Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У вілейскай святыні асвяцілі новы алтар
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.11.2016 11:40

20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі асвяціў новапабудаваны алтар Божай Міласэрнасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

Як адзначыў пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла, гэты гістарычны дзень будзе ўпісаны ў летапіс вілейскай святыні.

У цэнтры новага бочнага алтара знаходзіцца абраз Езуса Міласэрнага, па баках усталяваны фігуры апосталаў міласэрнасці — св. Фаўстыны і св. Яна Паўла ІІ.

 

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў, што мэта Надзвычайнага Юбілейнага Года, які 20 лістапада завяршыўся ў Паўсюдным Касцёле, заключалася ў тым, каб звярнуць увагу на аспект Божай Міласэрнасці, без якой мы не можам увайсці ў Божае Валадарства, а таксама на аспект міласэрнасці аднаго чалавека ў адносінах да іншага.

«Міласэрнасць пракладвае сцяжынку да Божага Валадарства», — адзначыў іерарх, а таксама звярнуў увагу на некаторыя правілы, якіх неабходна прытрымлівацца, каб быць членамі гэтага Валадарства. «Без любові да Бога мы не можам належаць да Яго Валадарства, — падкрэсліў біскуп. — Наша жыццё на зямлі — гэта шанс навучыцца любові і стаць сапраўднымі грамадзянамі Божага Валадарства, каб увайсці ў яго пасля смерці».

Асвяціўшы алтар, біскуп Юрый Касабуцкі пажадаў, каб гэты алтар не толькі ўпрыгожваў святыню, але і збіраў на малітве вернікаў розных пакаленняў, каб як мага больш людзей адкрыла сваё сэрца на Божую міласэрнасць. Іерарх заахвоціў усіх парафіянаў прыходзіць да новага алтара са сваімі крыўдамі, клопатамі і смуткам і ўсё давяраць Езусу Міласэрнаму.

Напрыканцы Эўхарыстыі кс. Аляксандр Барыла падзякаваў Богу і шматлікім ахвярадаўцам, якія сваёй малітвай, працай і ахвярамі дапамагалі ў пабудове новага алтара. Са словамі падзякі святар звярнуўся і да біскупа, які асвяціў алтар. Біскуп Юрый Касабуцкі ў сваю чаргу падзякаваў святару за руплівую працу.

Кацярына Дурко, (VGr)
Фота кс. Кірыла бардонава і Аксаны Бажко


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.