Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва ў 40-ю гадавіну смерці кс. Мечыслава Радзішэўскага адбылася ў Новым Двары
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.11.2015 22:23

28 лістапада вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Гродзенская дыяцэзія) маліліся ў 40-ю гадавіну смерці кс. Мечыслава Радзішэўскага.

Ксёндз Мечыслаў Радзішэўскі нарадзіўся ў 1888 г., прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1913 г. у Вільні. Да арышту служыў у парафіі Св. Ганны ў Лунне, пасля вызвалення са сталінскіх лагераў прыбыў у парафію ў Новым Двары і ахвярна служыў там доўгія дзесяцігоддзі. Адышоў у вечнасць у 1975 г., пахаваны на парафіяльных могілках.

Святую Імшу ўзначаліў і прамовіў гамілію дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел духавенства Шчучынскага дэканату і святары з гэтай парафіі, а таксама сёстры назарэтанкі, якія служаць у Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску.



У гаміліі біскуп нагадаў пра багаты жыццёвы шлях кс. Мечыслава Радзішэўскага, падзякаваў вернікам за тое, што яны ў часы Другой сусветнай вайны і часы пераследу не баяліся стаць у абарону святароў. Таксама іерарх падзякаваў ім за абарону касцёла і за тое, што перасылалі прадукты святарам, якія знаходзіліся ў лагерах.

Біскуп адзначыў, што вернікі парафіі ў Новым Двары заўсёды маюць «адкрытыя сэрцы». У якасці доказу гэтай вялікай адкрытасці і павагі да святароў іерарх прыгадаў час, калі ксёндз Радзішэўскі прыбыў у парафію: тады не было плябаніі, і вернікі адчынілі новаму пробашчу дзверы сваіх дамоў, каб ён мог там пасяліцца.

У гэты дзень, па словах біскупа, удзельнікі Эўхарыстыі ўзгадваюць тыя балесныя часы, калі па ўзнагароду да Пана адыходзілі старэйшыя святары і не было малодшых, і такім чынам са смерцю святара згасалі вечныя лампады ў касцёлах, бо не было каму цэлебраваць святую Імшу.

«Згасалі вечныя лампады, зачыняліся і руйнаваліся касцёлы, але немагчыма было вырваць з чалавечага сэрца веру ў Бога, дзякуючы якой сёння Касцёл у Беларусі квітнее новымі шматлікімі пакліканнямі да святарства і кансэкраванага жыцця», — сказаў іерарх.

Біскуп заахвоціў усіх прысутных нястомна дзякаваць Богу за тое, што сёння Касцёл развіваецца і ідзе наперад. «Сёння святары, маладыя пастыры ідуць і нанова запальваюць вечныя лампады і чалавечыя сэрцы, удзяляюць святыя сакрамэнты», — дадаў іерарх.



Біскуп Юзаф Станеўскі заклікаў вернікаў да малітвы аб пакліканнях і трывання ў веры продкаў.

Пасля Імшы адбылося асвячэнне адноўленага помніка памерлым святарам.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.