Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
7 верасня католікі Беларусі будуць маліцца аб міры ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце
Беларусь
05.09.2013 16:47
Па ініцыятыве Папы Францішка 7 верасня 2013 года аб’яўлены ва ўсім свеце днём посту і малітвы аб міры ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце. У гэтых інтэнцыях у суботу будуць маліцца і католікі Беларусі — адмысловыя набажэнствы пройдуць ва ўсіх катэдральных касцёлах дыяцэзій, а таксама ў іншых каталіцкіх святынях.
 
«Касцёл заўсёды выступаў за мірнае вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў шляхам перамоў, падкрэсліваючы пры гэтым, што насілле не вядзе да міру, а наадварот выклікае новае насілле», — зазначыў у паведамленні курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
7 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле ў 18.30 адбудзецца малітва, якую ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, а затым святая Імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
 
«Верым, што такі хрысціянскі акт малітвы і ахвяры дапаможа канфліктуючым бакам паўстрымацца ад насілля і кровапраліцця, забяспечыць мірную будучыню як для хрысціянаў, так і для ўсіх грамадстваў блізкаўсходняга рэгіёна і ўсяго свету», — звярнуўся да вернікаў Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.
 
«Паводле ўласнай магчымасці, прашу захаваць цялесны пост і скласці Богу свае магчымыя  фізічныя ахвяры. Асаблівым чынам звяртаюся да людзей хворых, каб ахвяравалі свае цярпенні за мір у свеце і аддаленне пагрозы вайны», — скіраваў просьбу да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
 
(JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.