Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Зарачанцы адбыліся ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя адкрыцця парафіяльнай святыні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.09.2014 22:47

13 верасня 2014 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная; Гродзенская дыяцэзія). Імша была прымеркавана да фацімскага дня і 25-годдзя адкрыцця канфіскаванага ў часы ганенняў касцёла пасля яго перадачы вернікам.

У Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары і вялікая колькасць вернікаў.

Пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк, вітаючы гасцей, адзначыў, што вернікі парафіі хочуць выказаць Богу падзяку за дар парафіяльнай святыні, за яе захаванне, за тое, што пасля пераследу веры ўжо 25 гадоў могуць у ёй маліцца і духоўна адраджацца. Па словах святара, “той, хто дзякуе, у сто разоў больш атрымлівае ад Бога”.

Вернікі парафіі павіншавалі Мітрапаліта з нагоды 25-годдзя біскупскага пасвячэння, пажадаўшы яму на далейшыя гады патрэбных у служэнні сіл.

У гаміліі Мітрапаліт узгадаў пра восень 1989 г., калі пасля доўгіх намаганняў касцёл нарэшце быў перададзены вернікам, пра радасць, якая панавала тады, і пра свой першы візіт у гэтую парафію. Асабліва цёпла іерарх успамінаў, як некалькі кіламетраў дарогі да касцёла былі ўсыпаны кветкамі.

Арцыпастыр адзначыў, што перадача касцёла вернікам – гэта адзін са знакаў ажыццяўлення фацімскага прароцтва аб навяртанні краін былога СССР. Іерарх падкрэсліў той факт, што Бог ніколі не пакідае нас адных і заўсёды прыходзіць з дапамогай. “Так было і ў фатальным 1917 г., калі атэістычны рэжым рваўся на Усход. Тады на другім канцы Еўропы, у Фаціме, аб’явілася Божая Маці з пасланнем народам Расіі і ўсяго свету, - нагадаў іерарх. - Марыя заклікала да малітвы і пакаяння, каб усё было добра. Як пасланніца Божая, Яна добра ведала, што людзі Яе не паслухаюць. Таму Яна прадказала развіццё сітуацыі на Усходзе Еўропы, пераслед веры і адначасова дала новую надзею на адраджэнне веры. Мы з’яўляемся сведкамі раэлізацыі гэтай надзеі, што асабліва бачна ў краінах былога СССР”.

Мітрапаліт узгадаў перэгрынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай з фацімскага санктуарыя ў Расію і Казахстан у 1996-1997 гг., якая, па словах арцыпастыра, стала нацыянальнамі рэкалекцыямі і прынесла багатыя духоўныя плёны. Фігура наведала асаблівыя месцы, такія, як стаянка крэйсера “Аўрора”, стрэл з якога быў сігналам да рэвалюцыі, наступствы якой, як адзначыў іерарх, мы адчуваем да сённяшняга дня; была на Чырвоным пляцы ў Маскве, наведала Волжскі рэгіён, Каўказ, Сібір, Далёкі Усход, Поўнач і Казахстан. Усяго яна прайшла шлях у 60 тысяч кіламетраў.

“Сёння, у час свабоды веравызнання і паступаючага секулярызму, мы павінны задаць сабе пытанне: ці актуальныя фацімскія аб’яўленні? – дадаў арцыбіскуп. - Так, яны актуальныя, бо заклікаюць да малітвы і пакаяння”.

Мітрапаліт нагадаў сабраным вернікам, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі рыхтуецца да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Тры гады падрыхтоўкі прысвечаны малітве, пакаянню і надзеі.

Іерарх заклікаў вернікаў прыслухацца да словаў Марыі з Фацімы і жыць імі, бо гэта “праграма жыцця кожнага хрысціяніна”. Кажучы пра нядаўняе парафіяльнае свята Нараджэння Марыі, арцыпастыр пажадаў прысутным, каб праз заступніцтва Марыі Езус сваёй ласкай нараджаўся ў іх сэрцах.

Перад Імшой вернікі маліліся на ружанцы, а пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол парафіяльнай святыні. Трэба адзначыць, што з прыходам у гэтую парафію новага пробашча кс. Віктара Мыслюка там асабліва распаўсюджваецца культ Маці Божай Фацімскай. 

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.