Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: у Пальмовую нядзелю трэба адказаць на пытанне, ці знаходзімся мы на баку Езуса
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.04.2014 15:27

13 красавіка, у Пальмовую нядзелю, у архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбыліся ўрачыстыя Імшы і працэсіі з вербамі. Пра тое, што гэтым днём пачынаецца Вялікі тыдзень, калі “Езус памёр на дрэве крыжа, каб уваскрэснуць і такім чынам выбавіць нас з грахоўнай няволі і быць нашым духоўным Валадаром”, нагадаў вернікам Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт звярнуў увагу ў гаміліі на “дзве спрэчныя і  ў той жа час вельмі блізкія падзеі”, якія прадстаўлены ў літургічных чытаннях гэтага дня: на пачатку набажэнства перад працэсіяй гучыць апісанне ўрачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем, а падчас Эўхарыстыі – апісанне Ягонай мукі і смерці.

Арцыпастыр прывёў меркаванне гісторыкаў, якія кажуць, што каля двух з паловай мільёнаў людзей звычайна збіралася ў Ерузалеме на святкаванне габрэйскай Пасхі. Якраз гэтыя людзі, па словах Мітрапаліта, і вітаюць Езуса з воклічамі “Гасанна Сыну Давіда”, трымаючы ў руках пальмовыя галінкі.

Іерарх звярнуў увагу, што Езус для свайго ўваходу ў Ерузалем папрасіў падрыхтаваць Яму восліка, выбраў менавіта гэтую жывёлу, аб якой кажа прароцтва Старога Запавету, што Збаўца ўедзе на ёй у Ерузалем.

Кажучы пра тое, што Езус з’яўляецца каралём, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: “Мы не прызвычаены да манархаў, бачым іх толькі па тэлевізары і, магчыма, дзівімся той пампезнасці, якая спадарожнічае іх каранацыі ці афіцыйным выступленням. Інакш было з Езусам, бо Ён іншы кароль. Калі зямныя манархі дэтэрмінаваны правіламі паводзін, то Хрыстус быў дэтэрмінаваны служэннем. Калі аўтарытэт большасці манархаў абапіраецца на сіле, то Езус адзначаецца пакорай. Калі большасць сучасных валадароў карыстаецца дарагімі самалётамі, то Езус выбраў восліка як від свайго транспарту. І Ён ведаў, што чыніў. Езус – як Валадар – выбраў восліка, а не каня, бо конь у тыя часы сімвалізаваў войска і вайну, а вослік з’яўляецца сімвалам супакою”.

Па словах Мітрапаліта, людзі, аднак, жадалі мець іншага валадара, чым Езус. “Калі зямныя каралі ў спадчыне атрымалі ўсё, што маюць – пазіцыю ў сваёй краіне і свеце, багацце, гонар і г.д., - то Езус сам сябе назваў каралём. Аднак пры гэтым адзначыў, што Яго Валадарства не з гэтага свету. Менавіта таму Яго не зразумелі і асудзілі на крыжовую смерць, - нагадаў арцыпастыр. - Здавалася б, што ўсё будзе як з зямнымі валадарамі. Аднак не тут тое было. Езус памёр на дрэве крыжа, каб уваскрэснуць і такім чынам выбавіць нас з грахоўнай няволі і быць нашым духоўным Валадаром”.

“У апошнія часы, аднак, усё часцей праяўляецца Яго непрыняцце. Усё часцей чутныя галасы: “Укрыжуй, укрыжуй Яго!””, - адзначыў Мітрапаліт і прапанаваў удзельнікам Імшы задаць сабе пытанне: “На чыім баку мы знаходзімся?”  “Калі не захоўваем Божага закону і жадаем яго змены, то на баку тых, хто жадае Яго новага ўкрыжавання”, - падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што “трагедыя Галготы паўтараецца ў наш час”, і варта ў Пальмовую нядзелю, калі пачынаецца Вялікі тыдзень, адказаць на гэтае пытанне, бо “наш Валадар прыходзіць”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

(AG)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.