Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Каб пасхальная таямніца стала цэнтрам нашага жыцця»: рэзурэкцыйная святая Імша прайшла ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.04.2015 11:46

5 красавіка, ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана, рэзурэкцыйная святая Імша адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёле. Імшу з удзелам мінскіх вернікаў цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

“Яшчэ не так даўно, адно пакаленне таму, калі было мала слугаў алтара, адзін святар павінен быў паспець у некалькі парафій, каб даць магчымасць людзям прыняць удзел у святкаванні пасхальнай таямніцы нашага збаўлення. Сёння, дзякуй Богу, сітуацыя змянілася кардынальным чынам, і кожную нядзелю і святы ва ўсіх парафіях цэлебруюцца святыя Імшы ў зручны для вернікаў час. Тое ж самае мы бачым і на Пасху. Гэта вельмі добра, і так павінна быць”, - адзначыў Мітрапаліт у гаміліі.

Аднак, па словах арцыпастыра, “у апошнія часы мы так звыкліся са святкаваннем розных святаў, у тым ліку і Пасхі, што яна для многіх становіцца паўсядзённасцю”. “Мы нават абыякава кажам: “Добра, я аб гэтым ведаю”, і нічога не чынім. Таму не да канца выкарыстоўваем ласку пасхальнага часу. Распавядаюць, што аднойчы ў велікодны ранак памочнікі Леаніда Ільіча Брэжнева праінфармавалі яго, што Хрыстус уваскрос. На гэта кіраўнік Кампартыі Савецкага Саюзу адказаў: “Я ведаю, мне ўжо далажылі”.

Бяда, калі аб Уваскрасенні Хрыста нам таксама толькі далажылі нашы бацькі, Касцёл ці традыцыя. І на гэтай інфармацыі мы засталіся нічога не прадпрымаючы для нашага духоўнага ўдасканалення. Калі мы толькі ведаем аб Уваскрасенні Хрыста і не жывём гэтай праўдай, то наша хрысціянства несапраўднае, яно штучнае. Пасха – гэта дар і адначасова заданне”, - звярнуў увагу іерарх.

Па словах арцыпастыра, “неабходна задумацца над значэннем той падзеі, якую мы святкуем, - менавіта што Хрыстус уваскрос”. “Гэта азначае, што смерць ужо не з’яўляецца канцом жыцця. Яна – толькі дзверы ў будучыню, у іншы свет. Таму нам неабходна дазволіць, каб праўда Уваскрасення дапамагла нам у яго дасягненні. А для гэтага неабходна, каб пасхальная таямніца стала цэнтрам нашага жыцця”, - патлумачыў арцыбіскуп.

“Мы занятыя нашымі штодзённымі справамі, і часам клопат пра наш матэрыяльны быт напаўняе наша жыццё настолькі, што мы ўжо не думаем аб чымсьці іншым. Але ці возьмем мы з сабой у новае жыццё нашы дамы, аўтамабілі, банкаўскія рахункі? Не.

Дык чаму ж тады яны становяцца прадметам нашага галоўнага інтарэсу? Чаму мы так занятыя нашымі зямнымі справамі, што не маем нават часу на малітву? Нельга зразумець чалавека, які кажа, што верыць у Бога, і ў той жа час не моліцца. Малітва – гэта найперш размова чалавека з Богам. Калі мы любім іншага чалавека, то стараемся з ім размаўляць як мага часцей”, - дадаў Мітрапаліт.

“У сакрамэнце хросту мы сталіся дзецьмі Божымі і былі ўключаны ў Хрыста. Дзякуючы гэтаму ў нас памёр стары чалавек і нарадзіўся новы. Таму мы павінны быць новымі Божымі людзьмі”, - адзначыў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт павіншаваў усіх з са святам Пасхі Хрыстовай, павіншаваў хрысціян іншых канфесій, якія таксама ў гэты дзень святкуюць Вялікдзень; праваслаўных, якія праз тыдзень будуць святкаваць такое ж свята, і ўсіх людзей добрай волі. “Няхай Уваскрослы Хрыстус умацоўвае нас сваёй ласкай, адорвае супакоем і вядзе шляхам духоўнага адраджэння, якое ёсць гарантыяй усялякага адраджэння!” – пажадаў арцыпастыр.  

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.