Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Мая гісторыя навяртання»
Беларусь
24.02.2015 12:53

2015 год аб’яўлены ў Касцёле Беларусі Годам навяртання. З гэтай нагоды Сatholic.by распачынае новую рубрыку, у якой будуць змяшчацца гісторыі навяртанняў беларускіх вернікаў.

Ідэя праекта ўзнікла два гады таму, калі яго аўтарка перажывала першы крызіс веры. Не ведаючы, як з гэтым быць, яна звярнулася з малітвай да Бога, і яе думкі перанесліся да моманту навяртання.

Крызіс прайшоў, але засталася прага падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў цемры сёння.

«Гэтую рубрыку распачынаю ўласнай гісторыяй, — зазначае аўтар праекта Кацярына Парыжаская. — Ведаю, як часам складана сведчыць. Але заклікаю: “Не бойцеся!» Не бойцеся распавядаць, як Бог дзейнічае ў Вашым жыцці. Разумею, што гаварыць пра асабістае зусім не проста, таму права падпісваць сваё прозвішча пад матэрыяламі мы пакідаем за аўтарамі».

«Было такое пачуццё, што мая душа нібы вырвалася з цемры»

«Ты Госпад мой, і так было заўсёды, Ты Госпад мой, заўсёды будзе так!» Чатыры гады таму, калі я толькі прыйшла ў Касцёл, гэта быў мой улюбёны спеў. Радкі мелі для мяне сакрамэнтальны сэнс: яны сцвярджаюць, што Бог быў маім Панам, нават і тады, калі я не хацела Яго прымаць. Гэтыя радкі дораць надзею, што Бог не пакіне.

Чатыры гады таму я нічога ведала пра Касцёл, апрача інквізіцыі і крыжовых паходаў, не любіла Бога і не ведала, як выратавацца ад адчаю. Чатыры гады таму я была атэісткай.

Адносіны паміж маімі бацькамі ніколі не было простымі. Аднойчы ж я даведалася тое, пра што дзецям звычайна не гавораць...

Тады ўсё змянілася. Выбухі адчаю, самоты і болю з той хвіліны сталі галоўным стылем майго існавання… І бязмежнага сораму, бо праз год пасля таго дня я трапіла ў грэх, пра які дагэтуль цяжка ўзгадваць. Ад якога не пазбавіцца, не выратавацца ўласнымі сіламі.

Малітва час ад часу прыносіла палёгку, але, не маючы звычкі звяртацца да Бога, па сутнасці не ведаючы Яго, я не магла цалкам ускласці на Яго надзею, аддаць свае праблемы і супакоіцца. Таму мая малітва мела перыядычны характар. І па меры таго, як павялічваўся мой грэх, усё больш авалодваючы душой, яе станавілася ўсё менш і менш.

Пераломным момантам стала кніга Этэль Войніч «Авадзень». Яна настолькі мяне ўразіла, што перавярнула ўсё светаўяўленне. Бо як жа зручна вінаваціць Бога ў сваіх праблемах! А можа, Яго ўвогуле не існуе? Так я стала атэісткай. І душу маю тады агарнула цемра…

Праз год, у красавіку 2011, за кароткі тэрмін я перажыла дзве трагедыі: асабістую і нацыянальную. Пятага красавіка раптоўна памерла бабуля, а менш чым праз тыдзень, адзінаццатага красавіка, здарыўся выбух у мінскім метро. Выбух, у які магла трапіць і я, калі б мы раней сышлі з пар.
Што мяне тады прывяло ў тую маленечкую царкву? Пэўна, толькі воля Божая…

Гэты дзень назаўсёды застанецца ў маёй памяці. Пачынаўся ён, як і заўсёды. Цяжар, што прыціскае да зямлі. Нянавісць да сябе і пякельны сорам. І думкі, думкі, думкі!.. Ад якіх не схавацца, не ўкрыцца. Здаецца, патанаеш у іх, нібы ў моры. І калі, знясіленага змаганнем, цябе прыбівае да берага, апошняя хваля паглынае, і ты захлынаешся, знікаеш без рэшты.

Царква была нязвыкла пустая. Цішыня агортвала мяне. Я стала на калені і пачала маліцца за загінулых у метро (што было вельмі дзіўна для атэісткі). І тут, нібы бліскавіца, прамільгнула ў галаве: «А што я скажу Богу пасля смерці? Як змагу апраўдацца?» У тую хвіліну ў маёй свядомасці адбыўся пераварот. Словы, да якіх раней я была глухая, прайшлі ў сэрца, растапілі каменную абалонку і выйшлі слязьмі.

Нарэшце я зразумела, што Бог так палюбіў, што менавіта для мяне Ён, бязгрэшны і велічны, для мяне, маленькай і нягоднай, сышоў на Крыж, дзе памёр у страшэнных пакутах, каб не загінула я ў сваіх грахах і атрымала жыццё вечнае.

Стоячы на каленях і прамаўляючы  малітву, не заўважала нічога: ні таго, што споўз берэт, ні таго, што цячэ з носа, што твар мокры і што выглядаю смешна. Гэта было не важна. Бо душа так і крычала: «Я веру, веру: Бог мяне любіць!» Было такое пачуццё, што яна нібы вырвалася з цемры, нібы скінула штосьці вельмі цяжкае і зараз купаецца ў промнях. Стала так лёгка-лёгка.

Гэтае пачуццё не пакідала мяне яшчэ доўгі час. Кожную Імшу душа трымцела, і здавалася, што вылеціць з грудзей. Маю душу напаўняла святло.
Мая сяброўка, што навярнулася за паўгады да мяне, прапанавала наведаць касцёл. Спачатку гэта было проста дзеля зразумелай беларускай мовы, затым — дзеля цудоўнага адчування.

Калі ж я зразумела не толькі сэрцам, а яшчэ і розумам, што вучэнне Касцёла — гэта менавіта тое, што я так доўга шукала, я прайшла катэзізацыю і праз паўгады пасля навяртання паспавядалася і прыняла Першую Камунію. Маё навяртанне адбылося чатыры гады таму, у красавіку 2011-га. Гэта быў якраз перыяд Вялікага посту…

К.П.

Ад рэдакцыі: калі вы хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, пішыце на пошту рэдакцыі: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста: мая гісторыя навяртання)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.