Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мсціслаўскі касцёл адзначыў 400-гадовы юбілей
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.07.2014 15:01

Мсціслаўскай святыні Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сёлета 400 гадоў. З нагоды юбілею Імшу ў старажытным касцёле ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Ад імя парафіянаў іерарха прывітала старшыня касцёльнага камітэту.

Святую Імшу біскуп ахвяраваў у інтэнцыі ўсёй мсціслаўскай парафіі, а асаблівым чынам у інтэнцыі духавенства, якое ў розны час выконвала служэнне ў гэтай святыні.

У гаміліі іерарх узгадаў слаўную гісторыю Касцёла на Мсціслаўшчыне, асабліва час адраджэння пасля распаду Савецкага Саюза і перыяд служэння кс. Караля Тамэцкага, які шмат намаганняў уклаў у тое, каб мясцовы касцёл не быў забыты.

"Нас тут нямнога, але мы – як сапраўдная сям’я. Сям’я, у якой павінны валадарыць любоў і павага, – зазначыў біскуп. - Канешне, будынак святыні патрабуе грунтоўнага рамонту, але мы не можам забыцца аб тым, што трэба будаваць супольнасць».

На заканчэнне Імшы са словамі падзякі і сведчання выступіў самы пажылы прадстаўнік парафіі, які быў ахрышчаны ў гэтым касцёле.

Паводле mohylev-katolik.by, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.