гэта той, хто знаходзіцца паміж двума супрацьлеглымі і нязгоднымі паміж сабой бакамі. Барацьба дабра са злом упісана ў гісторыю чалавецтва, і таму наебходны пасрэднік, каб прымірыць бакі.

У наш час такім пасрэднікам паміж ваюючымі бакамі ва Усходняй Украіне стала Беларусь, дзякуючы чаму вымалёўваецца план завяршэння нікому не патрэбнага канфлікту, у якім гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі, разбураюцца гарады, нішчыцца эканоміка, не гаворачы аб яго вельмі негатыўных маральных наступствах.

Езус Хрыстус сваёю крыжовай смерцю і Уваскрасеннем прымірыў чалавека з Богам. Чалавек, які адмовіўся слухаць Бога, Хрыстом быў прыміраны з Ім. Працэс прымірэння Бога з чалавекам працягваецца і будзе працягвацца да канца часоў, бо чалавек грашыць і яму неабходна вяртацца да Бога. Гэтае вяртанне ажыццяўляецца ў Хрысце і праз Хрыста, найперш у сакрамэнце пакаяння, які на самой справе з’яўляецца сакрамэнтам прымірэння чалавека з Богам і Касцёлам, як Народам Божым.

3.    Праўда аб тым, што Езус Хрыстус з’яўляецца адзіным пасрэднікам паміж Богам і чалавекам, не азначае, што ніхто іншы не можа спрыяць справе прымірэння чалавека з Богам. Аб гэтым выразна вучыць Евангелле. Так, цэнтурыён кажа, што ён не лічыць сябе годным прыйсці да Езуса і таму пасылае іншых (пар. 7, 2-8).

Ці заўсёды мы адчуваем сябе годнымі стаць перад Езусам? Напэўна, не. Што робіць чалавек, які хоча вырашыць свае праблемы з іншым, да якога, аднак, не мае доступу? Ён найперш шукае таго, хто мог бы прадставіць яго праблему іншаму, мог бы заступіцца за яго, мог бы пасадзіць іх за адным сталом. Падобна таму, як сталася ў Мінску, калі, дзякуючы беларускаму боку, ваюючыя бакі канфлікту ва Украіне селі за стол перамоваў. Я толькі што вярнуўся з Украіны, са Львова, і магу пацвердзіць, што ўкраінцы вельмі высока ацэньваюць ініцыятыву Беларусі ва ўрэгуляванні канфлікту ва Усходняй Украіне. Мінск стаўся прымальнай пляцоўкай для ўсіх бакоў канфлікту.

Падобна ёсць і ў духоўным жыцці чалавека. Калі мы не асмельваемся непасрэдна звяртацца да Езуса, то павінны памятаць аб тым, што маем вельмі магутную заступніцу – Марыю. Як наша духоўная Маці, Яна няспынна клапоціцца аб сваіх дзецях і з’яўляецца нашай заступніцай перад сваім Сынам.

4. Імя чалавека нагадвае пра асобу і пра тое, кім яна з’яўляецца. Імёны Езуса і Марыі з’яўляюцца найбольш уплывовымі і дзейснымі, якіх злы дух не можа прымаць. Нездарма святы апостал Павел кажа, што на імя “Езус” схіляецца кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй (пар. Піл 2, 10). Калі мы заклікаем імя Марыі і просім Яе заступіцца за нас перад Яе Сынам, то можам быць упэўнены, што наша духоўная Маці нам ніколі не адмовіць.

Таму мы, хрысціяне, павінны быць шчаслівымі, бо Езус Хрыстус з’яўляецца нашым пасрэднікам перад нябесным Айцом, а Марыя клапоціцца за нас перад сваім Сынам. Гэта азначае, што мы можам звяртацца да нашага Збаўцы праз Марыю. Яе сэрца адкрыта для нас, бо мы Яе духоўныя дзеці. Яе сэрца адкрыта і для Езуса, бо Яна Яго Маці. Такім чынам, нашы недасканалыя просьбы даходзяць да Езуса праз Марыю, якая з’яўляецца найбольш дасканалым Божым творам. Марыя як быццам фільтруе і ачышчае нашы просьбы, чыніць іх больш дасканалымі, каб яны былі выслуханы. Нездарма лацінская прыказка кажа: “Ad Iesum per Mariam” – “Да Езуса праз Марыю”. І мы, як хрысціяне, павінны карыстацца такой магчымасцю, каб праз Марыю прадставіць нашы просьбы Езусу.

5. Традыцыйна ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі ў мінскай катэдры праходзіць аднаўленне сужэнскіх абяцанняў тых, хто ажаніўся на працягу апошняга года. Вядома, што сучасная сям’я перажывае вельмі цяжкі крызіс. Здаецца, што сучасны секулярызаваны свет аб’явіў створанаму Богам інстытуту сям’і ядзерную вайну, каб бязбожнай радыяцыяй знішчыць яе боскае паходжанне і ўчыніць чыста чалавечым творам, якім можна маніпуляваць.

У той жа час вядома, што сям’я з’яўляецца галоўнай клеткай кожнага грамадства (пар. GS 52). Яго шчасце і будучыня залежаць ад стану сям’і, якая павінна быць хатнім Касцёлам, месцам нараджэння новага жыцця і яго хрысціянскай фармацыі, а таксама радасцю і надзеяй свету.   

Дарагія сужэнцы, сёння Касцёл перад вашымі вачыма ставіць Марыю, якая ўсё сваё жыццё заставалася духоўна прыгожай і несла радасць і надзею людзям. Наша краіна глядзіць на вас з надзеяй, што вы таксама будзеце несці радасць і прыгажосць у наша жыццё і ўчыніце яго больш сэнсоўным.

У клопатах штодзённага жыцця заклікайце Імя Марыі, каб з кожным днём набліжацца да Бога і ў Ім быць адно для аднаго сёння і праз усё жыццё самымі прыгожымі. Няхай радасць вашага сужэнства перапаўняе вашы сэрцы і праз вас перадаецца ўсяму грамадству. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі