Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы Малітоўнай сустрэчы моладзі

Івянец, 27 ліпеня 2014 г.

Езус – наша шчасце

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагая моладзь!

1. Евангелле XVII Звычайнай нядзелі прадстаўляе нам прынцыпы Нябеснага Валадарства. Езус параўноўвае яго да каштоўнай пярліны, якую хоча купіць чалавек. Для гэтага ён прадае ўсё, што мае, каб толькі яе набыць (пар. Мц 13, 45-46). Задумаемся над гэтымі словамі Езуса. Прадаць усё, каб толькі набыць пярліну! Гэта азначае, што няма нічога больш каштоўнага і важнага ў яго жыцці за пярліну.

З гэтых слоў Езуса можна зрабіць выснову, што не можа быць нічога больш каштоўнейшага за Нябеснае Валадарства, і таму для яго дасягнення варта прадаць усё, гэта азначае, што варта нават ахвяраваць сваё жыццё без рэшты ў служэнні Богу і бліжняму.

2. Што такое пярліна і адкуль яна з’яўляецца?

Пярліна – гэта цвёрдае круглаватае ўтварэнне, якое здабываюць з ракавін некаторых малюскаў, найчасцей вустрыц. Пярліна цэніцца як каштоўны камень і выкарыстоўваецца для вытворчасці ювелірных вырабаў.

Пярліна ўтвараецца ўнутры ракавіны малюска ў выніку траплення туды іншага прадмета, найчасцей пясчынкі. Малюск бароніцца ад іншароднага цела, бо яно можа яму пашкодзіць. Каб супрацьстаяць гэтаму, малюск вылучае перламутр, які пакрывае пясчынку, і такім такім чынам утвараецца каштоўная пярліна.

Тут можна сказаць, што працэс утварэння пярліны яўляе сабой нейкі парадокс. Іншароднае цела, якога малюск не хоча, бо яно пагражае яго жыццю, становіцца каштоўнай пярлінай.

Ці не аб гэтым нагадвае нам святы апостал Павел у сённяшнім другім чытанні, калі кажа, што Бог супрацоўнічае з любячымі Яго для іх дабра (пар. Рым 8, 28)? Падобнае адбываецца і з чалавекам, які давярае сябе Богу. Тады ўсе нашы цяжкасці і нават трагедыі могуць стаць благаслаўленнем. Нездарма лацінская прыказка кажа:“Per aspera ad astra” – „Праз церні да славы”. Нездарма таксама людзі кажуць, што няма таго зла, якое б не выйшла на дабро. Сапраўды, мы павінны вучыцца на памылках.

3. У жыцці чалавека могуць быць часовыя прыемнасці, якія на самой справе не даюць нам сапраўднага шчасця. Пакуль чалавек малады, яму здаецца, што ўвесь свет у яго пад нагамі і ён знаходзіцца ў яго цэнтры. Такое мысленне вядзе да памылковай высновы, што неабходна карыстацца кожнай нагодай, якая, як падаецца, нясе шчасце, не задумваючыся над тым, ці адпавядае гэты шлях маральнаму закону. У выніку чаго маладыя людзі часта шукаюць шчасця ў неўпарадкаваным сексуальным жыцці, алкаголі, наркотыках, амаральных паводзінах, свабодзе без адказнасці і г.д.

У пэўную хвіліну яны адчуваюць сябе свабоднымі, без стрэсаў, шчаслівымі. Але што наступае потым? Ці мае такое шчасце свой працяг? Калі нязгодна з маральнымі прынцыпамі шукаем поспеху, прыемнасцяў і матэрыяльных каштоўнасцяў, чынячы з іх бога, то становімся нявольнікамі гэтых спраў і рэчаў. У выніку мы адчуваем сябе ніколі не задаволенымі, бо нам усё мала і мала. Такі стыль жыцця нярэдка вядзе да яшчэ большага няшчасця, да новай залежнасці, да дэпрэсіі, нават да трагедыі, калі малады чалавек губляе сэнс свайго жыцця і можа нават завяршыць яго самагубствам.

У той жа час Касцёл прапануе нам сапраўдны шлях да шчасця, сапраўдную каштоўную пярліну, якой з’яўляецца Езус. Ісці за Ім нялёгка, бо неабходна несці крыж свайго жыцця. Для некаторых ён можа выглядаць як іншароднае цела, асабліва ў нашы часы, калі ўсе імкнуцца жыць без клопатаў. Аднак менавіта крыж нашага жыцця – гэтае іншароднае цела для многіх сучасных людзей – дзякуючы Божай ласцы ператвараецца ў каштоўную пярліну хрысціянскага жыцця і сведчання. Несучы крыж нашага жыцця, мы адкрываем у нас саміх пярліну, якой з’яўляецца сам Хрыстус.

Гэта вучэнне Збаўцы, і яго неабходна бачыць і чуць, бо многія, як кажа Хрыстус, маюць вочы, але не бачаць, маюць вушы, але не чуюць. У наш час усё больш тых, хто хоча бачыць і чуць толькі тое, што яму падабаецца. Гэта не што іншае, як самападман і ілюзія. Сённяшняе Евангелле заклікае нас адкрыць вочы і вушы нашай душы, каб адпаведным чынам рэагаваць на дар Божай ласкі ў дасягненні Божага Валадарства.

4. Ці гатовы мы адправіцца ў духоўны шлях на пошук гэтай пярліны, якой ёсць Езус? Ці патрэбна нам мапа і GPS? Так! Гэтае падарожжа з’яўляецца падарожжам у наша сэрца, і мапа дадзена нам самім Хрыстом.

Як мы павінны распачаць гэтае падарожжа? Святы Айцец Францішак прапануе нам засяродзіцца на першым з васьмі благаслаўленняў са славутага казання Езуса на гары, у якім Ён даў чалавецтву маральны кодэкс, якога неабходна прытрымлівацца, каб дасягнуць Нябеснага Валадарства. Канкрэтна сёлета Папа прапануе засяродзіцца на наступных словах Хрыста: “Благаслаўлёныя ўбогія духам, бо ім належыць Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 3).

Напэўна, не адзін з сучасных людзей можа падумаць, што Езус хоча, каб мы былі беднымі. Гэта адразу асацыюецца з няшчасцем. Касцёл у сваім сацыяльным вучэнні шмат кажа пра справядлівы падзел натуральных багаццяў, пра сацыяльную справядлівасць і дапамогу патрабуючым і клапоціцца аб тым, каб у свеце не было беднасці і шанавалася годнасць усіх людзей.

У сувязі з гэтым неабходна спытаць саміх сябе: кім з’яўляюцца евангельскія ўбогія? Гэта ўсе людзі, бо чалавечая прырода з-за першароднага граху пазначана радыкальнай беднасцю. Чалавек страціў тую прыгажосць, якой яго адарыў Створца. Такім чынам, кожнае імкненне да багацця і выгодаў з’яўляецца не чым іншым, як толькі вонкавым праяўленнем шчасця, якое не можа запоўніць духоўную пустату. Таму лагічна, што сапраўдным скарбам ёсць Бог. Мы можам і павінны стаць шчаслівымі ўжо тут, на зямлі, калі прымем багацце, якім Бог жадае нас адарыць у Езусе Хрысце. Згодна з вучэннем Хрыста благаслаўлёныя – гэта тыя, хто не абцяжарвае сябе імкненнямі да матэрыяльнага багацця, да таго, што праходзіць і не з’яўляецца трывалым. Яны ўбогія, бо свабодны ад таго, што лішняе. Іх любоў да рэчаў вечных дапамагае ім вызваліцца ад дамінавання ў іх жыцці зямных рэчаў.

Таму сцверджанне Езуса, што благаслаўлёныя ўбогія духам, з’яўляецца па сваёй сутнасці рэвалюцыйным, бо прадстаўляе кардынальна іншы тып шчасця, чым той, які прапагандуюць бяздушныя медыя, і дае надзею нават насуперак надзеі. Таму бедныя духам не з’яўляюцца прайграўшымі, але тымі, якія ведаюць дарогу да трывалага шчасця.

У сувязі з гэтым Папа Францішак у сваім Пасланні на чарговы Сусветны дзень моладзі заклікае быць свабоднымі ад матэрыяльных рэчаў і супрацьстаяць культуры спажывецтва. Замест гэтага неабходна на першае месца паставіць Езуса, які вызваліць нас ад ідалапаклонства і дапаможа перамагчы ўсялякія крызісы (пар. ПXXIXСДзМ 3).

5. Дарагая моладзь!

Выключэнне Бога і духоўных каштоўнасцяў з жыцця вядзе да выключэння магчымасці змяніць свет на лепшы. Святы Ян Павел II кажа, што будучыня распачынаецца сёння, а не заўтра, каб быць святымі, да чаго нас паклікаў Бог. Таму шлях да шчасця ў гэтым жыцці неабходна распачаць сёння, не адкладваючы на заўтра. Для гэтага неабходна быць трывалымі ў сваіх пастанаўленнях. А менавіта - трэба памятаць аб справах духоўных, а не зацыклівацца толькі на матэрыяльных і пошуку прыемнасцяў.

Гэта нялёгкі шлях і на ім шмат перашкодаў і спакусаў. Пару дзён таму я вярнуўся з Мальты. Па дарозе ў аэрапорт у г. Рабат наведаў грот, дзе знаходзіўся святы апостал Павел. Калі ішоў да грота, маю ўвагу прыцягнуў надпіс каля ўваходу ў адзін з рэстаранаў. На англійскай мове было напісана: “Alcohol will not solve your problems, neither milk” – “Ні алкаголь, ні малако не вырашаць тваіх праблем”. Што выбраць маладому чалавеку ў такой сітуацыі, пад ціскам такіх і падобных рэклам і сентэнцый? Што выбраць, каб быць шчаслівым? Як захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць, калі наша жыццё пазначана сталай барацьбой за справядлівасць, змаганнем са злом і многімі іншымі выклікамі?

Адказ дае Евангелле, а менавіта Езус і Яго вучэнне. Яно дапаможа адмовіцца ад “танных” прапаноў шчасця, якіх так многа ў сучасным свеце.

Дазволім Богу ўвайсці ў нашы сэрцы і быць прысутным у нашай асабістай гісторыі, а праз нас - прысутным у гісторыі нашага грамадства, каб Ён рэвалюцыйнай моцай сваіх благаслаўленняў сапраўды ўчыніў нас шчаслівымі. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Францішак. Пасланне на XXIX Сусветны дзень моладзі (ПXXIXСДзМ).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі