Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Капліца ў Жамыслаўлі адзначыла 15-годдзе (+фотарэпартаж)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.11.2015 12:36

22 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, капліца Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай у в. Жамыслаўль (Гродзенская дыяцэзія) адзначыла 15-годдзе.

У вёсцы Жамыслаўль доўгі час не было святыні. У суседняй вёсцы Суботнікі, да парафіі якой адносіцца і Жамыслаўль, знаходзіцца касцёл св. Уладзіслава, але не ва ўсіх людзей, асабліва пажылых, была магчымасць прыбыць туды на святую Імшу. Нядзельная Імша і штодзённыя набажэнствы адбываліся ў мясцовым жамыслаўльскім палацы Умястоўскіх, дзе таксама знаходзіліся кантора, сельскі клуб і бібліятэка. Летам Імша адбывалася на верандзе паміж калонамі, людзей было шмат, а пастаяннага месца для малітвы і катэхезы не было. З цягам часу стан палаца пагаршаўся і знаходзіцца ў ім стала небяспечна, таму пытанне аб заснаванні сваёй уласнай святыні паўставала ўсё вастрэй.

У 2000 годзе пробашч суботніцкай парафіі кс. Францішак Галдысь, які належыць да супольнасці хрыстусоўцаў (менавіта таму капліца носіць тытул Хрыста Валадара), пачаў працу над пабудовай капліцы. 18 лістапада 2000 года адбылося асвячэнне і першая ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

22 лістапада капліца, як і 15 гадоў таму, прымала шмат гасцей. Святочную Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, канцэлебравалі кс. Аляксандр Лебядзевіч, кс. Ян Гавецкі, кс. дэкан Віктар Субель, кс. Францішак Галдысь і кс. Уладзімір Марушэўскі з супольнасці хрыстусоўцаў.

У гаміліі біскуп адзначыў: “Як вядома, сцены не паўстаюць самі па сабе. Для гэтага патрэбна благаслаўленне Пана і рука чалавека. Ксёндз Францішак стаў тым чалавекам, які, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, вырашыў давесці справу будаўніцтва капліцы да канца”. З 2014 года ксёндз Францішак Галдысь служыць у Польшчы, але з вялікай радасцю прыехаў у Жамыслаўль на ўрачыстасць. На Імшы святар узгадаў пра шматлікія цяжкасці, якія паўставалі ў ходзе будаўніцтва, дадаўшы, што, аднак, моц Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай, якім вернікі асабліва маліліся, спрыялі кожнаму кроку ўзвядзення святыні.

Сёння ў парафіі служаць дыяцэзіяльныя святары. Пробашчам з'яўляецца кс. Аляксандр Лебядзевіч, які не толькі годна працягвае справу, пачатую хрыстусоўцамі, але і развівае жыццё парафіі ў новых кірунках. Не было такой нядзелі, каб капліца пуставала. Дзверы святыні заўсёды адчынены для людзей сталага веку, сем'яў, моладзі, дзяцей.

Падчас Імшы святары маліліся ў інтэнцыі парафіі, святыні, каб яна далей развівалася, прыгажэла і мела моцны падмурак, асабліва ў сэрцах моладзі і дзяцей. Біскуп Юзаф Станеўскі прамовіў таксама слова навукі да моладзі, каб яна адкрыла свае сэрцы на Езуса і мела адвагу пайсці за Ім, бо сённяшні свет так патрабуе Хрыста. Іерарх заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі пакліканняў і выказаў надзею ў хуткім часе сустрэцца з імі ў жамыслаўльскай святыні на прыміцыйнай Імшы святара або Імшы, у якой упершыню прыме ўдзел законніца з гэтай парафіі.

Вікторыя Пабудзей, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.