Асоба святога Казіміра — гэта абсалютная процілегласць сучаснага чалавека, які не баіцца граху, жадае жыць у абсалютнай свабодзе, не захоўваючы маральных нормаў. Праз гэта ён сам вядзе сваё жыццё да духоўнай катастрофы. Страціўшы духоўныя арыенціры, чалавек апынаецца ў глыбокай дэпрэсіі, шукае выйсце з праблемаў у амаральным жыцці, алкаголі, наркотыках і паступова губляе сэнс свайго існавання.
Прычына сусветнай «маніі» да самазабойстваў крыецца ні ў чым іншым, як у страце сэнсу жыцця. А чалавек пакліканы жыць. Жыццё — гэта самы вялікі дар, які ён атрымаў ад Бога, і ніхто не мае права рабіць на яго замах. У чым крыецца прычына павелічэння колькасці разводаў і абортаў? Гэтаму спрыяе імкненне чалавека да геданізму, самазадавальнення, неабмежаванай і безадказнай свабоды, пагарджання правоў іншага чалавека.
Што, як не безадказнае і амаральнае імкненне выкарыстоўваць самыя новыя дасягненні навукі, вядзе да праблемаў біяэтыкі? Да чаго вядзе сексуальная разбэшчанасць і імкненне да безадказнай свабоды? Гэтыя шматлікія выклікі сучаснага свету, якія вядуць чалавека да краю бездані, можна доўга пералічваць. Але ж урэшце ўзнікае пытанне: дзе шукаць дапамогі? Мімаволі ўзгадваюцца словы, якія Езус сказаў падчас аб’яўленняў святой Фаустыне Кавальскай: надзея сучаснага свету — у Божай міласэрнасці. І гэта дае падставы сцвярджаць, што чалавек на пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі. «Я з вамі ва ўсе часы», — сказаў Езус сваім вучням, а праз іх — усім нам. І сёння Ён — у Божым слове, у сакрамэнтах, у служэнні Касцёла. Ён з намі ў сваёй бязмежнай міласэрнасці.
Перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі павінна дапамагчы нам ва ўмацаванні культу Божай міласэрнасці і даверу да Езуса, які нікога не пакідае, але прыходзіць усім на дапамогу.
Мы заўсёды павінны памятаць евангельскую прыпавесць пра марнатраўнага сына. Айцец не выгнаў яго і не пракляў, але з радасцю прыняў назад у свой дом. Езус казаў, што ў небе будзе больш радасці з навяртання аднаго грэшніка, чым з 99 праведнікаў. Хрыстус шукае авечку, якая заблукала, ажно пакуль не знойдзе яе. Ён таксама шукае кожнага чалавека, які сышоў з правільнага шляху і згубіўся ў жыцці, толькі трэба дазволіць Яму дзейнічаць. Па прыкладу святога Казіміра ў нас павінна быць жаданне выправіцца і не грашыць. Езус не прапануе лёгкіх рэцэптаў вырашэння нашых штодзённых праблем. Ён дае сілу, каб перамагчы іх і выканаць заданне, якое Божы Провід паставіў перад намі, каб ісці шляхам збаўлення. Амэн.
|