Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Пілігрымка як другое жыццё»: пілігрымы пра шлях да Маці Божай Лагішынскай (+фота з пілігрымкі)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
23.08.2013 15:37
 
У гэтым годзе пілігрымка прайшла пад дэвізам «Марыя на шляху веры». На працягу чатырох дзён яе ўдзельнікі праз духоўныя практыкаванні разважалі над фрагментамі Евангелля, прысвечаныя сутнасці духоўнага жыцця. 
 
Вераніка Юруш (на фота), Геранёны

«Кожны год чакаю 18 жніўня, каб вырушыць да Маці Божай Лагішынскай. Гэтыя разам я сабралася да Яе зноў, каб падзякаваць Пану Богу за паступленне ў ВНУ. Кожная новая пілігрымка прыносіць духоўнае ўзмацненне. Рыхтуючыся да пілігрымкі, я ўяўляла сабе, як стану на калені і пагляджу ў вочы Марыі — нашай найлепшай Маці…»
 
 Аляксандра Коршун, Баранавічы
 
«Пілігрымка для мяне — гэта другое жыццё. Тут мы ўсе становімся адной вялікай сям’ёй, у якой адзіны Тата — Бог. Мы крочым 4 дні. Ісці, канешне, вельмі цяжка, але калі прыходзіш да санктуарыя Маці Божай, Каралевы Палесся, атрымліваеш такую асалоду, якую не перадаць словамі. Ты яднаешся з Богам. Ён становіцца часткай цябе і ўжо ніколі не будзе інакш».

 
Віталій Шлег, Ляхавічы
 
«Пілігрымка пачалася з цудоўнай, як заўсёды, Святой Імшы. Спадзяюся, што кожны пілігрым падрыхтаваўся ў сваёй інтэнцыі, якія мы прапаноўвалі падчас малітваў. Супольная малітва ў Русінавічах, цудоўнейшая адарацыя ў Ганцавічах, Крыжовы шлях па дарозе, лепшыя канферэнцыі і зусім родныя галасы – усё гэта належыць самай вясёлай пілігрымцы Баранавічы – Лагішын.

 Віталій Мельнік, семінарыст з Камянец-Падольскага (Украіна)
 
«У Беларусі, як і ва Украіне, вельмі шмат людзей, якія не баяцца праяўляць і паказваць сваю веру. У мяне самыя пазітыўныя ўражанні ад гэтай пілігрымкі. Ні дарожны пыл, ні сонца, ні смага, ні мазалі на нагах — нічога не здолела стрымаць нас перад мэтай, якой з’яўляецца Маці Божая Каралева Палесся, пра рукі Якой імкнёмся аддаць Богу ўсе высілкі нашага шляху, у якім кожны з нас ішоў з пэўнай інтэнцыяй».
   
 Марына Ракашэвіч, Мядзведзічы
 
«У гэтым годзе я шосты раз ішла ў пілігрымцы Баранавічы-Лагішын, а ў якасці медыцынскай сястры — трэці. Вельмі падабаецца настрой, з якім пілігрымы крочаць у гэтай нялёгкай дарозе да нашай Маці і іх жаданне дапамагаць адно аднаму. Я ўпэўнена, што кожны з нас нясе ў сваім сэрцы просьбу або падзяку, якую складае Маці Божай. Адным словам, наша пілігрымка дружная, вясёлая, і я лічу, што кожны з нас набыў сабе тых сяброў, з якімі будзе падтрымліваць сувязь усё жыццё і з задавальненнм чакаць наступную пілігрымку».


 
Падрыхтавала Анастасія Мішкура

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.