Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Кожны ў сілах зрабіць свет лепшым»: «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі і фонд «AVE» арганізавалі для моладзі паездку ў Варшаву
Дабрачыннасць
10.10.2013 11:44

У канцы верасня «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі і фонд «AVE» арганізавалі для 15 маладых людзей паездку ў Варшаву, дзе тыя правялі тыдзень са сваімі польскімі сябрамі і мелі магчымасць атрымаць новы каштоўны досвед. За гэты час моладзь не толькі адпачыла, але і даведалася пра шматлікія спосабы таго, як нават адзін чалавек можа змяніць свет да лепшага.

Мы сустрэліся з дзяўчынай, якая арганізавала мясцовы фестываль у адным з раёнаў Варшавы. Тут кожны мог паказаць тое, што ўмее або чым захапляецца. Было праведзена мноства майстар-класаў, сустрэч, канцэртаў і конкурсаў. Мы зайшлі і ў першую прыватную бібліятэку ў Польшчы, дзе няма бланкаў або чытацкіх білетаў: проста можна прыйсці і ўзяць кнігі, якія спадабаліся, або прынесці сюды свае. У такой нефармальнай атмасферы ўсе адчуваюць сябе як дома.

Таксама мы пабывалі на канцэрце з нагоды стагоддзя аднаго з касцёлаў Варшавы. Перад гледачамі выступіў варшаўскі хор хлопчыкаў — адзін з лепшых у Польшчы і Еўропе. Мы сустрэліся і з арганізатарам кінатэатра пад адкрытым небам і чалавекам, які стварыў экспазіцыю, прысвечаную варшаўскаму паўстанню 1944 г. Гэта вельмі цікавыя людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Адным з самых прыемных і захапляльных момантаў стаў рок-фестываль «Dobra strona rocka» («Добры бок року»), на якім маладыя рок-групы маглі прадставіць сваю творчасць. Такіх груп назбіралася ажно 60, і ва ўсіх гэтых людзей была агульная мэта: зрабіць бліжэйшымі жыхароў дома, раёна і нават цэлага горада. Рэалізацыі падобных ініцыятыў мы і вучыліся ў палякаў.

Хоць стомленасць ад такой насычанай праграмы была вялікай, мы зусім не хацелі пакінуць усё і пайсці спаць. Працягам нашых сустрэч стаў заплыў на байдарках. Хоць было даволі холадна, мы былі натхнёныя і не пабаяліся ўзяць у рукі вёслы. Падчас гэтага заплыву, акрамя любавання прыгажосцю наваколля, наша каманда вырашыла зрабіць штосьці сапраўды патрэбнае, і нашай мэтай стала збіранне смецця з ракі. За першы дзень мы сабралі 10 мяшкоў, але не спыніліся на гэтым і зрабілі яшчэ два заплывы.

Своеасаблівым вынікам нашага ўдзелу ў праекце стала газета, артыкулы для якой напісалі мы самі. Тэмамі сталі месцы, якія мы наведалі. Падчас напісання мы маглі кансультавацца з дасведчаным польскім журналістам Рафалам Гжэня, які заўсёды быў гатовы нам дапамагчы.

Пасля такіх паездак пачынаеш разумець, што навакольны свет залежыць ад нас і кожны ў стане зрабіць яго лепшым. Удзельнікі паездкі шчыра ўдзячныя дырэктару дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі Віталію Кульпекшу і фонду «AVE» на чале са старшынёй Барталамеем Уладкоўскім за арганізацыю такога праекту і магчымасць атрымаць бясцэнны досвед.

Раман Алесенкаў

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дабрачыннасць

17.10 18:02«Прыдумай налепку для свечкі»: «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праводзіць конкурс на лепшы дызайн
07.10 16:45Валанцёры «Чыстага сэрца» прынялі ўдзел у запісе перадачы «Для тых, хто дома» на «Беларускім радыё»
01.10 15:11У Івянцы асвяцілі будынак парафіяльнага цэнтра «Карытас»
30.08 11:56«Карытас» правёў у Бабруйску акцыю «Дапаможам дзецям сабрацца ў школу»
24.08 15:55Дабрачыннае таварыства «Карытас» арганізавала для дзяцей адпачынак у Бельгіі
25.07 13:39Аршанскі мясакансервавы камбінат ахвяраваў дзіцячае харчаванне «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
06.04 09:48Дзень «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Астраўцы
06.04 09:15«Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі завяршыў першы этап дабрачыннай акцыі «Святло Міласэрнасці»
28.03 15:27Дабрачынную акцыю арганізавала на Вялікдзень «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі
05.03 17:19Валанцёры «Caritas» і «Віцебскія дзяўчаты» наведалі Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў