Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікодная гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на рэзурэкцыйнай Імшы

20 красавіка 2014 г.

Быць пасхальнымі феніксамі

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

1. Гэтым велікодным воклічам вітаю ўсіх вас, дарагія браты і сёстры! Вітаю і віншую з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Хрыстова.

Раззваніліся на вежах касцёлаў і цэркваў званы, бо сёння ўсе хрысціяне разам адзначаюць Пасху.

Старадаўняя хрысціянская традыцыя лічыць свята Уваскрасення Езуса Хрыста самым галоўным ва ўсім літургічным годзе. Свята Пасхі прадстаўляе нам таямніцу нашага збаўлення. Калі падчас Божага Нараджэння мы казалі, што Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення, то падчас Пасхі мы разважаем над тым, што Хрыстус сапраўды нас збавіў.

2. Грэчаскі паэт Гесіёд, які жыў за восем стагодззяў перад Нараджэннем Хрыста, напісаў паэму пра фенікса. У ёй ён нагадвае аб тым, як птушка фенікс, адчуваючы блізкую смерць, з пахучых галінак дрэў будуе гняздо, потым яго падпальвае і згарае ў ім. Аднак з попелу вылятае новы фенікс. Такім чынам фенікс сімвалізуе несмяротнасць, уваскрасенне і новае жыццё.

Гісторыя фенікса прыпамінае нам пасхальнае пасланне. Езус аддаў сваё жыццё і ўваскрос з магілы. Новае жыццё ўзнікла са смерці. Сёння акурат мы і азначаем перамогу Хрыста над смерцю – гэты дар вечнага жыцця для веруючых у Хрыста. Менавіта таму фенікс з’яўляецца адным з найбольш старых сімвалаў Уваскрослага Хрыста. Ён таксама сімвалізуе наша штодзённае ўваскрасенне да новага жыцця. Кожны дзень Хрыстус падымае нас з попелу нашых грахоў да новага жыцця.

3. Пасха вядзе нас да веры. Сённяшняе Евангелле распавядае пра дарогу веры ва Уваскрасенне для вучняў Хрыста, для Магдалены, Пятра і Яна. Марыя Магдалена раніцай, калі яшчэ было цёмна, пайшла да гробу Хрыста, каб намасціць Яго цела алеем. Гэтым самым яна хацела аказаць апошнюю паслугу свайму Настаўніку.

Евангелле кажа, што яна пайшла, калі было цёмна. Было цёмна вакол яе. Але было цёмна і ў яе душы, бо Той, хто называй сябе вечна жывым, памёр на крыжы і быў пахаваны.

Якое ж было яе здзіўленне, калі яна ўбачыла гроб пустым. Не трэба дзівіцца яе рэакцыі. Напэўна, і наша рэакцыя была б падобнай. Бо хто і калі бачыў памерлага ўваскрослым?!

Яна хуценька сказала аб гэтым вучням Езуса Пятру і Яну, і яны пабеглі да гробу. Першым у пусты гроб увайшоў Пётр. Потым Ян.

Тут трэба падкрэсліць адзін вельмі важны момант рэакцыі Магдалены, Пятра і Яна на пусты гроб. Магдалена яго ўбачыла і затрымалася на гэтым знаку. Яна нават казала вучням Езуса, што Яго цела ўкралі. Пётр убачыў больш. Ён увайшоў у гроб і ўбачыў камень, на які было пакладзена цела Езуса, а таксама палатно, у якое яно была завёрнута. Ён убачыў знакі, але не зразумеў да канца ўсяго, што сталася. Нарэшце, у гроб увайшоў Ян. Ён убачыў тое ж самае, але ў той жа час убачыў найбольш. Евангелле кажа, што ён “убачыў і паверыў”. Паверыў, што Хрыстус уваскрос.

Каб убачыць і паверыць, неабходна мець сэрца, якое любіць і якое ведае, што яно таксама ахоплена любоўю. Хто зведвае ў глыбіні сэрца любоў Езуса, той можа паверыць ва Уваскрасенне.

4. Кожны чалавек Езуса розным спосабам прыходзіць да веры ва Уваскрасенне, бо Бог ставіць на іх жыццёвым шляху розныя знакі. Сённяшняе Евангелле распавядае пра Магдалену, Пятра і Яна і іх дарогу да веры ва Уваскрасенне Езуса. Вучні з Эмаўса пазналі Езуса па ламанні хлеба, гэта азначае Эўхарыстыі. Тамаш толькі тады, калі сам Езус яму прапанаваў укласці свае пальцы ў Ягоныя раны і больш не быць няверуючым, але веруючым.

Таксама і сёння Езус прадстаўляе нам знакі свайго Уваскрасення. Адны знаходзяць яго ў Святым Пісанні. Іншыя ў сакрамэнтах ці падчас малітвы. Яшчэ іншыя ў гістарычных падзеях, што асабліва важна нам. Вера ў Беларусі пераследавалася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Здавалася, што яна ўжо памерла. Аднак не. Яна ізноў паўстае да новага жыцця.  

Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца цэнтральным пунктам хрысціянскага паслання. Праз сваю смерць Хрыстус знішчыў нашу смерць, а праз Уваскрасенне ўваскрасіў нашае жыццё. Праз Пасхальную таямніцу смерці і Уваскрасення Хрыстус учыніў нас свабоднымі і духоўна нясмяротнымі. Таму ўжо сёння мы прымаем удзел у праўдзе Уваскрасення і з’яўляемся людзьмі ўваскрашэння.

5. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

У гэты радасны велікодны ранак віншую ўсіх вас са святам святаў. Віншую католікаў, праваслаўных і ўсіх хрысціян. Сёлета мы разам святкуем Пасху. Таму наша радасць павінна быць яшчэ большай. Віншую ўсіх людзей добрай волі. Езус аддаў сваё жыццё і ўваскрос за ўсіх людзей.

Усім вам жадаю быць пасхальнымі феніксамі, каб вашай штодзённай радасцю быў Уваскрослы Хрыстус. Няхай Ён вас вядзе ў веры, надзеі і любові да паўстання новага жыцця ў Божай ласцы, да таго, каб вы ўсе былі людзьмі ўваскрашэння.

Са святам! З Пасхай Хрыстовай!

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі