Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый на велікоднай Імшы ў мінскай катэдры: «Кожны мае асабісты досвед Уваскрасення Хрыста»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.04.2015 17:46

У велікодную нядзелю 5 красавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі святую Імшу ў 13.00 узначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. На Эўхарыстыі прысутнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Разам з народам узрастаў духам»

На пачатку Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў Апостальскаму Нунцыю за ўдзел у набажэнствах Пасхальнага Трыдууму, за супольныя хвіліны малітвы з вернікамі і святарамі, за малітву як каля Алтара Пана, так і сярод вернікаў перад цямніцаю і гробам Езуса.

«Падчас гэтых дзён, святочных цэлебрацый, я разам з народам узрастаў духам», — сказаў у адказ арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, распачынаючы гамілію.

«Я ў чарговы раз быў моцна ўзрушаны глыбокім удзелам людзей у літургічных цэлебрацыях», — дадаў іерарх.

У дні вялікіх святаў у касцёлах Беларусі зазвычай нашмат больш вернікаў, якія прыходзяць, каб прыгадаць аб Таямніцы Уваскрасення Хрыста, перададзенай ім разам з верай і традыцыямі ад старэйшых пакаленняў ці адшуканай кімсьці самім сярод прыкладу святароў, сяброў, аднакурснікаў ці супрацоўнікаў...

Пасху можна зразумець, прымаючы ў ёй удзел

Думку пра свята Пасхі, як Таямніцы, якой падзяліўся Святы Айцец у гэту ноч перад велікодныім світаннем, развіваў у сваёй гаміліі і арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Пасха — гэта таямніца, бо яе нельга зразумець логікай. Яе можна зразумець толькі тады, калі ў ёй удзельнічаць. Той факт, што Бог стаў чалавекам, таксама супярэчыць логіцы, як і тое, што Ён уваскрос», — сказаў іерарх.

У першым сённяшнім чытанні, якое напісана простай мовай, мы сустракаемся з найбольш старажытным сведчаннем аб Уваскрасенні.

Намер гэтага тэксту, як адзначыў арцыбіскуп, - даць зразумелы адказ, як можа той, хто ўжо памёр, уваскрэснуць. Гэты ўрывак апавядае, як Хрыстовы вучні елі і пілі з Уваскрослым Езусам. Вось простая логіка даць сведчанне, што Езус зноў жывы, бо з мёртвым нельга ані есці, ані піць.

Кожны мае асабісты досвед Уваскрасення Хрыста

У другім чытанні, дзе распавядаецца аб першых асобах, якія даведаліся, што Хрыстус жывы, мы сустракаемся з развагамі над усведамленнем смерці і ўваскрасення Збаўцы ў раннім хрысціянстве.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што тут мы назіраем «асабісты досвед людзей, якія наведалі магілу. Кожны мае асабісты і непаўторны досвед Уваскрасення ў сваім жыцці».

Свой досвед быў у Марыі Магдалены, у Пятра і Яна, у кожнага з нас.

«Таямніца Хрыстовага Уваскрасення ў тым, што Хрыстус сустракае кожнага з нас, беручы пад увагу асабістую гісторыю жыцця», — адзначыў іерарх.

«Можа, Ён і мог бы сабраць усіх і сказаць: “Вось Я”, але Бог сустракае кожнага паасобку, каб прамовіць да кожнага асабіста. Калі ж спатканне з Уваскрослым не асабістае, то можна сказаць, што яго ўвогуле не адбываецца», — дадаў арцыбіскуп.

Што такое Касцёл?

Таксама ў гаміліі Апостальскі Нунцый разважаў над тым, чым з’яўляецца Касцёл: «Касцёл — гэта не партыя. Касцёл — не толькі арганізацыя. Найперш, Касцёл — гэта памяць тых, хто спаткаў Хрыста Уваскрослага. А апосталы — гэта гарантыя таго, што ўбачанае імі з’яўляецца сапраўдным. Біскупы з’яўляюцца паслядоўнікамі першых сведкаў.

Касцёл грэшны. У ім ёсць тыя, хто нам падабаецца і не падабаецца. Гэта месца, якое было створана Богам, каб паклікаць усіх тых, хто быў сведкам Яго Уваскрасення. Касцёлу Бог даручыў Сваё Слова і сакрамэнты, тыя рэчы, якія дапамагаюць жыць, паміраць і ўваскрасаць.

Мы — слабыя людзі, але нам было даверана ўмацоўваць братоў у веры. Вы — Хрыстова Цела, цела Хрыстовага Уваскрасення. У гэтым ваша сіла як народа, які не пераадолеюць пякельныя брамы.

Калі мы не збіраемся разам, не молімся разам, то Касцёл становіцца падобным да цела, часткі якога не скаардынаваныя паміж сабою».

Чаму патрэбная супольнасць?

Разам з тым у гаміліі прагучала перасцярога: «Вялікая небяспека часу — тое, што людзі могуць думаць, што кожны паасобку можа будаваць сваю веру, што людзі не маюць патрэбы ў супольнасці. Кожны мае свой вобраз Хрыста, які часам вельмі суб’ектыўны. Гэты вобраз не супадае з досведам першахрысціянскай супольнасці».

Напрыканцы гаміліі Апостальскі Нунцый разважаў над галоўным пытаннем у гісторыі чалавецтва: якая мэта нашага жыцця?

Арцыбіскуп акрэсліў яе наступным чынам: «Мэта жыцця ў тым, каб сузіраць неба, дзе мы можам атрымаць адказ на ўсе пытанні свайго жыцця. І ўсведамляць, што галоўная мэта нашага жыцця будзе аб’яўлена толькі Хрыстом».

Разам з гэтым іерарх заўважыў, што адсутнасць усведамлення таго, што нашае жыццё можа быць растлумачана Богам, не дае смаку. У такім выпадку чалавек жыве нібыта не ведаючы, навошта.

Сапраўды ўваскрос!

«Толькі ў словах: “Хрыстус уваскрос!” і “Сапраўды ўваскрос!” ёсць сэнс нашага існавання, толькі ў гэтых словах мы можам растлумачыць сваё хрысціянства.

“Сапраўды ўваскрос!” — менавіта ў гэтым адказе сэнс нашага існавання, ён адлюстроўвае не пэўнае гістарычнае здарэнне, але тое, кім мы з’яўляемся на сённяшні дзень. І толькі тады мы маем права казаць гэтыя словы, калі сапраўды адчуваем таямніцу Уваскрасення», — сказаў арцыбіскуп.

«Калі вы адчуваеце таямніцу, то можаце мне адказаць, калі не, то не кажыце, — звярнуўся да вернікаў Апостальскі Нунцый і прамовіў: “Хрыстус уваскрос!”

І катэдра запоўнілася адказам “Сапраўды” — адказам усведамлення і вялікага жадання прыняць галоўную таямніцу, якая аб’ядноўвае і кліча ствараць адзіны Касцёл у Хрысце.

Напрыканцы Імшы Апостальскі Нунцый удзяліў благаслаўленне ад Папы Францішка ўсім прысутным.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.