28 кастрычніка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстую Імшу ў дзень ушанавання свайго нябеснага апекуна — св. Юды Тадэвуша. У гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначаў свята святых Сымона і Юды, Aпосталаў.
Павіншаваць Мітрапаліта прыбылі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп
Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, прадстаўнік Патрыяршага
Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, шматлікае духавенства, кансэкраваныя асобы і вернікі Мінска.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто прыйшоў на Імшу, і папрасіў аб малітве, каб быць здольным годна выконваць заданні, якія стаяць перад ім. Узгадваючы, што святы Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном у цяжкіх справах, іерарх заклікаў маліцца аб тым, каб Касцёлу ў Беларусі ўдалося вырашыць усе складаныя справы і ён мог годна крочыць наперад.
У гаміліі Мітрапаліт нагадаў, што заданнем апосталаў было абвяшчаць Божае слова, каб чалавек мог сустрэцца з Хрыстом і атрымаць збаўленне. «Езус сказаў ім: „Ідзіце і навучайце ўсе народы“, — і дзякуючы ім Божае слова сеялася і працягвае сеяцца», — адзначыў арцыпастыр.
Іерарх звярнуў увагу, што ў літургічным чытанні гэтага дня гаворыцца, як Езус «паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі»: у Евангеллі паводле Лукі яны пералічваюцца пайменна. «Езус і сёння кліча па імені кожнага з нас», — падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што гэта «азначае наш удзел у місіі абвяшчэння Евангелля», што з’яўляецца «заданнем не толькі святароў, законнікаў і законніц, але і кожнага верніка».
Арцыбіскуп узгадаў, што праз некалькі дзён Касцёл будзе адзначаць урачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў, і ў той жа час секулярызаваны свет «адзначае Хэлоўін — язычніцкае свята». Акрамя гэтага, дадаў Мітрапаліт, пашыраецца забойства ненароджаных дзяцей, алкагалізм, наркаманія, неўпарадкаванае сексуальнае жыццё — і ў сувязі з усім гэтым «свету патрэбны новыя Сымоны і Юды Тадэвушы». Як адзначыў іерарх, яны патрэбны для таго, каб «стаўся цуд навяртання сучаснага чалавека», каб «наша вера ўсё больш захапляла свет», бо «без веры няма збаўлення».
Напрыканцы святой Імшы прагучалі віншаванні Мітрапаліту ў дзень яго імянінаў.
«Вы годна несяце імя свайго нябеснага апекуна і нястомна ўсё жыццё прапаведуеце Хрыста», — сказаў іерарху прадстаўнік Мітрапаліта Філарэта протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. Святар пажадаў арцыпастыру бадзёрасці духа і мужнасці, каб ён мог ісці за Панам разам з вернікамі, якіх Бог яму даў.
Пробашч мінскай парафіі Святых Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк ад імя духавенства пажадаў Мітрапаліту, каб яго нябесны апякун заўсёды аберагаў яго, асабліва ў складаных справах, і каб Бог дапамагаў арцыпастыру несці «духоўную плашчаніцу» — Божае слова, сваю прысутнасць, — і каб гэта спрыяла адраджэнню веры на беларускай зямлі.
Ад імя грэка-каталіцкіх святароў і вернікаў іерарха павіншаваў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Архімандрыт падзякаваў Мітрапаліту за яго сведчанне веры, у тым ліку ў складаных сітуацыях.
Прадстаўнікі інстытутаў кансэкраванага жыцця пажадалі арцыбіскупу Божай руплівасці, смеласці і адвагі ў служэнні Касцёлу і паабяцалі сваю малітоўную падтрымку.
Рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Ян Саламон ад імя семінарыйнай супольнасці пажадаў Мітрапаліту, каб святы апякун выпрасіў для яго шматлікія ласкі, каб Дух Святы не пакідаў арцыпастыра і дзейнічаў праз яго.
Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар Нацыянальнага «Карытас», ад імя супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» пажадаў, каб міласэрны Айцец адорваў іерарха патрэбнымі дарамі Духа Святога, і паабяцаў, што супрацоўнікі таварыства будуць маліцца ў інтэнцыі Мітрапаліта Вяночак да Божай Міласэрнасці ў Гадзіну міласэрнасці.
Кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай а. Віктар Бурлака OFM падзякаваў арцыбіскупу за айцоўскую руплівасць дзеля духоўнага дабра вернікаў Беларусі. Святар адзначыў, што бачыць гэтую руплівасць у тым, што на сёлетніх юбілейных урачыстасцях у Будславе стала магчымай прысутнасць легата Папы кардынала Жана-Луі Тарана, і пажадаў Мітрапаліту далейшай апекі Маці Божай.
Вернікі мінскага архікатэдральнага касцёла падзякавалі іерарху за адкрытасць, прыклад працавітасці, ініцыятыўнасці, здольнасці захапляцца жыццём, і дадалі, што з’яўляюцца для арцыпастыра трывалай падтрымкай. Навучэнцы мінскага Каледжа тэалогіі, заснаванага на базе Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў, пажадалі Мітрапаліту Божай дапамогі ў выкананні яго місіі, а прадстаўнікі Легіёна Марыі — моцнага фізічнага і духоўнага здароўя, каб праз апостальскую працу арцыпастыра Божае слова пашыралася ў Беларусі.
Свае словы да агульных віншаванняў далучыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, адзначыўшы, што сваё благаслаўленне і прывітанне Мітрапаліту перадае Святы Айцец. «Гэта вельмі прыгожа, што ёсць людзі, якія выражаюць Вам сваю ўдзячнасць», — сказаў прадстаўнік Папы, звяртаючыся да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Сваю падзяку, па словах Апостальскага Нунцыя, яны скіроўваюць Богу «за тое, што Ён даў ім такога пастыра».
«За гэтыя два гады я быў сведкам высілку, які Вы ўкладваеце, каб будаваць Дом Божы сярод людзей, — дадаў прадстаўнік Святога Айца. — Няхай Бог і Ваш святы апякун аберагаюць Вас і дапамагаюць у Вашай працы і ўсім нам даюць зразумець, як прыгожа быць Касцёлам».
«Я адчуваю патрэбу заўсёды выражаць тое, што ў маім сумленні», — сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся затым да ўсіх прысутных. Іерарх адзначыў, што «досвед Вялікай пятніцы здараецца ў жыцці кожнага, але асабліва — у жыцці біскупаў», і пальмовыя галіны, якімі людзі віталі Хрыста ў Пальмовую нядзелю, «праз некалькі дзён сталі кіямі». І менавіта ў гэты момант, падкрэсліў Апостальскі Нунцый, «бачна, куды ідуць вучні». Гэта момант, калі «трэба быць з’яднанымі, падзякаваць, нават без слоў».
Іерарх звярнуў увагу, што «моц Касцёла — у яго еднасці», і «еднасць бачная не ў тыя моманты, калі мы танчым у прыгожым палацы, а тады, калі ёсць цярпенне і крыж». Еднасць Касцёла, дадаў арцыбіскуп, не базуецца на «асабістай сімпатыі кагосьці і не азначае, што мы ўсе заўсёды аднадумныя». Па словах Апостальскага Нунцыя, «Касцёл — не персідская манархія», дзе адзін кажа, а іншыя слухаюць.
Прадстаўнік Папы заўважыў, што «ёсць моманты, калі трэба сустрэцца і дзяліцца думкамі, якія могуць быць рознымі», і ў гэтым праяўляецца шчырасць. Але «ёсць моманты, калі пастыр Касцёла застаецца адзін», і ў такі час «наш абавязак — быць з’яднанымі з ім», бо «ў гэты момант крыж важыць у дзесяць разоў больш, чым звычайна, і калі няма кірынейца, які дапаможа яго несці, ёсць небяспека ўпасці пад цяжарам гэтага крыжа».
Арцыбіскуп яшчэ раз падкрэсліў, што моц Касцёла — у еднасці, і «калі Касцёл падзелены, калі памнажаюцца плёткі», ворагі Касцёла здольныя нанесці яму шкоду. Апостальскі Нунцый папрасіў удзельнікаў Імшы быць аднадумнымі са сваім біскупам, асабліва ў цяжкія моманты, бо «крыж, які нясе біскуп, — гэта не толькі яго крыж, але перадусім цяжкасці ўсяго Касцёла». Па словах прадстаўніка Святога Айца, знішчыць Касцёл можна, падзяляючы яго знутры. «У такія моманты біскуп — сімвал еднасці, — сказаў іерарх. — Мы можам моцна дыскутаваць пасля гэтых момантаў, але не ў гэтыя хвіліны найбольшых цяжкасцяў і небяспекі для Касцёла». «Гора ўсім нам, калі біскуп застаецца самотным у такія часы», — дадаў Апостальскі Нунцый.
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што ў такія цяжкія моманты «трэба прынесці кветкі», «дазволіць адчуць, што вашы сэрцы б’юцца разам з сэрцам вашага пастыра», і гэта «будзе вялікае свята еднасці».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў Богу і ўсім прысутным на Імшы. «Мы сёння з’яднаны вакол алтара, але з’яднаны і па-за алтаром», — сказаў арцыпастыр і пажадаў, каб святы Юда Тадэвуш, яго нябесны апякун, дапамог таму, каб Езус заўсёды быў у душах вернікаў. Анастасія Грышан
|