Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва для асвячэння дня: усе жадаючыя могуць набыць кнігі Літургіі гадзінаў
Беларусь
27.11.2015 14:46

Езус Хрыстус пакінуў сваім вучням загад няспыннай малітвы (пар. Лк 36, 1), а святы апостал Павел, калі прыгадвае пра гэтую неабходнасць заўсёды маліцца, злучае яе з прабываннем у сапраўднай радасці ў Пану (пар. 1 Тэс 5, 17).

Традыцыя хрысціянскай малітвы вельмі багатая, і Касцёл прапануе вернікам вызначаныя рытмы, каб падтрымліваць пастаянную малітву. Крыніцай і вяршыняй усяго хрысціянскага жыцця і малітвы з’яўляецца ахвяра і малітва святой Імшы. Аднак з даўніх часоў у Касцёле існавала афіцыйная малітва Народу Божага, Божы Афіцый, якая адбывалася ў вызначаныя гадзіны. Яна была важным дапаўненнем, пры дапамозе якога таямніца эўхарыстычнай Ахвяры распасціралася і пашыралася на гадзіны жыцця чалавека, асвячала і перамяняла час кожнага дня. Гэта Літургія гадзінаў.
 
Хрысціянская малітва, па сваёй сутнасці, з’яўляецца малітвай усяго чалавецтва, якое Хрыстус яднае з сабой, а малітва Касцёла — гэта малітва Хрыста і Яго Містычнага цела. Таму падчас выканання малітвы Літургіі гадзінаў вернікі распазнаюць свае галасы ў Хрысце, а Ягоны голас — у іх. Пры гэтым тэксты Афіцыя падабраны такім чынам і маюць такую структуру, што здольныя абудзіць ва ўсіх верніках прагненне далучыцца да Божай хвалы, якая гучыць у Касцёле нашага часу, і да хвалы, якую спяваюць у небе святыя і анёлы. Пры гэтым практыка малітвы Літургіяй гадзінаў выхоўвае салодкую і жывую любоў да Святога Пісання, якое з’яўляецца сапраўднай крыніцай усялякай хрысціянскай малітвы і сапраўдным духоўным спажыткам. Праз гэта вернікі вучацца няспыннаму ўшанаванню гісторыі збаўлення і дзейснаму абвяшчэнню таго, што яна працягваецца ў жыцці сучасных людзей.


 
Выкананне малітвы Літургіі гадзнаў узвышае і ўдасканальвае таксама асабістае жыццё кожнага верніка і ўмацоўвае сувязь паміж малітвай Касцёла і малітвай асабістай. Плёнам гэтага з’явіцца тое, што сувязі паміж літургіяй і хрысціянскім жыццём будуць праяўляцца больш відавочна, што кожная гадзіна дня і ночы стане своеасаблівай літургіяй, каб у духу любові аддаваць сябе на служэнне Богу і людзям. Літургія Гадзінаў найбольш выразна і дзейсна пацвярджае найвышэйшую хрысціянскую праўду аб магчымасці далучыцца да дзеяння Хрыста, які праз жыццё сярод вернікаў і праз сваю ахвяру асвяціў жыццё ўсіх людзей.
 
З гэтай прычыны Касцёл выразна заахвочвае маліцца Літургіяй гадзінай усіх вернікаў, а не толькі святароў і тых, хто склаў манаскія абяцанні. Выбраныя часткі Божага Афіцыя могуць цэлебраваць сходы свецкіх вернікаў, якія збіраюцца з малітоўнай, апостальскай ці іншай нагоды. Таксама важна, каб сям’я, як хатні Касцёл, узносячы да Бога супольныя малітвы, пры магчымасці чытала пэўныя часткі Літургіі гадзінаў і дзякуючы гэтаму яшчэ больш злучалася з Паўсюдным Касцёлам. Вялікую духоўную карысць кожнаму верніку прынясе і індывідуальная цэлебрацыя Божага Афіцыя. Варта адзначыць, што і пры індывідуальнай рэцытацыі Літургіі гадзінаў яна не страчвае свайго публічнага характару і плённасці як малітвы Народу Божага.



У апошнія гады Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў здзейснены пераклад на беларускую мову большасці кніг Літургіі гадзінаў, якія выдаюцца дзякуючы падтрымцы Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

Набыць выдадзеныя тамы Афіцыя можна ў каталіцкіх кнігарнях, а таксама праз каардынатара распаўсюджання дадзеных кніг у дыяцэзіях Беларусі бр. Андрэя Жылевіча OFM Cap.
 
Заказ можна зрабіць па тэлефоне: +375 29 616 93 53; або праз e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Паводле kapucyny.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.