Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пахаванне бацькі кс. Андрэя Рылкі адбылося ў Ганцавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
01.04.2015 16:29

1 красавіка ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ганцавічах адбылося пахаванне Пятра Рылкі, бацькі кс. Андрэя Рылкі, канцлера Пінскай курыі. Пахаванне ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гаміліі падчас святой Імшы біскуп адзначыў: «Адыход у вечнасць бацькі сям’і звяртае нашую ўвагу на айцоўства зямное і Божае. Нам блізкае слова “айцец”. Яно нам дарагое, хоць, можа, успрымаем мы яго інакш, чым слова “мама”. Але яно мае глыбокі змест: уводзіць нас ва ўсё тое, што істотнае для чалавека. Яно адкрывае перад намі вечнасць, бо ад Бога Айца ўсё пачынаецца».

Узгадваючы пра малітву Езуса з Аліўным садзе ў чацвер перад Ягонай Мукай, калі Хрыстус звяртаецца да Бога як Айца, а таксама словы Езуса падчас Апошняй Вячэры, пінскі ардынарый заўважыў: «Езус сам усё больш набліжае нас да Айца, і на такой дарозе мы сустракаемся з бацькоўскай любоўю. Так ёсць і ў нашым зямным жыцці». «Бацька неабходны, ён з’яўляецца гарантыяй нашага спакою, бяспекі і нашай тоеснасці», — дадаў іерарх.

«Сёння мы дзякуем Богу падчас апошняга развітання са святой памяці Пятром - мужам, бацькам і дзедам - за яго паставу ў сям’і і супольнасці Касцёла. Дзякуем за дабро, якое ён зрабіў на зямлі. Ён перадаў жыццё, як муж і бацька клапаціўся аб выхаванні дзяцей - дачок і сыноў, якімі яго сям’ю адарыў Бог», — сказаў біскуп Антоні Дзям’янка.

«Богу спадабалася жыццё гэтай сям’і, таму Ён выбраў іх сына Андрэя, каб як святар у Каталіцкім Касцёле абвяшчаў Божае Слова і быў распарадчыкам святых сакрамэнтаў. Гэта мы ўзгадваем напярэдадні Дня святара, якім з’яўляецца Вялікі чацвер – дзень устанаўлення Езусам Хрыстом, заснавальнікам Касцёла, сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства, — адзначыў іерарх. — Думаю, што святарскае пакліканне, якое нарадзілася ў гэтай сям’і, сведчыць аб імкненні яе членаў да Бога, які першы нас палюбіў».

«Сёння, у Вялікую сераду, мы ўдзельнічаем у пахаванні нашага брата Пятра, напярэдадні свята Пасхі, калі асабліва разважаем над апошнімі дзеяннямі Хрыста на зямлі, — нагадаў біскуп. — І ў гэты час перад намі паўстае праўда ва ўсёй красе – кім ёсць Бог. А святы Ян коратка акрэслівае: Бог ёсць любоў. Гэтыя дні нам асабліва гавораць аб любові Бога да чалавека, аб любові, гатовай ахвяраваць за нас Божага Сына дзеля таго, каб мы мелі вечнае жыццё. У гэтым кантэксце лягчэй нам зразумець тое, што Бог чакае адказу ад нас на Яго любоў. Гэтым адказам з’яўляецца ўсё жыццё чалавека, які зразумеў і прыняў любоў».

Звяртаючыся да родных і блізкіх памерлага, пінскі ардынарый сказаў: «Смерць блізкай асобы вырвала вас са штодзённых клопатаў і абавязкаў. Але смерць змушае падумаць аб справах, над якімі, можа, мы не затрымоўваемся. Смерць ёсць фактам таемным, трагічным і балючым, абуджае бунт, правакуе да пытанняў, на якія, апрача веры, цяжка знайсці якіясьці рацыянальныя адказы. Па-за Езусам з Назарэта ніхто не змог выразна і ясна гаварыць аб смерці і аб тым, што адбываецца з чалавекам пасля смерці. Езус сказаў: “Я — уваскрасенне і жыццё. Хто ў Мяне верыць, то хаця б і памёр, будзе жыць”. Усе іншыя погляды бяссільныя і затрымліваюцца на парозе смерці».

«І гэтыя словы хацеў бы перадаць пры труне вашага мужа, таты і дзядулі. Найперш таму, што ён даверыўся Езусу. Гэта адзіная іскра надзеі, без якой усё уключна з бытам чалавека губляе сэнс. Хрысціянская надзея перамяняе сум у радасць, — звярнуў увагу біскуп. — Ваш муж, тата, дзядуля быў добрым, любячым чалавекам. Аб яго любові сведчыць ваш сум і шчыры жаль сабраных тут радні, блізкіх, суседзяў, прыяцеляў. Ён вас любіў, а гэтая любоў была замацавана ў Богу, і веру ў Створцу ён вам перадаў. Жыццё, напоўненае любоўю да Бога і чалавека, прыгожае і годнае чалавека».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.