Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кананічная візітацыя біскупа Аляксандра Кашкевіча распачалася на Смаргоншчыне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.09.2015 11:44
1 верасня ў Смаргонскім дэканаце пачалася біскупская кананічная візітацыя ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, якая працягнецца да 7 верасня. 

На працягу гэтых сямі дзён іерарх пазнаёміцца з працай у парафіях у духоўным, душпастырскім, матэрыяльным аспектах і г. д. Пад аналіз ардынарыя падпадуць усе бакі парафіяльнага жыцця.

У першы дзень візітацыі біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў Крэва — самую старую парафію на тэрыторыі Беларусі, створаную ў 1387 годзе. Два гады раней у гэтай вёсцы была падпісана Крэўская ўнія (1385 г.) Вядома, што існавалі парафіі, утвораныя раней за крэўскую, але да нашых часоў яны не датрывалі, згубіўшы след у гісторыі.
 
 
Біскуп Аляксандр Кашкевіч ужо наведваў крэўскі касцёл у 2012 годзе, на заканчэнне ўрачыстай Імшы асвяціўшы 20-тонны камень з памятнай табліцай у дзень 625-годдзя парафіі.

Як тады, так і цяпер ардынарыя вітаў крэўскі пробашч кс. Юрый Церабей разам з парафіянамі. Гамілію падчас Імшы прамовіў натарыус гродзенскай курыі кс. Аляксандр Мацкевіч.
 
На заканчэнне візітацыі быў зроблены памятны здымак з усімі прысутнымі ў касцёле. Таксама прайшла сустрэча біскупа з парафіянамі. 
 
Кс. Антон Казлоўскі
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.