Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чыгуначнікі Беларусі на аўдыенцыі ў Папы Францішка: «Беларусь чакае Папу»
Беларусь
23.11.2015 12:34

Каталіцкія чыгуначнікі з Мінска, Гродна, Віцебска, Ліды, Маладзечна, Пастаў, Парэчча ў колькасці 48 чалавек 11 лістапада прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі Папы Францішка на плошчы св. Пятра ў Рыме. Пілігрымка ў Італію была арганізавана з 5 па 14 лістапада пры дапамозе душпастырства чыгуначнікаў.

У паездку чыгуначнікі выправіліся са сваімі душпастырамі: а. Станіславам Станеўскім CSsR (Мінск, парафія Маці Божай Ларэтанскай), кс. Міхалам Бубенам (Маладзечна, парафія Святога Юзафа), кс. Мікалаем Ліпскім (Лучай, парафія Св. Юды Тадэвуша).

Пілігрымы з Беларусі, што былі на плошчы св. Пятра, маглі быць блізка Святога Айца, які меў магчымасць іх заўважыць. Пілігрымы крычалі: «Беларусь чакае Папу!» Пасля афіцыйнай часткі Святы Айцец прымаў падарункі і размаўляў з гасцямі, прысутнымі на плошчы.

Беларуская дэлегацыя ў асобах кс. Міхала Бубена і Алены Янушкевіч — старшыні душпастырства чыгуначнікаў у горадзе Маладзечна — падарыла Папу памятную кнігу аб 150-гадовай гісторыі беларускай чыгункі.

Падчас прабывання ў Італіі пілігрымы наведалі шмат прыгожых мясцін і маліліся ў розных святынях. Сваю экскурсію яны пачалі з Падуі — месца, асаблівым чынам звязанага са святым Антоніем, якога вернікі Беларусі добра ведаюць і часта прыгадваюць у малітвах, калі штосьці згубяць.


Плывучы на пароме, пілігрымы мелі магчымасць палюбавацца каляровай Венецыяй, вядомай прыгожай плошчай св. Марка і мноствам вады, якая ў гэтым горадзе фактычна з усіх бакоў. Таксама яны наведалі санктуарый Маці Божай Ларэтанскай, дзе асаблівым чынам маліліся за ўсе сем’і нашай краіны, каб кожная з іх была моцная Божай ласкай.

Шмат духоўных сведчанняў і радасці дало ўдзельнікам прабыванне ў мясцовасці Сан Джавані Ратонда, якая звязана з вядомым святым Айцом Піо з П'етрэльчыны.

Мноства ўражанняў пілігрымы мелі, наведваючы Вечны горад — цэнтр хрысціянства. Сюды, як пазней казалі пілігрымы, варта яшчэ раз вярнуцца: у Рыме чалавек асаблівым чынам адчувае, які моцны Касцёл, што столькі стагоддзяў прыводзіць людзей да збаўлення.

У Асізі, якая вядомая тым, што там жыў св. Францішак, пілігрымы маліліся за Святога Айца, аб патрэбных ласках у справе кіравання ў Касцёле.


Сваю пілігрымку чыгуначнікі з Беларусі скончылі ў польскай Чэнстахове — ля стоп Чорнай Мадонны. Менавіта там нашы чыгуначнікі разам з пілігрымамі з Польшчы, Славакіі і Францыі далучыліся да XXXII агульнапольскай пілігрымкі чыгуначнікаў.

У духу ўдзячнасці Богу і Найсвяцейшай Маці пілігрымы маліліся за штодзённае служэнне людзям у сваёй прафесіі і прасілі аб мацярынскай апецы на дарогах веры. На Яснай Гары яны маліліся ў інтэнцыі усіх супрацоўнікаў беларускай чыгункі.

Чыгуначнікі з Беларусі, якія прынялі ўдзел у гэтай пілігрымцы, жадаюць ад усяго сэрца падзякаваць усім, хто ўдзельнічаў у яе падрыхтоўцы: Юзафу Дамброўскаму, Вераніцы Вейкшнар, Вользе Эльяшэвіч, Марыне Голубевай, Генрыху Качынскаму і а. Эдварду Пяцельчыцу CSsR за ўкладзеную працу і старанні. Вельмі ўдзячныя яны і за святароў, якія былі разам з пілігрымамі. Як сцвярджаюць удзельнікі пілігрымкі, такія падзеі набліжаюць да Бога і яднаюць людзей.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.