Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «Пры сустрэчы я запытаюся ў крытыка Касцёла: дзе ты быў, калі ў архікатэдры была Імша ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей?»
Іерархі
05.10.2013 14:20

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адказаў крытыкам, якія лічаць, што Касцёл у Беларусі займае недастаткова актыўную грамадскую пазіцыю, мала ўдзельнічае ў фарміраванні грамадскай думкі і дыялогу па надзённых пытаннях, якія тычацца сацыяльнага навучання. Іерарх заўважыў, што «лёгка крытыкаваць, седзячы за камп’ютарам», і заклікаў крытыкаў-католікаў самім далучыцца да ініцыятыў Касцёла. «Пры сустрэчы я запытаюся ў такога чалавека: дзе ты быў, калі ў мінскай архікатэдры была Імша ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей?» — сказаў Мітрапаліт.

Такcама арцыбіскуп лічыць, што ў Беларусі неабходна фарміраваць клас палітыкаў і заканатворцаў, якія б «і ў жыцці, і ў парламенце захоўвалі сваю хрысціянскую ідэнтычнасць», «прымалі законы, базуючыся на Евангеллі і сацыяльным навучанні Касцёла, на маральных нормах, а не толькі шукаючы папулярнасці або ідучы за трэндамі, пануючымі ў свеце». Аб гэтым ішла гаворка на пасяджэнні Папскай рады «Іustitia et pax» («Справядлівасць і мір»), якое праходзіла 2–4 кастрычніка ў Рыме і было прысвечана 50-годдзю энцыклікі Яна ХХІІІ «Pacem in terris» («Мір на зямлі»). У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх адзначыў, што ў Беларусі пакуль няма каталіцкай вышэйшай навучальнай установы, на базе якой магла б адбывацца адукацыя будучых пакаленняў беларускіх палітыкаў, але ў гэтым напрамку прадпрымаюцца пэўныя крокі. Так, нядаўна ў Мінску быў адкрыты Каледж тэалогіі.

Арцыбіскуп адказаў крытыкам, якія лічаць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі займае недастаткова актыўную грамадскую пазіцыю, мала ўдзельнічае ў фарміраванні грамадскай думкі і дыялогу па надзённых пытаннях, якія тычацца сацыяльнага навучання. Іерарх прызнаў, што крытыка мае права на існаванне і трэба заўсёды рабіць з яе высновы. «Але ці заўсёды гэтая крытыка з’яўляецца справядлівай?» — запытаў Мітрапаліт.

На думку арцыбіскупа, трэба ўважліва прыгледзецца да дзейнасці Каталіцкага Касцёла, паслухаць гаміліі святароў і біскупаў, пачытаць пастырскія пасланні, заўважыць факты. Тое, што ў Беларусі была радыкальна скарочана лічба паказанняў для правядзення аборту, — гэта, па словах іерарха, адзін з прыкладаў, які гаворыць на карысць удзелу Касцёла ў вырашэнні грамадскіх пытанняў, прычым на базе супрацоўніцтва з іншымі канфесіямі, перш за ўсё Праваслаўнай Царквой.

Мітрапаліт заўважыў, што «лёгка крытыкаваць, седзячы за камп’ютарам», і заклікаў крытыкаў-католікаў самім далучыцца да ініцыятыў, якія прадпрымае Касцёл. «Пры сустрэчы я запытаюся ў такога чалавека: дзе ты быў, калі ў мінскай архікатэдры была святая Імша ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей? — сказаў Мітрапаліт. — Ці многія з тых, хто задае падобныя пытанні і якіх я ведаю, былі на гэтай Эўхарыстыі?» «Напэўна, трэба ўдасканальвацца, мы ўсе не дасканалыя, і, напэўна, не ўсё было зроблена, але што зусім нічога не робіцца — з гэтым я не магу пагадзіцца», — адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп лічыць, што сёння пасланне энцыклікі «Pacem in terris» актуальна не толькі для Касцёла ў Беларусі, але і для ўсяго беларускага грамадства, бо ў ёй Ян ХХІІІ нагадаў пра розныя аспекты міру. «Мір – гэта не толькі адсутнасць вайны, гэта нешта большае», — нагадаў іерарх, дадаўшы, што сёння, як ніколі, сталі актуальнымі пытанні, якія адносяцца да паняцця міру: «сацыяльная справядлівасць, любоў да бліжняга, салідарнасць, дабрачынная дзейнасць, сям’я, пераадоленне ўсялякага роду крызісаў, справядлівы падзел матэрыяльных рэсурсаў, а таксама заканадаўства».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію