Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Прэзідэнт Еўрапарламента: хрысціянства яшчэ шмат можа даць Еўропе
06.04.2017 14:32

«Хрысціянства яшчэ шмат чаго можа даць Еўропе», — адзначыў пасля гістарычнага візіту лідараў Еўрапейскага Саюза ў Ватыкан прэзідэнт Еўрапейскага парламента ў сваім артыкуле, напісаным для італьянскага каталіцкага агенцтва SIR.

Папа Францішак сваім выступам здзівіў тых, хто чакаў або спадзяваўся, што ён згадае іх у сваёй прамове, заўважыў Антоніа Таяні.
«Ён зрабіў куды больш, — напісаў прэзідэнт Еўрапарламента. — Папа хацеў, каб быў дакладна пачуты яго голас пра ідэнтычнасць Еўропы: мы не з’яўляемся, не можам і не павінны быць проста “наборам прынцыпаў, пратаколаў і працэдураў, якіх неабходна трымацца”».

Таяні падкрэсліў, што падчас прамовы Святога Айца ён падумаў пра дзве каштоўнасці, на якіх пабудавана наша цывілізацыя і якія хрысціянства на працягу стагоддзяў узмацняла, абараняла і перадавала: свабоду і месца чалавека ў цэнтры дзеянняў і законаў.

У сваіх разважаннях італьянскі палітык таксама спаслаўся на суботні візіт Папы ў Мілан: «Пасланне, з якім звяртаецца Пантыфік, — гэта не толькі пытанні веры, яно датычыць усіх, хто належыць да іншых рэлігій. Пра гэта сведчыць сустрэча з мусульманскай сям’ёй. Дыялог пераадольвае нецярплівасць і фундаменталізм. Усё гэта паказвае, як шмат хрысціянства яшчэ можа даць Еўропе.

І гаворка ідзе не толькі пра карані, але і пра тое, чым прасякнута наша сучаснасць, і тое, што з’яўляецца ўнёскам у будаўніцтва будучыні», — напісаў Таяні.

Паводле CREDO (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.