Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Цяжкія старонкі Святога Пісання: хто і калі павінен пакрываць галаву ў Касцёле?
Цяжкія старонкі Святога Пісання
10.03.2017 12:35

Ян цікавіцца наступным урыўкам з паслання да Карынцянаў: «Не магу зразумець, чаму напісанае ў Першым пасланні да Карынцянаў (гл. 1 Кар 11, 4-5) выконваецца ў касцёле часткова: мужчыны ў касцёле заўсёды з непакрытаю галавою, а жанчыны незаўсёды з пакрытаю галавою...»

Перад тым, як адказаць на гэтае пытанне, хочацца звярнуць увагу на мэту Святога Пісання, якая заключаецца ў тым, каб даць нам, сучасным хрысціянам, канкрэтную інструкцыю і прадпісанні на жыццё. Наадварот, Біблія нясе пазачасовую праўду, хоць робіць гэта пры дапамозе сродкаў мовы, стылістыкі, сімвалаў, культуры, якія існавалі на момант з'яўлення натхнёных тэкстаў.

Да таго ж святы тэкст часта сам сябе тлумачыць. Вось хаця б сэнс вершаў, якіх датычыць пытанне, раскрываецца самім Апосталам далей у раздзеле (гл. 1 Кар 11, 6-16).

Але пра ўсё па парадку. Пакрыццё галавы ў традыцыі, якая існавала ў часы напісання Першага паслання да Карынцянаў (прыкладна 54-57 гады н.э.), сімвалізавала падпарадкаванне бачнаму настаяцелю, а ў момант супольнай літургіі ўсе мужчыны супольнасці роўныя. Таліт, якім габрэі пакрываюць галаву падчас малітвы, з’яўляецца ў паслябіблійны час і мае рабінічнае паходжанне. Талмуд звязвае гісторыю таліта з т.зв. цыцытамі («пэндзлікамі») кнігі Лічбаў 15, 39-40, а сэнсам іх будзе напамін пра Божыя запаведзі нават у элементах вопраткі.

Таму, калі сёння мы бачым малітву яўрэя з пакрытай галавой, гэта не значыць, што так было і ў часы Бібліі. Ды і сэнс пакрытай галавы тут іншы, чым у навуцы святога Паўла.

Далей варта падаць аргументацыю самога Паўла. «Мужчына не павінен пакрываць сабе галаву, бо ён вобраз і адлюстраванне хвалы Божай. Жанчына ж — адлюстраванне хвалы мужчыны. Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны. І не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, але жанчына дзеля мужчыны. Таму жанчына павінна мець на галаве [знак] улады над ёю з увагі на анёлаў.

Аднак у Пану няма ні жанчыны без мужчыны, ні мужчыны без жанчыны. Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсё ад Бога. Мяркуйце самі: ці належыць, каб жанчына малілася Богу з непакрытаю галавою? Або ці сама прырода не вучыць нас, што, калі мужчына адрошчвае валасы, то ганьба яму. Але, калі жанчына адрошчвае валасы, для яе гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест пакрыцця. А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы не маем такога звычаю, ні Касцёлы Божыя» (1 Кар 11, 7-16).

Мець пакрытую галаву для жанчыны ў тагачасным грэчаскім полісе фактычна азначала быць жанчынай і не губляць сваёй ідэнтычнасці. У горадзе, жыхары якога былі заможнымі і вялі далёка не цнатлівае жыццё, хрысціяне таксама перажывалі падобныя спакусы. У пасланні мы знойдзем некаторыя формы развязнасці, у якія трапілі прадстаўнікі хрысціянскай супольнасці Карынта: гэта і сужыццё з мачыхамі (1 Кар 5, 1), прастытуткамі (1 Кар 6, 16), гомасексуалізм (1 Кар 6, 9) і іншыя грахі.

Адсюль вынікае вялікае прагненне Апостала вярнуць парадак у паводзіны кожнага з членаў супольнасці, «расстаўляючы» кожнага на сваё месца. Таму можна скажаць, што справа накрыцця галавы другасная, яна, дапамагаючы захаваць знешні парадак, вяртае ўнутраную гармонію, закладзеную самой Божай мудрасцю ў міжчалавечыя адносіны.

Сёння, калі мы бачым у касцёлах мужчын з непакрытай галавой, а жанчын з пакрытай, гэта неабавязкова сведчыць пра скрупулёзнае захаванне ўсіх магчымых правіл, пададзеных у Бібліі. Гэта культура, якая перажывае змены на працягу гісторыі чалавецтва. Вось чаму жанчына не адчувае комплексу, калі прыходзіць на малітву без якой-кольвечы хусткі на галаве, таму што гэта нармальна для сучаснай культуры. Галоўнае, каб знешнімі паводзінамі чалавек не зневажаў у сабе Божы вобраз і падабенства.

кс. Валерый Марціноўскі

Ксёндз Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Цяжкія старонкі Святога Пісання

10.03 12:35Цяжкія старонкі Святога Пісання: хто і калі павінен пакрываць галаву ў Касцёле?
03.03 09:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: калі прыйдзе Валадарства Божае?
30.01 14:51Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог рабіў жорсткім сэрца фараона?
21.01 11:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: грэх супраць Духа Святога не будзе адпушчаны ні ў гэтым веку, ні ў будучым?
17.01 08:54Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму, калі жаніх спазняўся, то паснулі ўсе — і мудрыя, і неразумныя?
09.01 08:06Цяжкія старонкі Святога Пісання: што азначае выраз «Маўчы! Бо нельга ўжываць імя Пана!»
03.12 07:15Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Езус кажа пра тры дні і тры ночы, у той час як у грабніцы Ён быў толькі дзве ночы?
21.11 11:33Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог Старога Запавету прадстаўляецца ў Святым Пісанні жорсткім?
11.11 14:44Цяжкія старонкі Святога Пісання: які пераклад Бібліі больш дакладны?
02.11 12:02Цяжкія старонкі Святога Пісання: дзе знаходзіцца Эмаўс?