Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер 2014 г.

Святар – чалавек малітвы

Глыбокапаважаныя слугі алтара!

1. Сардэчна вітаю вас y Вялікі чацвер – у свята святара, калі мы ўсе разам – біскупы і прэзбітэры – цэлебруем Імшу асвячэння алеяў. Гэта ўспамін устанаўлення сакрамэнту пасвячэння, знак нашай еднасці і відавочнае праяўленне прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскага Касцёла.

Гэты год, як першы год падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, у пастырскай праграме Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прысвечаны малітве. Мы ўсе павінны маліцца, але найперш чалавекам малітвы павінен быць святар, як духоўны настаўнік людзей.

Менавіта таму сённяшнія разважанні прапаную прысвяціць тэме малітвы ў жыцці і дзейнасці святара.

2. Езус кажа: “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны” (Мц 5, 48). Быць дасканалым – азначае быць святым. Нездарма Бог кажа: “Будзьце святымі, бо і Я святы” (Лев 11, 44). А да дасканаласці вядзе малітва.

Благаслаўлёны Ян Павел II вучыць, што падмуркам педагогікі святасці павінна быць перадусім пазначанае малітвай хрысціянства. А нашы хрысціянскія супольнасці павінны станавіцца сапраўднымі школамі малітвы, у якой спатканне з Езусам адбываецца не толькі падчас просьбы аб дапамозе, але і выказваецца праз падзяку, праслаўленне, адарацыю, кантэмпляцыю, слуханне, палкасць пачуццяў аж па сапраўднае зачараванне сэрца. Асаблівым чынам да малітвы пакліканы тыя, хто атрымаў дар паклікання да святарства. Таму неабходна, каб выхаванне да малітвы сталася галоўным элементам усіх пастырскіх праграм (пар. NMI 32-34), у тым ліку і праграм сталай фармацыі святароў.

3. Святар пакліканы быць чалавекам малітвы. Калі хрысціянская супольнасць павінна быць “школай малітвы”, то святары, якія яе ўзначальваюць, павінны быць “гаспадарамі малітвы”. І тут ёсць вялікая праблема. Мы, святары, павінны быць настаўнікамі малітвы, але ці ўмеем маліцца самі і ці молімся?

Апосталы прасілі Езуса, каб навучыў іх маліцца (пар. Лк 11, 1). Сёння многія хрысціяне падыходзяць да святара з такой жа просьбай. Практыка штодзённага жыцця сведчыць, што хаця ў нашых пастырскіх планах прадугледжаны шматлікія ініцыятывы, як, напрыклад, для моладзі і дзяцей, для розных груп вернікаў, для пілігрымак і экскурсій і г.д., аднак, у той жа час, не занадта шмат іх прысвячаецца малітоўнай фармацыі вернікаў.

Ці не таму людзі нярэдка шукаюць іншых формаў малітвы па-за хрысціянствам? Усё мацней у жыццё сучаснага еўрапейца ўрываюцца ўсходнія дэструктыўныя рэлігійныя культы. На месца Бога ставяцца падазроныя ідалы. Да веры ў Бога, якога аб’яўляе Святое Пісанне і Традыцыя, дадаюцца элементы іншай рэлігійнасці і магіі. Людзі захапляюцца акультызмам і ўсходнімі формамі духоўнасці, спяшаюцца да магаў і экстрасэнсаў і г.д.

Гэта сімптом нашага часу, знак таго, што традыцыйнае хрысціянства хворае. Аднак, з іншага боку, гэта таксама і знак таго, што, нягледзячы на працэсы секулярызацыі, у свеце існуе патрэба духоўнасці, якая праяўляецца праз голад малітвы. І людзі яе шукаюць, нават коштам адыходу ад традыцыйных хрысціянскіх форм, бо чалавек не можа жыць у духоўным вакууме. Мы, як святары, якім даручаны абавязак духоўнай апекі людзей, павінны вучыць іх малітве і паказваць ім, да якога глыбокага духоўнага жыцця яна можа прывесці (пар. NMI 33).

4. Ніхто не можа вучыць іншых маліцца, калі ён сам не з’яўляецца чалавекам малітвы. Тут мы дакранаемся да вельмі нервовага пункту. Нездарма апостал Пётр кажа, што нягожа занядбоўваць слова Божае і клапаціцца толькі пра абслугоўванне сталоў, неабходна ўвесь час прабываць на малітве і абвяшчаць Евангелле (пар. Дз 6, 2.4). Гэта сведчыць аб тым, што святар перш за ўсё павінен памятаць аб сваім галоўным заданні – абвяшчаць Божае слова – і аб малітве, абавязку, цесна звязаным з гэтым.

Вялікай дапамогай святарам у гэтай галіне можа стаць малітоўная дапамога вернікаў. Святая Кацярына з Сіены такую малітоўную дапамогу называла “малітоўным мурам”. Дзеі Апосталаў таксама пакінулі нам добры прыклад. Апосталы Пётр і Ян былі вызвалены з Сінэдрыёна з загадам не прамаўляць ад імя Хрыста. Тады перад імі паўстала вялікая дылема. Калі б яны праігнаравалі гэты загад, то выклікалі б рэпрэсіі супраць усёй хрысціянскай супольнасці, а калі б падпарадкаваліся, то здрадзілі б мандату Хрыста ісці і абвяшчаць Евангелле (пар. Мц 28, 19). І толькі малітва ўсёй супольнасці дазволіла ім пераадолець крызіс. Уся супольнасць пачала маліцца, што стварыла атмасферу інтэнсіўнай веры, і як быццам паўтарылася Пяцідзясятніца. Напоўненыя Духам Святым апосталы працягнулі абвяшчэнне Евангелля збаўлення (пар. Дзеі 4 , 23-31).

5. Існуюць дзве асноўныя формы малітвы: літургічная і прыватная. Літургічная малітва з’яўляецца супольнай малітвай і павінна адбывацца паводле ўстаноўленых Касцёлам форм. Прыватная – калі моліцца прыватная асоба. Гэтая малітва таксама можа адбывацца спантанна. Існуе і трэці тып малітвы, які з’яўляецца сімбіёзам спантаннай і супольнай. Яна ўласціва малітоўным групам. Малітоўныя групы з’яўляюцца знакам часу, і іх неабходна прыняць з удзячнасцю, аднак клапоцячыся пры гэтым, каб яны дзейнічалі згодна з вучэннем і практыкай Касцёла.

Аб гэтым выдатна кажа святы апостал Павел у першым Пасланні да Карынцянаў: калі члены супольнасці збіраюцца разам і кожны з іх мае ласку спявання псальмоў ці навучання, або дар моваў ці выяснення, то няхай гэта ўсё служыць для будавання, а не для разбіцця супольнасці (пар. 1 Кар 14, 26).

6. Малітва і пастырская дзейнасць непарыўна злучаны паміж сабой. Аднак тут таксама неабходна трымацца адпаведнага парадку. Перш за ўсё ў жыцці святара неабходна аднавіць адносіны паміж малітвай і дзеяннем. На жаль, часта мы з’яўляемся працаголікамі, вельмі актыўнымі ў розных галінах рэлігійнага і асабістага жыцця, захапляемся далёкімі ад духоўнасці хоббі, і ў той жа час забываемся аб малітве. Тады яна носіць або толькі фармальны характар, або знаходзіцца на другім плане. Нам неабходна такая малітва, падчас якой мы пазнаём Божую волю. Чыніць тое, што Бог нам скажа падчас малітвы. Так паступалі апосталы і святыя. Яны маліліся, каб пазнаць Божую волю, як дзейнічаць.

Для Езуса маліцца і дзейнічаць – гэта не дзве розныя ці супрацьпастаўленыя справы. Ноччу Ён маліўся, а днём выконваў волю нябеснага Айца. Добрым сведчаннем з’яўляецца пакліканне апосталаў, перад чым была інтэнсіўная малітва: “У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі” (Лк 6, 12-13).

Калі мы верым, што Бог кіруе сваім Касцёлам праз Духа Святога і адказвае на нашу малітву, то нам неабходна вельмі сур’ёзна ставіцца да яе і яна павінна папярэджваць нашу пастырскую дзейнасць і прыняцце рашэння.

Нам часамі можа выдавацца, што ўсё працягваецца так, як было раней, і што на малітве мы не атрымалі ніякага адказу. Аднак на самой справе гэта далёка не так. Падчас малітвы мы даём магчымасць Богу выказаць Яго волю, каб потым прыняць адпаведнае рашэнне. Практыка паказвае, што чым больш часу мы праводзім на малітве, падчас якой просім Бога дапамагчы знайсці шлях для вырашэння той ці іншай праблемы, тым менш часу патрабуем для яе вырашэння.

Многія святары могуць засведчыць, што іх жыццё і служэнне змяніліся з таго часу, калі яны прынялі станоўчае рашэнне ў штодзённы графік заняткаў уключыць асабістую рэгулярную малітву, каб разам з Богам прыняць адпаведнае Яго волі рашэнне.

Асаблівае месца ў жыцці святара павінна мець малітва хадайніцтва. Прыклад нам пакінуў Езус у сваёй святарскай малітве: “Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае” (Ян 17, 9). Езус рэдка маліўся ў сваёй інтэнцыі, напрыклад: “Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе” (Ян 17, 1), - і значна больш у інтэнцыі іншых, гэта азначае, што Яму на сэрцы ляжала малітва хадайніцтва.

Справядлівы Бог мае абавязак караць. Аднак, у той жа час, Ён з’яўляецца нашым любячым Айцом і таму чыніць усё магчымае, каб не караць. Ён шчаслівы, калі хтосьці заступаецца за грэшніка. Калі няма працягнутых у Яго напрамку молячыхся рук, то Бог скарзіцца, як аб гэтым прыгожа кажа прарок Ісая: “І бачыў, што няма чалавека, і здзіўляўся, што няма заступніка” (Іс 59, 16).  А прарок Езэхіэль наступнымі словамі перадае Божы плач: “Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сцяну і стаў бы перад Мною ў праломе за гэтую зямлю, каб Я не згубіў яе, але не знайшоў” (Эзх 22, 30).

Калі падчас малітвы мы, святары, адчуваем, што Бог мае праблемы з людзьмі, якіх Ён даверыў нашай пастырскай апецы, то павінны заставацца з народам. Так паступіў Майсей, які звярнуўся да Бога са словамі: “О, народ гэты зрабіў вялікі грэх, зрабіў сабе бога; даруй ім грэх іхні; а калі не, дык сатры і мяне з кнігі Тваёй, у якую Ты ўпісаў” (Зых 32, 32). Біблія выразна сцвярджае, што гэта было менавіта тое, чаго хацеў Бог. Майсей заступіўся за народ, і Бог яго не пакараў.

Мы, святары, заўсёды павінны абвяшчаць і бараніць Божы закон. І толькі тады, калі народ не слухае, можам дакараць яго за нявернасць Богу. Калі, спускаючыся з гары, Майсей убачыў, што людзі збудавалі залатога цяльца і яго праслаўлялі, то запаліўся гневам, разбіў табліцы з Божым законам, а залатога цяльца спаліў у агні і яго попел рассыпаў па вадзе (пар. Зых 32, 19).

7. Дарагія святары!

Гэта толькі некаторыя з малітоўных абавязкаў святара, але не хацеў бы, каб ідэя абавязку заставалася дамінуючай, змушаючы нас забыцца, што малітва – гэта найперш Божы дар.

Калі мы адчуваем, што не адпавядаем прадстаўленай мадэлі святара як чалавека малітвы, то мы павінны ўспомніць словы святога апостала Паўла аб тым, што Дух Святы дапамагае нам у нашай слабасці (пар. Рым 8, 26-39).

Даверым жа кожны дзень нашага святарскага служэння Духу Святому і папросім Яго: “Дух Святы, прыйдзі на дапамогу маёй слабасці. Учыні з мяне чалавека малітвы. Маліся ўва мне, каб я чыніў толькі тое, чаго Ты просіш для мяне ў Нябеснага Айца ў імя Езуса”.

На гэты шлях трывалай малітвы ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Адноўлена 16.04.2014 13:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі