Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святочны абед і канцэрт для ветэранаў прайшоў у Мінску (дададзена фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.05.2013 16:50

15 мая ў Мінску ў межах праекту  дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Дыялог: аб перажытым — з любоўю да роўнага», які падтрымліваюць фонд «Памяць. Адказнасць. Будучыня» і міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Узаемаразуменне», адбыўся святочны абед з нагоды Дня Перамогі. Гасцямі абеду сталі былыя вязні канцлагераў, людзі сталага ўзросту, ветэраны, валанцёры.

«Вы такія прыгожыя!» — такімі словамі мы сустракалі нашых гасцей. І гэта было шчыра, бо вочы кожнага з іх ззялі ярчэй за іхнія медалі. Яны падыходзілі да дзвярэй рэстарана з розных бакоў, усміхаючыся адно аднаму, віншавалі са святам. Яны былі шчаслівыя.

«Дзякуй вам за вашую моц духа», — такімі словамі супрацоўніцы «Карытас» Вольгі Багадзяж распачаўся святочны абед. Падчас яго госці шмат размаўлялі з валанцёрамі (маладыя людзі ўжо раней былі на мерапрыемствах у рамках сацыяльнага праекта «Дыялог»). Гэта быў сапраўдны дыялог пакаленняў! Ветэраны дзяліліся сваім жыццёвым досведам, сваімі ўспамінамі, сваімі пачуццямі. Яны адчувалі сябе патрэбнымі і пачутымі. І менавіта гэта было цудоўна.

Пасля смачнага абеду ўсіх гасцей чакаў невялікі канцэрт, удзельнікамі якога былі яны самі. Спявалі песні іх жыцця — ваенныя песні. Ветэраны ведалі кожны радок на памяць. Калі яны спявалі, шчыра, амаль пераходзячы на крык, сэрца замірала, а ў вачах былі слёзы.

Наталля Александровіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.