Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі да ўдзельнікаў рэкалекцый цвярозасці: «Дазволіць дакрануцца да сябе Божай ласцы ў сакрамэнце пакаяння»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.11.2015 22:46

27 лістапада ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне пачаліся рэкалекцыі цвярозасці. Духоўныя практыкаванні праводзіць Душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі.

У рэкалекцыях, якія арганізаваны ўжо ў 13-ы раз, удзельнічаюць госці з Мінска, Пінска, Баранавіч. Таксама ў гэтым годзе ў іх прымаюць удзел госці з Вільні. Усе яны – людзі неабыякавыя да праблемы алкагалізму і наркаманіі ў Беларусі і праз свой удзел у духоўных практыкаваннях разважаюць між іншым над тым, як можна сёння дапамагчы залежным.

Святую Імшу на пачатак рэкалекцый узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх казаў аб значэнні і важнасці прымання святой Камуніі. Па словах біскупа, святая Камунія, якую прымае чалавек, утварае сувязь з Езусам Хрыстом.



«Эўхарыстыя – гэта не толькі ўзнагарода для добрых, але і сіла для слабых і грэшнікаў», – заўважыў іерарх. «Толькі разам з Панам, моцна трымаючы Яго за руку, мы можам выйсці на прамую дарогу нашага жыцця», – дадаў біскуп.

Іерарх заахвоціў усіх удзельнікаў рэкалекцый «не выпускаць рукі Пана, а таксама дазволіць дакрануцца да сябе Божай ласцы ў сакрамэнце пакаяння і трываць у моцным пастанаўленні выправіцца».



Рэкалекцыі цвярозасці працягнуцца да 29 лістапада. Праграма ўключае адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, канферэнцыі, абмен уражаннямі.

Душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі арганізуе такія рэкалекцыі, у якіх часта прымаюць удзел цэлыя сем’і, некалькі разоў на год. Іх арганізатары ксёндз Аляксандр Пятровіч i Юрый Гапонік клапоцяцца аб тым, каб кожны раз яны праходзілі на высокім узроўні і былі карыснымі для многіх людзей.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.