Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апошняе развітанне з кс. прэлатам Юзафам Булькам
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
11.01.2010 17:16

11 студзеня 2010 г. у Мосары (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) адбылося пахаванне вечнай памяці кс. прэлата Юзафа Булькі. Святар на працягу многіх гадоў працаваў у мясцовай парафіі Святой Ганны. Сёння ў сценах мосарскай святыні з’ядналіся ў гарачай малітве за душу памерлага пастыра беларускія іерархі, каля 70 святароў з усіх дыяцэзій і, безумоўна, шматлікія вернікі.

Смерць гэтага ахвярнага святара стала сапраўднаю стратаю для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а перш за ўсё для вернікаў Мосара і наваколля. Тужліваю песняю разышлася гэтая вестка па ўсёй Беларусі і за яе межамі.

Жалобныя набажэнствы ўзначаліў кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі на пенсіі, Апостальскi Адмiнiстратар Пінскай дыяцэзіі.

Гамілію прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Бог не стварыў смерць. Ён стварыў жыццё», — падкрэсліў Мітрапаліт, адзначыўшы, што жывы чалавек з’яўляецца праслаўленнем Бога, смерць жа — гэта наступства граху. На смерць, па словах арцыпастыра, неабходна глядзець праз прызму веры і Уваскрасення Хрыста.

Мітрапаліт нагадаў, што кс. Юзаф вёў актыўную душпастырскую дзейнасць не толькі з католікамі, але і з вернікамі іншых веравызнанняў, а таксама з тымі, хто быў далёкі ад веры. Выхаванне асобы на аснове агульначалавечых каштоўнасцяў было адным з асноўных вектараў душпастырскай працы ксяндза прэлата.

Адна з праўдаў веры, як нагадаў арцыбіскуп, — гэта Касцёл, у якім асаблівае месца займае святар. «Заданнем святара з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля, асвячэнне людзей і будаванне хрысціянскай супольнасці. Ксёндз Булька, — падкрэсліў арцыбіскуп, — абвяшчаў Евангелле не толькі з амбоны падчас літургіі, не толькі катэхізуючы, але і праз тое прыгожае, што чыніў сваімі рукамі: адбудову святыняў, дыялог з прыродай, яе разуменне і „прэзентацыю“ яе прыгажосці іншым — тое, што заўсёды прыцягвае чалавека».

Узгадваючы пасланне папы Бэнэдыкта XVI на сёлетні Сусветны дзень міру на тэму «Калі хочаш умацоўваць мір, ахоўвай усё стварэнне», арцыбіскуп адзначыў, што служэнне кс. Булькі адпавядала дэвізу гэтага паслання — будаваць экалогію прыроды праз экалогію ўнутранага свету чалавека. Менавіта дзякуючы ксяндзу прэлату такое сціплае мястэчка, як Мосар, стала вядомым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Праз сваю выключную любоў да прыроды, а таксама яго аздабленне прыкасцёльнай тэрыторыі рэлігійнымі помнікамі, ксёндз прэлат спрыяў навяртанню многіх людзей. Паводле сведчанняў, многія людзі прыйшлі да Бога менавіта праз наведванне мосарскай святыні і знаёмства з кс. Юзафам.

Мітрапаліт адзначыў таксама адданасць і ахвярнасць ксяндза прэлата ў яго святарскім служэнні. Адной з вялікіх справаў, якую памерлы святар чыніў на зямлі, была барацьба за цвярозасць і здаровую сям’ю.

Як нагадаў Мітрапаліт, кс. Юзаф адраджаў не толькі жывы Касцёл, якім з’яўляецца супольнасць вернікаў, але і ўздымаў з руінаў сакральную спадчыну: дзякуючы намаганням ксяндза прэлата былі адноўлены і пабудаваны 8 касцёлаў. Адбудоўваючы храмы, ён нястомна клапаціўся аб пакліканнях да святарства, каб былі тыя, хто мог бы ў іх працаваць. Дзякуючы руплівасці кс. Булькі сёння на нашай зямлі святарскае служэнне нясуць 17 святароў, яго вучняў.  

«Сёння мы прыйшлі падзякаваць ксяндзу Юзафу за яго ахвярную працу, — адзначыў Мітрапаліт на заканчэнне гаміліі. — Напэўна, гэта Божы Провід, што пахаванне ксяндза прэлата адбываецца менавіта сёння, 11 студзеня, у Дзень удзячнасці, калі мы дзякуем Найвышэйшаму за служэнне гэтага святара. Няхай міласэрны Бог будзе літасцівы да душы свайго пакорнага слугі, каб убачыў ён Яго святое аблічча».

На заканчэнне жалобнага набажэнства з цеплынёю прамовіў аб памерлым святары кардынал Казімір Свёнтэк: «Колькі ў табе было запалу і актыўнасці, а цяпер ты так ціха ляжыш». Найстарэйшы беларускі іерарх таксама падзякаваў Богу за 16 гадоў сумеснай працы з кс. Булькам і папрасіў прабачэння перад целам памерлага ад імя ўсіх тых, хто, магчыма, пакрыўдзіў гэтага святара.

Са словамі спачування выступілі таксама біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін і мясцовыя дзяржаўныя ўлады. Ад імя 17 святароў, вучняў кс. Булькі, прамовіў кс. Аляксандр Барыла, пробашч вілейскай парафіі, які па-сыноўску назваў памерлага святара сваім духоўным айцом.

Сімвалічным стала таксама тое, што труну з памерлым у жалобнай працэсіі вакол касцёла неслі вучні кс. Булькі.

Ксёндз Юзаф пахаваны пры ўваходзе ў мосарскую святыню. Сёння яго магіла засыпана жывымі кветкамі, якія разам з малітвамі прынеслі іерархі, святары і вернікі.

У атмасферы супольнай малітоўнай засяроджанасці і супакою прайшло апошняе развітанне са святаром. Напэўна, верны люд будзе працягваць наведваць гэтыя мясціны, тым больш, што кс. Юзаф, стваральнік як знешняй, так і ўнутранай прыгажосці, па-ранейшаму будзе чакаць іх. Пра гэта ім будзе нагадваць сціплы помнік каля ўвахода ў святыню.

Арганізацыяй пахавальных набажэнтваў займаліся вучні ксяндза прэлата — кс. Ян Крэміс і кс. Антоні Клімантовіч.

Працягваць справу кс. Юзафа Булькі ў мосарскай парафіі будзе кс. Уладзімір Шымковіч.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў