Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
5 лютага — 55-я гадавіна смерці кс. дэкана Казіміра Шылэйкі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.02.2015 11:00

5 лютага прыпадае 55-я гадавіна смерці кс. дэкана Казіміра Шылэйкі, які 22 гады, да апошняй хвіліны жыцця, служыў у парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Свіры.

Ксёндз Казімір Шылэйка нарадзіўся 14 верасня 1886 г. у Жыжмарах каля Кашадараў (Літва). Адчуўшы пакліканне да святарства, паступіў у духоўную семінарыю ў Коўне. Атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 14 сакавіка 1909 г. з рук біскупа Гаспара Феліцыяна Куртоўта.

На працягу некалькіх гадоў служыў у якасці вікарыя ў Жмудскай дыяцэзіі, пазней у якасці пробашча ў Дубінках, Нарвілішках, Нашчы і Лынтупах у Віленскай дыяцэзіі. З 1938 г. нёс служэнне ў Свіры, выконваючы адначасова функцыі Свірскага дэкана. Ксёндз Казімір Шылэйка пайшоў з жыцця 5 лютага 1960 г. Апошняй просьбай душпастыра было, каб кожную суботу пасля святой Імшы вернікі маліліся літаніяй да Маці Божай, просячы аб захаванні веры. Праз некаторы час пасля смерці святара свірскі касцёл быў прызначаны пад фабрыку. Да 1990 г. парафіяне атрымлівалі душпастырскую апеку ад святароў з бліжэйшых гарадоў, у прыватнасці ад кс. Станіслава Кучынскага з Шэметава і кс. Юзафа Кіселя з Вішнева.

Святарскае служэнне ксёндз дэкан Казімір Шылэйка, 55-годдзе смерці якога прыпадае на 2015 год, нёс у своеасаблівы час, неспрыяльны для Каталіцкага Касцёла: гады Другой сусветнай вайны і пасляваенныя часы дзяржаўнага атэізму.

Мінула ўжо шмат гадоў з таго часу, як ксёндз дэкан Казімір Шылэйка прамовіў апошнюю гамілію і катэхезу ў свірскім касцёле, аднак памяць аб ім і сёння жыве ў сэрцах старэйшага пакалення. Многія метады працы душпастыра і цяпер прыдатныя для святароў, а прыклад яго пабожнасці, крыніца, з якой ён чэрпаў сілу веры, можна выкарыстоўваць і цяпер.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.