Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі адзначыў 60-годдзе святарства: «Дзякую, перапрашаю і прашу»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.05.2015 15:43

29 мая ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі адзначыў 60-годдзе святарства. Падчас святой Імшы ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз прэлат дзякаваў Богу за дар святарства і ўсіх людзей, якіх сустрэў на сваім жыццёвым шляху.

“Мы сабраліся ў гэтай капліцы, каб дзякаваць за дар святарства нашага шматгадовага выкладчыка, які з пачаткаў існавання нашай семінарыі з’яўляецца стаўпом гэтай навучальнай установы, – сказаў на пачатку Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. – Мы хочам дзякаваць Богу за яго адданае служэнне ў Хрыстовым Касцёле і прасіць аб благаслаўленні на далейшыя гады гэтай прыгожай службы”. Іерарх дадаў, што ксёндз прэлат Лявінскі 25 гадоў служэння ў семінарыі дае цудоўнае сведчанне будучым святарам і сваёй асобай узбагачае гродзенскі Касцёл.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ніхто ніколі не бачыў ксяндза Лявінскага без сутаны – духоўнай вопраткі. “Тваё годнае служэнне і духоўная вопратка – сведчанне для іншых і абвяшчэнне Хрыстовага Евангелля”, – дадаў гродзенскі ардынарый, звяртаючыся да святара.



 

Святую Імшу ўзначаліў сам юбіляр. На яе прыбылі шматлікія святары з усёй Беларусі, сёстры законныя, супрацоўнікі семінарыі і свецкія вернікі, атачыўшы ў гэты дзень ксяндза Лявінскага сваімі малітвамі.

Гамілію прамовіў кс. Раман Катлімоўскі, нагадаўшы біяграфію ксяндза прэлата, які праз усе гады існавання гродзенскай семінарыі з’яўляецца яе выкладчыкам. Ксёндз Раман Катлімоўскі ўзгадаў шлях ксяндза Лявінскага да святарства, які не быў лёгкім, і дадаў: “Дзякуем Пану Богу за тое, што на шляху нашага святарскага, законнага і чалавечага жыцця ставіць непаўторных людзей”.

Ксёндз Раман Катлімоўскі назваў юбіляра чалавекам патрабавальным, але з добрым сэрцам, які, патрабуючы ад іншых, ставіць такія ж патрабаванні да сябе самога. “Ксёндз прэлат любіць славіць Бога Ружанцам, Вяночкам да Божай Міласэрнасці, моліцца аб усім, усе справы аддае пад апеку Пана”, – сказаў святар.

У адрас ксяндза Лявінскага прагучала шмат віншаванняў. Ад імя ўсёй супольнасці семінарыі ў Гродне юбіляра павіншаваў рэктар кс. Раман Рачко. Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ад уласнага імя падзякаваў кс. Лявінскаму за ўзор святарства, прыклад для будучых святароў і ўзбагачэнне сваёй мудрасцю і жыццёвым сведчаннем.

На заканчэнне Імшы юбіляр падзякаваў Богу за дар святарства і ўсім людзям добрай волі, якіх сустрэў на шляху святарскага жыцця. Як адзначыў ксёндз прэлат, 35 гадоў свайго святарства ён служыў у Польшчы, а яшчэ 25 гадоў – у Беларусі, а менавіта ў Гродне. “Праз акно ў Сандаміры я шмат гадоў глядзеў на Віслу, якая працякае праз горад. А тут праз акно 25 гадоў гляджу на Нёман”, – дадаў юбіляр.



 

“Дзякую, перапрашаю і прашу”, - гэтыя словы ксёндз прэлат скіраваў да ўсіх прысутных. Святар падзякаваў за ўсё дабро, якое за гады служэння стала яго ўдзелам, прасіў прабачэння і прасіў аб малітве на далейшыя гады, якія Бог для яго запланаваў.

Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня1930 г. у Дзятлаве. Вышэйшую духоўную семінарыю скончыў у Сандаміры (Польшча) і 29 мая 1955 г. з рук біскупа Яна Кантага Лорка прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Пасля шасці гадоў душпастырскай працы быў накіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога абараніў кандыдацкую дысертацыю ў галіне кананічнага права.

З пачатку існавання ВДС у Гродне з’яўляецца выкладчыкам гэтай навучальнай установы, а на працягу некалькіх гадоў выконваў таксама абавязкі яе прэфекта.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.