Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў Пальмовую нядзелю: сёння мы цэлебруем Божую міласэрнасць
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.04.2014 15:29

13 красавіка 2014 г. Касцёл адзначае Пальмовую нядзелю, або Нядзелю Мукі Пана. У мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі святую Імшу ўдзень ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У Імшы ўдзельнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку Імшы былі асвячаны вербы, якія прынеслі з сабой мінскія вернікі на знак успаміну ўезду Хрыста ў Ерузалем. Адбылася ўрачыстая працэсія. Падчас літургіі прагучала Евангелле аб уваходзе Езуса ў Ерузалем, а таксама чытанне Мукі Пана.

“Дарагія браты і сёстры, дарагі беларускі народ, сёння дзень, калі мы аплакваем усе нашы грахі, - з такімі словамі звярнуўся да вернікаў у гаміліі Апостальскі Нунцый. – І не толькі грахі асабістыя, у якіх мы спавядаемся рэгулярна, але і тыя, што датычаць усяго людскога роду”. “Таксама і мы асудзілі справядлівага, таксама і мы здрадзілі Сыну Чалавечаму пацалункам”, - адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, каментуючы літургічнае чытанне.

“Колькі ж тых пацалункаў, якія здаюцца пацалункамі любові, на самой справе з’яўляюцца пацалункамі здрады, - таксама, напрыклад, у сямейным жыцці, - адзначыў іерарх. – Колькі разоў мы казалі: “Я не ведаю Езуса”, - бо саромеліся вызнаць сваю веру (…), адчувалі прэс грамадскай думкі. Колькі разоў мы пакінулі аднаго беднага паміраючага на крыжы, які крычаў: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” “

“Сёння мы чытаем не толькі гісторыю Езуса, але і гісторыю чалавецтва, гісторыю кожнага з нас, - звярнуў увагу прадстаўнік Святога Айца. – Гісторыю людзей, якія былі добрымі ў сябе дома, але ў групе яны ператвараюцца ў забойцаў”.

“Быць можа, сёння мы цэлебруем нашу роспач, трагедыю таго, што мы людзі? – паставіў пытанне арцыбіскуп. – Адказ на гэтае пытанне – не, таму што сёння мы цэлебруем Божую міласэрнасць!”

Апостальскі Нунцый нагадаў, што ў гэты дзень вернікі “распачалі Вялікі тыдзень воклічамі “Гасанна””, а праз тыдзень “на нашых вуснах будзе слова “Алелюя””. “Паміж словамі “Гасанна” і “Алелюя” замыкаецца трагедыя чалавецтва, - патлумачыў іерарх. – Паміж імі таксама святкуецца Божая міласэрнасць, якая большая за ўсе людскія грахі”.

“Давайце крочыць па гэтай дарозе, не губляючы нашых сіл, ідучы ад “Гасанна” да гэтага “Алелюя” – таго, да якога мы імкнемся”, - заклікаў удзельнікаў Імшы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Анастасія Грышан

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.