Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Езус – найбольш жаданы госць»: Першая Камунія адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёле
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.05.2015 22:13

24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі дзеці прыступілі да Першай святой Камуніі. Святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Чарговы раз мінская катэдра перажывае надзвычайнае свята – Першую Камунію. Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што ў такой святочнай атмасферы Езус упершыню прыходзіць у сэрцы дзяцей”, - сказаў у гаміліі Мітрапаліт. Іерарх дадаў, што яшчэ не так даўно ўсё было інакш, у часы ганенняў на Касцёл часта Першую Камунію прымалі патаемна, ехалі ў іншыя парафіі, нярэдка ў Літву.

Звяртаючыся да дзяцей, арцыпастыр адзначыў, што ў гэты дзень яны прыйшлі ў касцёл у святочных адзеннях і выглядаюць як прынцы і прынцэсы, бо прымаюць у свае сэрцы “найбольш жаданага госця, якім ёсць Езус”.

“Значна больш важным, чым адзенні, у якія вы апрануты, з’яўляюцца духоўныя адзенні вашых сэрцаў на сённяшняе спатканне з Езусам”, - дадаў Мітрапаліт.

Іерарх звярнуў увагу, як важна дзецям памятаць аб тым, што “Езус – гэта самы вялікі і найбольш каштоўны падарунак”, які яны атрымліваюць у гэты дзень. “Даражыце ім і ніколі не згубіце. А калі здарыцца няшчасце зграшыць, то памятайце аб тым, што міласэрны Езус чакае вас у споведзі, каб ізноў вярнуць боскую прыгажосць вашым душам і каб вы маглі прымаць Хрыста ў свае сэрцы”, - заахвоціў арцыбіскуп.

Звяртаючыся да бацькоў першкамунійных дзяцей, Мітрапаліт адзначыў: “Падчас іх хросту святар прыгадаў вам абавязак па-хрысціянску іх выхоўваць, бо бацькі з’яўляюцца першымі настаўнікамі веры для сваіх дзяцей. Сёння завяршаецца першы этап гэтага працэсу, які павінен працягвацца ўсё жыццё. Вялікай памылкай было б думаць, што з падрыхтоўкай да Першай Камуніі завяршаецца працэс хрысціянскай фармацыі дзяцей. Трэба памятаць, што па меры іх росту на іх усё больш і больш уплывае свет. І гэты ўплыў не заўсёды добры і пазітыўны”.

У такіх абставінах, па словах іерарха, вельмі важным з’яўляецца далейшая духоўная фармацыя дзяцей, а таксама прыклад бацькоў, іх штодзённая малітва, удзел у нядзельнай Імшы, частая споведзь і святая Камунія, добрыя ўчынкі.

Мітрапаліт падкрэсліў, што гэты дзень трэба памятаць і як мага часцей актуалізаваць, у першую чаргу прымаючы Езуса ў Эўхарыстыі.

 

 

 

(AG) 

Фота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.