Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10-годдзе існавання парафіі Св. Міхала Арханёла адзначылі ў Гатаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.10.2014 13:57

28 верасня ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Гатаве адбылася адпустовая святая Імша з нагоды 10-годдзя існавання парафіі. На свята прыбыў і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

«З’яўленне парафіі нагадвае Касцёл, які нараджаецца. Спачатку былі апосталы, якія — пасланыя Хрыстом — старанна абвяшчалі Евангелле. Новыя вучні прыкладам свайго жыцця прыводзілі іншых да Пана. Так было і ў Гатаве. Дзесяць гадоў таму кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA пачаў «будаваць» парафіяльную супольнасць, гэты малы Касцёл. А сёння мы можам бачыць плён гэтай працы! Зараз важна, каб прабываць пры Хрысце. І святы Міхал Арханёл, як апякун парафіі, вельмі важны», — адзначыў у гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.

Перад распачаццем Эўхарыстыі быў асвечаны новы крыж з бука, выраблены Паўлам Кандрусевічам. Крыж размясцілі ў прэзбітэрыуме. Таксама былі асвечаны новыя канфесіянал і лавы. У літургіі прынялі ўдзел таксама сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь мансіньёр Філіпа Чампанэлі, кс. Мар’ян Хаменя CSMA — настаяцель супольнасці міхалітаў у Беларусі, кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA — першы пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Гатаве, а. Станіслаў Станеўскі CSsR — пробашч парафіі Маці Божай Ларэтанскай у Сокале, а. Сяргей Трысцень OCD — пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, кс. Аляксандр Яшэўскі SDB — настаяцель салезіянскага дома ў Серабранцы, кс. Аляксандр Фаміных — дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і кс. Кшыштаф Пасвята CSMA — сённяшні пробашч у Гатаве. Таксама прысутнічаў дэкан Шчучынскага дэканата пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках кс. Станіслаў Пытэль CSMA.

На ўрачыстасць прыбыло шмат парафіян і гасцей. Вернікі парафіі ў Лошыцы падарылі торт, аздоблены міхаліцкім гербам. Напрыканцы Імшы чатыры чалавекі прынялі шкаплер св. Міхала Арханёла.

Пасля Імшы распачалася святочная праграма, якую падрыхтавалі парафіяне з Гатава пад кіраўніцтвам Ганны Супаненка. У праграму была ўключана паэтычная частка і нацыянальныя спевы.

 Кс. Кшыштаф Пасвята CSMA

 

Даведка:

З гісторыі парафіі (падрыхтавала Марыя Бандарчук):

Рыма-каталіцкая парафія ў Гатаве была зарэгістравана 15 лістапада 2004 года, а першым пробашчам стаў кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA, які ў той час ужо быў пробашчам парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (Лошыца). Менавіта гэты святар разам з Эвілінай Мікульскай з самага пачатку шукаў католікаў у Гатаве і суседніх мясцовасцях, каб сабраць групу, патрэбную для рэгістрацыі новай парафіяльнай супольнасці.

Пазней, праз некалькі месяцаў, кс. Генадзь рэгулярна прыязджаў і цэлебраваў Імшу ў прыватных дамах парафіі. Па яго просьбе кардынал Казімір Свёнтэк падтрымаў ініцыятыву прысваення парафіі тытула Св. Міхала Арханёла, апекуна Беларусі i айцоў міхалітаў.
 
У лютым 2005 года ў парафію прыбыў новы пробашч — кс. Артур Папроцкі. З вялікай адданасцю і дынамізмам ён прыступіў да актывізацыі і паглыблення веры ў парафіяльнай супольнасці. Для малітвы на Імшы і набажэнствах святар знайшоў пляцоўку на месцы былой кавярні. Як пісаў у 2005 годзе штоквартальнік «Супольнасць»: «У гэтым годзе восем чалавек прыступіла да першай споведзі і святой Камуніі, а дзесяць асобаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Двое дзяцей былі далучаны да супольнасці Касцёла праз сакрамэнт хросту, а ў першы дзень 2006 года ў парафіі адбыўся першы шлюб. Акрамя таго ў парафіі ўжо ёсць шэсць міністрантаў, а таксама створаны дзве ружы жывога Ружанца. Гэта тыя справы, якія цешаць і мабілізуюць да працы». У 2006 годзе быў зроблены праект новага касцёла і пастаральнага цэнтра для дзяцей і моладзі.

Ксёндз Артур Папроцкі быў пробашчам парафіі да канца 2008 года. Наступныя некалькі месяцаў з душпастырскім служэннем у парафію прыязжалі кс. Генадзь Кухарэвіч і кс. Андрэй Кароль. У той час удалося прыдбаць ва ўласнасць зямлю пад будову касцёла і набыць «вагончык», які пасля рэмонту стаў першай капліцай. 4 красавіка 2009 года яе асвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У маі 2009 года пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Антоні Обжут. Шмат часу ён прысвячаў рэкалекцыям, а таксама місіям. Паступова былі сабраны сродкі на будучае будаўніцтва святыні. Дзякуючы намаганням кс. Антонія і падтрымцы кангрэгацыі міхалітаў, восенню 2009 года былі забіты сваі пад будаўніцтва касцёла, а праз год залілі фундамент у будучай святыні.

На жаль, на працягу двух гадоў кс. Антоні перажыў дзве аўтамабільныя аварыі і быў паралізаваны. У 2011 годзе ён вярнуўся ў Польшчу.

У кастрычніку 2011 года пробашчам парафіі стаў кс. Кшыштаф Пасвята. 2 студзеня 2012 года распачаліся будаўнічыя працы Пастаральнага цэнтра, якія працягваюцца і сёння. Ужо сёння ў Цэнтры праходзяць катэхетычныя лекцыі. Мы верым, што зусім хутка сваю дзейнасць распачне араторый для дзяцей і моладзі.

29 верасня 2013 года Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў першую Імшу ў новай капліцы ў Пастаральным цэнтры і асвяціў фігуру св. Міхала Арханёла, арыгінал якой сёння знаходзіцца на гары Гаргано ў Італіі, у найстарэйшым санктуарыі ў гонар св. Міхала Арханёла.

У верасні 2014 года ў парафію прыбылі дзве законныя сястры з супольнасці Слуг Маці Добрага Пастыра, вядомыя як «пастэжанкі», — с. Мар’яна і с. Ганна. Гісторыя парафіі — гэта перш за ўсё гісторыя людскіх душ. Сёння ў першую чаргу мы дзякуем Пану Богу за кожнае ахрышчанае ў парафіі дзіця, за кожнага, хто прыступіў да Камуніі і атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, за кожную пару, якая вянчалася тут.

Аднойчы мы скончым будаўніцтва сапраўднай святыні ў імя св. Міхала Арханёла. Гэтую мару аддаём у рукі Богу праз рукі нашай улюбёнай Маці, Каралевы Анёлаў, і заступніка парафіі св. Міхала.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.