Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У кантэксце СДМ-2016: пра рэлігійнасць моладзі Беларусі распавялі на міжнародным сімпозіуме ў Кракаве
Беларусь
18.04.2016 13:19

Удзельнікі сімпозіуму з Майнца (Германія)

З 13 па 16 красавіка ў Кракаве ў межах падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі 2016 адбыўся сімпозіум «Моладзь — надзея Касцёла, ці Касцёл — надзея моладзі?».

Даклад на тэму сучаснай рэлігійнасці моладзі ў нашай краіне падрыхтавалі Ганна Тарас з Мінска і Яўгенія Раткевіч з Астраўца.

Яўгенія Раткевіч падчас выступу

Выступоўцы падзялілі сваю працу. Ганна працавала над падрыхтоўкай тэксту рэферата, збіраючы і аналізуючы даныя, а Яўгенія рыхтавала пераклад тэксту на англійскую і польскую мовы, а таксама азнаёміла прысутных з яго зместам.

Ганна Тарас падзялілася сваім досведам у падрыхтоўцы рэферата: «Абіраючы тэму, я хацела, каб яна была ў кантэксце СДМ і добра адлюстроўвала сітуацыю рэлігійнасці моладзі ў Беларусі, мне хацелася як найлепш раскрыць гэтае пытанне для студэнтаў з іншых краін».

Пры падрыхтоўцы рэферата Ганна карысталася афіцыйнымі данымі адносна рэлігійнага стану нашага грамадства паводле Белстату, аналізавала навуковую працу па гэтай тэме з Гомельскага ўніверсітэта, а таксама непасрэдна кансультавалася з супрацоўнікамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Ганна Тарас распавядае пра падрыхтоўку рэферата

«На жаль, — адзначыла Ганна, — апошнія даныя па гэтай тэме можна было ўзяць толькі з 2009 года — гэта даныя, якія былі атрыманы падчас перапісу насельніцтва. На 2016 год актуальных лічбаў не было, бо наступны перапіс насельніцтва адбудзецца толькі ў 2019 годзе.

Рыхтуючы рэферат, я азнаёмілася з рознымі сацыяльнымі тэмамі і даследваннямі па іх, але прац, якія б прадстаўлялі шырокае і поўнае даследванне пытання рэлігійнасці вернікаў Каталіцкага Касцёла, амаль не было».

Тэма рэлігійнасці моладзі і насельніцтва Беларусі каталіцкага веравызнання яшчэ чакае сваіх даследчыкаў, якія б маглі больш шырока і падрабязна прасачыць дынаміку развіцця каталіцкага руху ў Беларусі на сёння.

Падчас сімпозіуму праблемы моладзі ў Касцёле і пытанні значэння Касцёла ў жыцці маладога пакалення прадставілі навукоўцы і студэнты тэалагічных спецыяльнасцяў з Германіі, Румыніі, Славакіі, Украіны, Беларусі і Польшчы.

Асаблівую цікавасць выклікаў даклад Ігнацыя Німпа Цюпоў і Паўла Ауі Ауі — айцоў паўлінаў, якія зараз знаходзяцца ў Кракаве, але паходзяць з Камеруна. На польскай мове, якую вывучаюць каля года, айцы распавялі пра асноўныя аспекты працы Касцёла сярод моладзі ў Камеруне.

Адным з дадатковых пытанняў, на якое адказваў кожны выступоўца, была непасрэдная падрыхтоўка да СДМ-2016.

На сімпозіуме прысутнічала тая моладзь, якая з’яўляецца найбольш актыўнай у гэтай справе ў сваёй краіне.

У вольны ад дакладаў і дыскусій час для ўдзельнікаў былі арганізаваны экскурсіі па Кракаве і ваколіцах з наведваннем Старога горада і Новай Гуты, Лагеўнікаў. Быў зладжаны вечар з вернікамі парафіі, якія «трэніруюцца» прымаць гасцей у сувязі з набліжэннем СДМ-2016.

Каля дома кракаўскай сям’і Роберта Вольскага, сын якога Якуб таксама актыўна ўключаны ў падрыхтоўку да СДМ, як і дзеці многіх жыхароў Кракава і ваколіц, ужо пануе гасцінная атмасфера адкрытасці і радасці, развіваюцца сцягі з сімваламі Дзён моладзі.

Цёплы прыём у сям'і Вольскіх

Ксёндз Мацей Астроўскі, адзін з арганізатараў сімпозіуму з боку Папскага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ у Кракаве, адзначыў, што з набліжэннем даты СДМ усё больш палякаў імкнецца дапамагчы ў гэтай справе, і гэта тычыцца не толькі паасобных жыхароў, але таксама мясцовых і дзяржаўных уладаў. СДМ-2016 будуць своеасаблівай візітоўкай Польшчы для ўсяго свету, таму ўсе зацікаўлены ў тым, каб падрыхтавацца найлепшым чынам.

Ксёндз Мацей Астроўскі

Выступоўцы, якія прадстаўлялі даклад ад нашай краіны, таксама прымуць удзел у СДМ-2016: Яўгенія — як валанцёр, а Ганна — як госць.

Яўгенія Раткевіч: «Гэта будуць асаблівыя СДМ у маім жыцці, бо падчас іх я ўпершыню буду валанцёрам. Я дакладна яшчэ не ведаю ўсіх сваіх абавязкаў, але зараз адбываюцца сустрэчы для валанцёраў у Кракаве, найбліжэйшая з якіх пройдзе на пачатку мая. На ёй я даведаюся пра свае абавязкі больш падрабязна.

Між тым, я ўжо ведаю, што мы будзем валанцёрамі ў Новай Гуце. Я буду валанцёрам у супольнасці “Эмануэль”. Нашая пляцоўка і нашыя імпрэзы будуць у гэтым раёне найперш таму, што гэтая супольнасць хацела быць сярод простых людзей.

Майская сустрэча валанцёраў, на якую мне атрымаецца прыехаць, будзе ўжо чацвёртай і будзе праходзіць пад назвай “Уікенд Міласэрнасці”. Папярэднія сустрэчы валанцёраў былі ў Францыі, Германіі, у польскіх Катавіцах, а зараз сустрэча будзе адбывацца непасрэдна ў Кракаве, каб пазнаёміць валанцёраў з працоўнай пляцоўкай.

Таксама запланавана пятая сустрэча валанцёраў, якая адбудзецца за тыдзень да СДМ і будзе праходзіць у Чэнстахове».

Чаму варта ўдзельнічаць у СДМ?

У адказ на гэтае пытанне Яўгенія падзялілася сваім вопытам удзелу ў папярэдніх Днях моладзі:

«Падчас СДМ, які праходзілі у Кёльне і на якіх я прысутнічала ўпершыню, я адчула сябе часткай Паўсюднага Касцёла.

Яўгенія Раткевіч распавядае пра свае ўражанні ад удзелу ў СДМ у Кёльне

Бачыць католікаў з розных куткоў свету, такіх, як і ты, — гэта супер! Гэты моцны досвед!

І таму, калі ў кагосьці ёсць жаданне, то трэба ехаць, бо Кракаў – гэта вельмі блізка, матэрыяльна гэта магчыма.

Таму сваіх сяброў, моладзь з парафіі я стараюся заахвоціць. Я разумею, што для студэнтаў гэта не так проста, але важнасць і патрэбу ўдзелу моладзі ў такіх сустрэчах павінны зразумець і бацькі, якія б таксама змаглі дапамагчы сваім дзецям.

Калі ты можаш убачыць і спазнаць, што вакол цябе ёсць шмат веруючых людзей, то гэта ўздымае дух і ўзмацняе веру», — кажа Яўгенія, заклікаючы кожнага пастарацца і знайсці магчымасць уласным удзелам і прысутнасцю адчуць моц і еднасць Паўсюднага Касцёла.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.