Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
334 мільёны хрысціян церпяць пераслед за сваю веру
17.11.2016 12:29

Папскі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» прадставіў у Мадрыдзе даклад аб свабодзе веравызнання ў свеце. Як сведчаць вынікі праведзенага даследавання, радыкальны іслам з'яўляецца «галоўнай пагрозай» рэлігійнай свабодзе, а хрысціянства — рэлігія, якая найбольш пераследуецца ў свеце.

Пра гэты паведамляе aciprensa.com.

Згодна з данымі, больш за 334 мільёны хрысціян жывуць у краінах, дзе пануе пераслед і дыскрымінацыя веруючых у Хрыста.

Даклад аб свабодзе веравызнання ў свеце ахоплівае двухгадовы перыяд — з чэрвеня 2014 па чэрвень 2016. Ён быў прадстаўлены дырэктарам Папскага фонда «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» Хаўерам Менендэсам Росам разам з іерархам сірыйскага горада Хомс арцыбiскупам Хеанам Абда Арбачам.

Насамрэч у 38 са 196 прааналізаваных краін людзі падвяргаюцца гвалту, у 23 — пераследу за рэлігійныя погляды, у 15 — дыскрымінацыі.

«Кожны трэці ў свеце жыве ў краіне, дзе няма свабоды веравызнання», — заявіў Менендэс. Ён адзначыў, што «без рэлігійнай свабоды не можа існаваць сапраўднай свабоды, а іншыя свабоды абмяжоўваюцца».

Паводле aciprensa.com, краіны з найбольшым узроўнем пераследу — гэта Афганістан, Сірыя, Паўночная Карэя, Ірак, Нігерыя, Сірыя і Самалі.

Дырэктар Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» сцвярджае, што хрысціянства з'яўляецца рэлігіяй, якая найбольш пераследуецца ў свеце, бо кожны шосты хрысціянін жыве ў краіне, дзе яго вера пераследуецца.

У тым, што датычыць апошніх нападаў на свабоду веравызнання ў Іспаніі, сярод якiх зневажанне месца малітвы, крадзяжы Найсвяцейшага Сакрамэнту, знявага рэлігійных святаў, Менендэс адзначыў, што сітуацыя ў краіне павінна ўспрымацца ў кантэксце іншых нацый Еўропы, паколькі «гэтыя рэчы адбываюцца таксама ў іншых дзяржавах».

Было падкрэслена першаснае значэнне свабоды веравызнання ў свеце, бо гэта з’яўляецца фундаментальным правам, замацаваным у 18 артыкуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Пераклад з iспанскай мовы Кацярыны Сапожнiкавай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.