Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рознае
Ксёндз прэлат Гжэгаж Каласоўскі. Біяграфія

Гжэгаж Каласоўскі нарадзіўся 12 сакавіка 1909 г. у фальварку Гусінец (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць), быў трэцім з шасці дзяцей у сям’і Эвеліны і Вінцэнта Каласоўскіх. Бацькі выхавалі ў ім глыбокую каталіцкую веру і непарушныя маральныя каштоўнасці. Ахрышчаны ў Новай Мышы ў парафіяльным касцёле Перамянення Пана. Чатырохгадовую адукацыю атрымаў у Грудах, астатнія тры гады вучыўся ў Лясной.

З самага дзяцінства праяўляў цікавасць да касцёльных традыцый, любіў выразаць з дрэва крыжыкі, алтарыкі, каплічкі і заахвочваў сваіх сяброў да малітвы. Гэта былі першыя знакі яго нялёгкага паклікання.

Пасля заканчэння гімназіі ў Баранавічах два гады быў памочнікам муляра падчас будаўніцтва семінарыі ў Драгічыне над Бугам. З 1934 г. па 1939 г. вучыўся ў Пінскай семінарыі, дзе спяваў у семінарыйным хоры. Святарскае пасвячэнне атрымаў 8 красавіка 1939 г. у Пінскай катэдры з рук ардынарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Казімежа Букрабы. Сярод дзевяці кандыдатаў да святарства быў і яго аднакурснік, сённяшні Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк. Прыміцыйную святую Імшу адправіў 16 красавіка 1939 г. у Навасадах (Баранавіцкі раён). Наступная цэлебрацыя Эўхарыстыі адбылася каля падножжа алтара Маці Божай Вострабрамскай у Вільнюсе. 25 красавіка 1939 г. быў накіраваны вікарыем у парафію Божага Цела ў Нясвіжы, дзе працаваў кс. дэкан Кубік. У гэтай парафіі кс. Гжэгаж застаўся да самай смерці, што ў святарскім жыцці вельмі вялікая рэдкасць, бо абавязкі абвяшчэння Евангелля і рашэнні біскупа часта клічуць святароў да змены месца служэння.

Падчас Другой сусветнай вайны трагічна абарвалася жыццё двух з дзевяці святароў-аднакурснікаў кс. Гжэгажа. Ксёндз Адольф Слівінскі, вікарый у Стоўбцах, у самым пачатку вайны быў цяжка паранены і неўзабаве памёр, а кс. Юзаф Барадын разам з пробашчам быў спалены гітлераўцамі ў Налібаках, што недалёка ад Нясвіжа.

17 верасня 1939 г. савецкія войскі ўвайшлі ў Нясвіж. Гэта быў пачатак ганенняў, рэпрэсій і ссылак мясцовых жыхароў і святароў у Сібір. У Нясвіжскім раёне рэгулярна з пятніцы на суботу вывозілі людзей у Сібір (гэтую акцыю называлі «хапун»), перш за ўсё вывозілі інтэлігенцыю. Напамінам пра тыя часы засталіся салдацкія крыжы з датамі пахавання да 1925 г. на гарадскіх могілках У такой атмасферы малады святар распачаў сваю душпастырскую місію. Нягледзячы на небяспеку, кожны дзень дапамагаў матэрыяльна і духоўна тым, хто цярпеў пераслед. Тайна ўдзяляў сакрамэнты хросту, сужэнства і падрыхтоўваў дзяцей да Першай святой Камуніі.

Менавіта дзякуючы намаганням кс. Гжэгажа былі ўратаваны ад вывазу і знішчэння савецкімі жаўнерамі саркафагі Радзівілаў, што знаходзіліся ў крыпце касцёла. Нягледзячы на пагрозу смяротнай кары, яму таксама ўдалося захаваць ад знішчэння касцёльныя рэліквіі, літургічныя прылады, касцёльны звон і арган, што хацелі пераплавіць на зброю.

Падчас знішчэння інтэлігенцыі ў Нясвіжы па плану Хіммлера «Allgemeine Betriedung» («лагоднае заспакаенне») у канцы чэрвеня 1942 г. 80 чалавек трапілі ў турму. Сярод іх былі святары, сёстры законныя, настаўнікі, студэнты, вучні, працаўнікі польскай адміністрацыі, жаўнеры 27-га Нясвіжскага палка ўланаў імя караля Стэфана Баторыя, рамесннікі і земляробы. Ліст асуджаных на смерць быў складзены актывістамі мясцовай адміністрацыі, якія супрацоўнічалі з фашыстамі і мясцовым Volksdeuthe. Таксама і кс. Гжэгаж Каласоўскі трапіў у вязніцу, але цудоўны збег акалічнасцяў уратаваў яго. Вялікі выкуп за яго ўнесла сям’я і даўні знаёмы пан Русак, жыхар Баранавіч. На жаль, 80 жыхароў Нясвіжа, у тым ліку чатыры святары, уначы з 4 на 5 красавіка 1942 г. былі растраляны немцамі ў лесе «Гайкі», каля вёсак Еськавічы і Малева на 11 кіламетры дарогі з Нясвіжа ў Сноў. На гэтым месцы паўстаў помнік.

У 1944 г. падчас франтавых баёў была знішчана верхняя частка купала і цалкам згарэў дах касцёла, але фрэскі не былі знішчаны. Ксёндз Гжэгаж Каласоўскі разам з вернікамі распачаў адбудову пашкоджанай святыні. Ужо амаль праз 6 тыдняў святыня была адноўлена.

У 1945 г. пачалася дэпартацыя, а дакладней перасяленне з Беларускіх земляў у Польшчу. Сям’я святара пакінула беларускія землі (у межах дэпартацыі ў Польшчу). Ён вырашыў застацца ў Нясвіжы, хоць улады, якія займаліся знішчэннем Касцёла ў пасляваенныя гады, спрабавалі пагрозамі і шантажом прымусіць ксяндза пакінуць парафію і выехаць у Польшчу. Пра рашэнне застацца ён паведаміў сваім родным падчас развітання з імі: «Добры пастыр не пакідае сваіх авечак, калі на іх нападаюць воўкі, але абараняе іх. Уцякаюць толькі найміты».

Распачынаецца камуністычны пераслед, барацьба з рэлігіяй. Святара сілай выкідваюць з плебаніі ў гараж, які змяняецца ў сціплае жыллё. Касцёлу пагражае ператварэнне ў атэістычны музей, але кс. Гжэгаж здолеў адрамантаваць святыню і не дазволіў ператварыць касцёл ў музей. З вялікімі перашкодамі былі запрошаны славутыя спецыялісты-рэстаўратары з Масквы, якія аднавілі абраз «Апошняя вячэра», змешчаны ў галоўным алтары. Рэстаўрацыя каштавала вельмі дорага — 33 тысячы рублёў. Ксёндз Гжэгаж таксама стварыў умовы для навучання і патаемна займаўся падрыхтоўкай будучых святароў.

Працаваў у Нясвіжы 52 гады, з’яўляўся пробашчам парафіі і дэканам. Кожную нядзелю распачынаў з удзялення вернікам сакрамэнту пакаяння і паяднання і цэлебрацыі святой Імшы. Астатак дня прысвячаў святарскаму служэнню і наведванню хворых на абшарах дзесяці парафій, у якіх не было святароў. Большасць нясвіжскіх парафіянаў прынялі сакрамэнт хросту з рук кс. Гжэгажа. У іх памяці ён назаўсёды застаўся чалавекам адкрытым, заўсёды гатовым дапамагчы, з лагоднай усмешкай і надзвычайнай пунктуальнасцю.

У 1990 г. у Апостальскай Сталіцы папа Ян Павел ІІ надаў яму ганаровы тытул прэлата.

Апошнія два гады жыцця кс. Гжэгаж вельмі цяжка хварэў і быў спаралізаваны. Пры ім заўсёды былі людзі, якія дапамагалі малітвай і ўчынкам. Сярод іх былі пані Рэгіна і Марыя Рыбалтоўскія. Памёр 6 снежня 1991 г. і пахаваны на парафіяльных могілках у Нясвіжы. На пахаванні прысутнічала шмат людзей: святары, парафіяне, жыхары горада, а таксама яго блізкі сябар праваслаўны святар Дзмітрый Петровіч Хмель. Святую імшу за супакой душы кс. Гжэгажа цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Пасля святой літургіі ўдзельнікі жалобнага набажэнства маліліся аб супакоі для душы кс. Гжэгажа каля яго магілы, што на гарадскіх могілках, а таксама прасілі аб супакоі для душаў іншых святароў, якія працавалі тут, у тым ліку за тых святароў і сясцёр законных з Нясвіжа і з навакольных парафій, якія загінулі падчас войнаў і пераследу.

У 2002 г. ксяндза прэлата нясвіжскія ўлады пасмертна ўзнагародзілі дыпломам «Ганаровага Жыхара Нясвіжа».

2009 год быў абвешчаны ў Нясвіжы Годам ксяндза Гжэгажа Каласоўскага, што было прымеркавана да святкавання 100-годдзя з дня яго нараджэння. 12 сакавіка, у дзень яго нараджэння, у нясвіжскім касцёле Божага Цела адбылася ўрачыстая святая Імша ў яго інтэнцыі. Цэлебраваў літургію кс. дэкан Пётр Шарко, які, распавядаючы пра заслугі гэтага вялікага святара, падкрэсліў, што кс. Гжэгож ёсць і застаецца добрым прыкладам і ўзорам для маладых святароў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона